Аб вечным. Запіскі эзатэрыка - страница 7



Я не выпадкова выкарыстала ў сваёй споведзі слова раней. Зараз я так не раблю, а калі хаджу да каго-небудзь на ўрокі, то толькі з адной мэтай – навучыцца чамусьці новаму, адзначыць для сябе найбольш цікавыя моманты і эфектыўныя метады і прыёмы работы, якія потым выкарыстаю ў сваёй навучальнай практыцы, і, безумоўна, дзеля таго, каб сказаць настаўніку, не пашкадаваўшаму часу і нерваў на падрыхтоўку да адкрытага ўрока, вялікі дзякуй. Думак аб крытыцы больш нават не ўзнікае. Чаму? Таму што самаацэнка падрасла да ўзроўню адэкватнай, і разам з тым знікла патрэба камусьці штосьці даказваць. Існуюць толькі два крытэрыі паспяховасці прайшоўшага ўрока – пачуццё ўнутранай задаволенасці і ззяючыя радасцю вочы дзяцей. Іншых паказальнікаў няма.

«Не судзі, ды не судзімы будзеш». Чаму не варта крытыкаваць тым, каму рабіць гэта так хочацца? Таму што, па-першае, «як гукнеш, так і адгукнецца», а па-другое, «не плюй у калодзеж, спатрэбіцца вады напіцца». Звесці дзеянне прыказак да мінімуму можна толькі ў тым выпадку, калі крытыка прадыктавана не жаданнем вынайсці недахопы, а яго адсутнасцю. Інакш кажучы, крытыка толькі тады можа быць прадуктыўнай, калі яна не суправаджаецца пачуццём патаемнай асалоды ад прыніжэння табой іншага чалавека (і адпаведна ўзвышэння сябе). Такім чынам, крытыкуючы без удзелу эмоцый, дакладней, з добрых пабуджэнняў (не тых, якімі выбрукавана дарога ў пекла), мы пажнем пасеянае лягчэй, але пажнем абавязкова: асуджаючы суседа зверху, вы самі рызыкуеце стаць аб'ектам плётак суседкі знізу.

Вернемся да пытання: наколькі карысна крытыка?

Неаднаразова чула ад маладых настаўніц:

– Сёння на ўрок прыходзіла намеснік дырэктара. Гэта ўжо не першы раз. Яна бывала ў мяне, так што я добра ведала, што яна хоча ўбачыць. Я паказала ёй тое, што ад мяне чакалася, і ўрок прайшоў паспяхова.

– Табе пашанцавала. А вось да мяне дырэктар прыходзіла. У яе вышэйшыя запатрабаванні, трэба больш паказваць і іншае.

Далей, мяркую, можна не працягваць дыялог. Які з яго напрошваецца вынік? Чаму навучыліся, чакаючы крытыкі і намагаючыся паменшыць яе колькасць, дзяўчаты? Падладжвацца пад меркаванне крытыка, прытрымлівацца моды, падпарадкоўвацца поглядам натоўпу. Як вы думаеце, такога роду «гнуткасць» будзе спрыяць творчай самарэалізацыі асобы? Адкажыце на гэта пытанне, і праблема мэтазгоднасці выкарыстання крытыкі больш не будзе перад вамі стяць. Шчыра адкажыце!

Між тым, парады і рэкамендацыі даваць можна, але лепш у выпадку, калі вас аб гэтым просяць або калі вашым меркаваннем цікавяцца. Адказваць жа на пытанні, якія не прагучалі, мае сэнс моўчкі.

Аб веры

Вера – гэта ўпэўненасць у кімсьці-чымсьці. Такое азначэнне веры мы знойдзем у слоўніку. А што такое ўпэўненасць? Гэта цвёрдая вера ў каго-што-небудзь. Атрымліваем замкнёны ланцужок даваемых адно праз адно азначэнняў: вера ёсць упэўненасць, упэўненасць ёсць вера. Таўталогія! Лепш сказаць па-іншаму: упэўнены (у-вере-нный) у сабе чалавек – той, які мае ўнутры сябе веру. Тады зноў жа ўсплывае на паверхню пытанне: што такое вера?

Разбяром слова па складах: ве-ра, дзе «ве» паходзіць ад слова веды, ведаць, а «ра» ад Ра.

Ра – бог сонца, ра – старажытны корань слова радасць. Такім чынам, вера – гэта, па-першае, веданне сонца, бога-сонца, а па-другое, веданне радасці. Або: каб стаць шчаслівым – зведаць радасць (тую, якую Ра дасць), трэба пазнаць Бога.