Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - страница 12
Кожная назва ў Эвангельлі не зьяўляецца выадковай і адлюстроўвае розныя асьпекты сьвята. Так «Ачышчэньне» азначае выкананьне Закону Майсеевага, бо Закон прадпісвае жанчыне, што нарадзіла хлопчыка, сорак дзён ачышчацца ад «крыві», а потым адразу прынесьці щ храм ахвяру за сваё ачышчэньне.
Тут важна разумець, што жанчына ачышчаецца не ад нараджэньня, а менавіта ад крыві, якая суправаджае гэтую падзею, бо само па сабе нараджэньне дзіцяці ёсьць заўсёды чыстым і блаславёным. Кроў і пакуты, якія яго суправаджаюць, ёсьць знакам праклёну, які Бог наклаў на Еву за непаслушэнства і патрабуе ачышчэньня. Багародзіца была пазбаўленая гэтага праклёну паводле Божага Провіду.
Нараджэньне Хрыста было падобным да таго, як Ён пасьля Ўваскрэсеньня прыйшоў да вучняў праз зачыненыя дзьверы, так і тут не парушыў дзявоцтва Сваёй Маці. Але Яна прыйшла ў Храм, каб выканаць Закон, хаця не мела ў гэтым патрэбы. Яна прынесла ў Сьвятыню Таго, хто выбавіў Яе ад граху і праклёну – Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста.
У 1982 годзе пошта краіны Антыгуа і Барбуда надрукавала на марцы рэпрадукцыю карціны Рафаэля «Ахвяраваньне ў храм»
«Ахвяраваньне» – таксама выкананьне Закону Майсея. Паводле яго мужчыны з калена Левія прызначаліся на службу ў Храме, а сваіх першынцаў ізраільцяне павінны былі выкупляць. Тое самае зрабіў і Язэп: ён прыйшоў у Храм, каб выкупіць Сына, але адначасова «пасьвяціць яго Госпаду» – значыць аддаць Богу назаўсёды і поўнасьцю. Выкананьне Закону было знакам дасканалай паслухмянасьці Богу. Як няпослух старога Адама прывёў да праклёну, так паслухмянасьць новага Адама – Хрыста – сталася збаўленьнем для людзей, пачаткам іх новай гісторыі жыцьця. І, у рэшце, гэтае сьвята ёсьць «Сустрэча». Збавіцеля не распазнаюць сьвятары, высокапастаўленыя служкі храма… Дзіцятка Ісуса сустракае Ганна-прарочыца. Канешне, яна чакала Збавіцеля, ведала, Хто такі Мэсія, пазнала Яго ў выглядзе Дзіцятка на руках Марыі. Але не толькі пазнала, а як сапраўдная прарочыца распавяла пра Яго ўсім, хто чакаў збаўленьня ў Ерусаліме. І ў гэтым ёсьць прыклад для нас. Каб нам, калі мы пабачылі Бога ці ў асабістай сустрэчы, ці ў Сьвятым Пісаньні, ці ў Эўхарыстыі, ці ў Таямніцах Царквы, не стацца падобнымі да сьвечкі, якую схавалі пад пасудзінай, але наадварот – асьвятляць пакой – засьведчыць і прапаведаць Бога сьвету і тым, хто «чакае збаўленьня».
«Ахвяраваньне ў храм». Выява карціны Фра Барталамеа (Fra Bartolommeo) на блёку пошты Гаяны (1994 г.)
Самая ж сьветлая, напоўненая надзеяй сустрэча з Госпадам – у Сымона. Старэнькі сьвятар, які помніць яшчэ часы Юды Макавея, прыняў на свае рукі Бога. У час сваёй маладосьці, чытаючы Сьвятое Пісаньне, ён патрапіў у непаразуменьне ад словаў прарока Ісаі, які кажа: «… вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына.» Традыцыя расказвае, што ён падумаў, што гэта памылка: «Дзева зачне і народзіць». Сымон узяўся было сьцізорыкам сьцерці «Дзева», каб выправіць на «жанчына», але яго спыніў анёл Божы, які і пацьвердзіў праўдзівасьць напісанага, і прадказаў яму, што ён не памрэ, пакуль не пабачыць Мэсію.
Надышоў гэты шчасьлівы дзень. Сымон убачыў Хрыста. І што ён кажа да Бога? «Цяпер адпускаеш, Уладар, слугу Свайго ў супакоі…“, бо ён пабачыў збаўленьне сьвету, Сьвятло для прасьвятленьня ўсіх народаў. Сьмерць з гэтага моманту не так пужае, бо за змрокам – сьвятло і супакой.
Шчасьлівы дзень Сымона старца. «Ахвяраваньне ў храм» на блёку пошты Ніуэ (1989 г.). Выява карціны Рэмбрандта