36 пытанняў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага - страница 4



Немалую ўладу ў ВКЛ мела вялікая княгіня Бона Сфорца, з італьянскага роду, прадстаўнікі якога былі мецэнатамі вялікіх людзей мастацтва, у прыватнасці, самага знакамітага мастака ўсіх часоў – Леанарда да Вінчы.

Бона, не з'яўляючыся манархам фармальна, аказвала значны ўплыў на жыццё краіны. Гэтая прадпрымальная жанчына здолела зарабіць у Літве вялікія грошы, дзякуючы сваім добрым эканамічным рэформам.

Падобная прадпрымальнасць і ўплыў Боны на палітыку яе мужа Жыгімонта I і сына Жыгімонта Аўгуста настолькі не падабаліся літоўскім і польскім магнатам, што благая слава трымалася і праз 82 гады пасля смерці каралевы, калі ўплывовы польскі вяльможа і князь Свяшчэннай Рымскай імперыі Каспер Дэнгаф называў каралеву польскую і вялікую княгіню літоўскую Цэцылію Габсбург «бонкай», гэтым намякаючы на жаданне Цэцыліі мець рэальную палітычную ўладу, падобна Боне Сфорцы.

Такім чынам, як не цяжка заўважыць чытачу, кампанія літоўскіх манархаў адрознівалася значнай разнастайнасцю і ў ёй прысутнічалі надзвычай цікавыя асобы.

Адкуль паходзіла дваранства Вялікага княства Літоўскага?

Не варта забывацца і на магутную арыстакратыю, тым больш што ў ВКЛ рана акрэслілася тэндэнцыя да абмежавання ўлады манарха.

На момант напісання гэтай кнігі, у артыкуле пра русінаў (Rusenai) літоўскай вікіпедыі знаходзіцца тэкст, які паведамляе, што продкі беларусаў амаль не ўплывалі на палітычныя працэсы Літвы да XVI стагоддзя, калі славянскія, паводле паходжання, магнацкія роды ВКЛ выйшлі на лідзіруючыя пазіцыі. Падобныя сцвярджэнні ўсё яшчэ папулярныя ў літоўскай гістарыяграфіі. Іх, аднак, можна лёгка абвергнуць дакументамі.

Яшчэ ў часы Міндоўга адзін з яго ваяводаў, паводле Галіцка-Валынскага летапісу, носіць славянскае па гучанні імя Хвал, хаця варта адзначыць, што імя, тэарэтычна, магло набыць больш славянскую форму дзякуючы славянскім складальнікам хронік.

Аднак без усялякага сумнення Афанасій Канстанцінавіч з Разані, які знаходзіўся ў ліку паплечнiкаў літоўскага манарха, належаў да славян, што яшчэ раз сведчыць на карысць рознай этнічнай прыналежнасці членаў ягонай світы.

Вядома, што продкі беларусаў, наваградскія і пiнскія феадалы, падтрымлівалі Войшалка падчас устанаўлення ягонай улады ў Літве.

ГВЛ апавядае:

«Войшалк, пайшоў з пінчукамі да Навагародка, і адтуль, узяўшы з сабою наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць».

Галіцка-Валынскі летапіс таксама згадвае хрысціянскае хрышчэнне братоў Тройдзеня, які кіраваў Літвой пасля Шварна. Наўрад цi пры такой сур'ёзнай прысутнасці хрысціянскіх валадарооў у жыцці Літвы, улада абыходзілася без славянскіх арыстакратаў, хоць скупасць крыніц абцяжарвае рэканструкцыю этнічнай карціны верхняга эшалона эліты ВКЛ, якое шчэ толькi зараджалася.

У часы Гедыміна яго найбольш адораным палкаводцам быў русінскі князь, вядомы як Давыд Гарадзенскі. Традыцыйная, але надзвычай слаба абгрунтаваная версія, прыпісвае Давыду паходжанне ад пскоўскага князя Даўмонта, хоць больш верагодна, што ён быў нашчадкам гродзенскіх князёў ці баяраў.


Давыд Гарадзенскі. Карціна аўтара.


Удзельнымі князямі-васаламі вялікага князя літоўскага працягвалі заставацца хрысціянскія ўладцы, што, як мяркуецца, паходзілі з дынастыі Рурыкавічаў, напрыклад, князь Васіль з Мінска.

Даследчыкі могуць даволі ўпэўнена рэканструяваць склад дзяржаўнай эліты ВКЛ у часы Вітаўта.

У XIV – XV стагоддзях Літвой сапраўды кіруюць шматлікія прадстаўнікі балцкіх родаў, такіх як Манівіды, Гаштольды, Кезгайлы.