Эксгумацыя - страница 15



Лейтэнантава трывога быццам перадалася сяржанту.

– Стой, дзед! – рэзка скамандаваў ён i, калi ссутуленая постаць спынiлася, скоса зiрнуўшы на ўсхваляванага начальнiка, выдыхнуў: – Кругом!

Адна смертаносная чорная руля ўперлася Нямцову ў грудзi, другая ў жывот. Ад гэтага дотыку гаспадар хаты знерухомеў, халодныя, лiпучыя мурашы хваляй прабеглi па спiне, перахапiла дыханне.

– Стаў газнiцу на падлогу, – працягваў камандваць сяржант.

Нямцоў няспешна, па-старэчы крактануў, паставiў лямпу i, перасiльваючы сябе, паблажлiва ўсмiхнуўся:

– Што гэта вы, хлопцы, раптам замiтусiлiся?

– Пагавары ў мяне… – сяржант балюча тыцнуў руляй карабiна Нямцову ў жывот. – Ураз у распыл…

– Цяпер рукi ўгору i два крокi да сцяны, – урэшце ўспомнiў пра свой начальнiцкi абавязак лейтэнант i, калi Нямцоў падпарадкаваўся, кiўнуў сяржанту: – Абшукай.

– Ха-ха-ха! Кулямёт у штанах! – нервова рагатнуў царкоўны стараста, i гэты грудны смех быў больш падобны да рыку загнанага ў пастку звера.

«Пяць гадоў iшоў сюды, – адчайна шукаючы выйсця, думаў Нямцоў. – Перажыў усё, што толькi можа вынесцi чалавек. Вужом круцiўся, лiсiцай звягаў, абы толькi выжыць i дайсцi. I на табе, у апошнi момант гэтыя зялёныя смаркачы тыцкаюць зброяй… Патрапiлi б вы да мяне гэтак гадоў дваццаць таму, я б вам паказаў, дзе ракi зiмуюць… А Пурхiневiч маладзец, перад смерцю не схлусiў… Эх, каб не была хата акружана, я гэтых смаркачоў разарваў бы рукамi, жылы б выцягнуў… Але супакойся, вазьмi сябе ў рукi, яшчэ не ўсё згублена, нiчога на мяне няма… Прыкiдвайся i ўлагоджвай, чакай зручнага моманту, глядзiш, Божа i не пакiне… Адных сутак не хапiла… Учора трэба было даваць лататы, у-чо-ра!..»

Если вам понравилась книга, поддержите автора, купив полную версию по ссылке ниже.

Продолжить чтение