Аб вечным. Запіскі эзатэрыка - страница 4



Вы ўсё яшчэ лічыце, што зло ў тым сэнсе, які мы ўкладваем у гэта паняцце, існуе?

Тады звернемся да супрацьлеглага паняцця – дабра. Вы заўважылі, што ваш знаёмы вам хлусіць. Сказаць аб гэтым – значыць зрабіць яму непрыемна, а рабіць іншым непрыемнасці тое ж, што рабіць зло. Калі ж прамаўчаць, гэта прынясе ілгуну задавальненне. Адчуваць задавальненне прыемна, добра. Вы сапраўды думаеце, што зробіце добра, калі прамаўчыце? «Такога дабра нам не трэба».

Зробім высновы.

Атрымліваецца, што зло прычыніць немагчыма ў прынцыпе.

Можна зрабіць іншаму балюча, але гэта будзе азначаць толькі тое, што ён меў патрэбу ў болі для ачышчэння або для штуршка ў развіцці. Часта бывае складана адшукаць больш дзейсны лекавы сродак, чым боль.

Можна выказаць у адносінах да іншага агрэсію. Але гэта будзе азначаць, што агрэсія ўжо жыла ўнутры яго самога, а ваш выбух гневу з'явіўся толькі яе адлюстраваннем.

Можна яшчэ шмат чаго зрабіць, як добрага, так і лекавага, але пры гэтым не трэба забываць, што ты не толькі адлюстравальнік унутранага свету іншых, але і іншыя з'яўляюцца адлюстравальнікамі твайго ўнутранага свету. Так, прыносячы камусьці боль, ты тым самым даеш магчымасць яму самаўдасканаліцца, але ў той жа час ты праяўляеш у адносінах да яго агрэсію, а гэта значыць, што пэўныя разбуральныя сілы дзейнічаюць унутры цябе і, як вынік, яны абавязкова прыцягнуць да цябе крыніцы болю накшталт таго, што ты прычыніў у адносінах да іншых.

Таму карысней «лячыць» любоўю. І калі ты паўстаў перад выбарам: зрабіць балюча іншаму або горш сабе (калі разумееш, што без ахвяры не абысціся), то што б ты не выбраў, зрабі гэта з любоўю ў сэрцы.

Такім чынам, дабро толькі тады дабро, калі яно падштурхоўвае атрымліваючага дабро да развіцця, дакладней, да станоўчага развіцця. Нават калі яно пры першасным разглядзе будзе ўспрымацца атрымальнікам як зло.

Тут узнікае іншае пытанне: калі дабро і зло ўмоўныя паняцці, то што значыць станоўчае развіццё?

Чалавек, які нараджаецца на гэтым свеце, абавязкова будзе развівацца, ён вымушаны гэта рабіць да таго часу, пакуль жыве. Таму што жыццё – гэта рух. Рух – паняцце вектарнае, рухацца можна толькі ў накірунку, а значыць, і развівацца можна рознабакова, у тым ліку, знешне і ўнутрана, павярхоўна і глыбока, аж да поўнага разбурэння або, наадварот, станаўлення чалавека як асобы. Стаць сталым чалавекам – галоўная мэта станоўчага развіцця. І дабро, і зло выступаюць у якасці аднолькава неабходных (усё залежыць ад тэмы і мэты ўрока) сродкаў для таго, каб мы сталі дарослымі людзьмі.

Значыць, Бог не з'яўляецца прычынай дабра або зла, прычына ў нас саміх – ва ўнутранай неабходнасці (у настойлівай патрэбе) дасягнуць самадастатковасці як галоўнай рысы сталага і станоўчага чалавека.

Бог з'яўляецца крыніцай і таго, і другога. Бог спрадвеку валодае абедзвюма характарыстыкамі. Пакуль дабро і зло ўтвараюць адзінае непадзельнае цэлае – гэта якасць, я б назвала яе благам (у рускай мове ўвасабляючым дабро, а ў беларускай зло) будзе божай якасцю. Як толькі мы пачынаем драбіць адзінае блага на дзве супрацьлеглых катэгорыі – дабро і зло – яны становяцца нам па-чалавечы зразумелымі, але перастаюць быць Богам.

Мы ўвесь час спрабуем пазнаць Бога праз параўнанне ўласцівых яму супрацьлеглых якасцяў. Паспрабуйце зразумець яго праз адчуванне адзінства супрацьлегласцяў. Зазнайце ўласным пачуццём сэнс слова блага (двухмоўны варыянт). Еднанне хутчэй наблізіць вас да разумення Адзінага, чым раз'яднанне.