Как мне обидно за тех, кто был всем… Сказ о кризисе России в 90-х годах. Часть первая - страница 2
Падсумоўваючы, неабходна адзначыць, што новыя медыя сёння згубілі патэтычны пафас блогерства як пазасістэмных тактычных медыя і трансфармаваліся ў дадатковыя прылады для нарцысізму і дэманстратыўнага спажывання. Крытычнае мысленне і абмеркаванне сацыяльных праблем паспяхова пераўтварылася ў пагоню за павелічэннем колькасці паспісчыкаў, спробамі хайпануць і зрабіць папулярным уласны хэштэг.
Мем як адзінка культурнай інфармацыі
Андрэй Багданаў
Калі мы сёння кажам «мем», то маем на ўвазе нейкую медыяз'яву, у нашай свядомасці ўнікае пэўны шэраг устойлівых асацыяцый («вжух», «законом не запрещено», «болотный школьник» і інш.)7.
Эвалюцыя рэвалюцыйнага падыходу
Аднак сама ідэя мема была прапанаваная яшчэ сорак гадоў таму вядомым біёлагам, эвалюцыяністам і папулярызатарам навукі Рычардам Доўкінзам (Richard Dawkins). У сваёй культавай кнізе «Эгаістычны ген» Р. Доўкінз выказаў меркаванне, што ўся культурная інфармацыя, накопленая чалавецтвам за ўсю гісторыю існавання, складаецца з самых простых адзінак, якія ён назваў «мемамі», ці «мімамі» (ад грэц. μίμημα – «падабенства»), і па аналогіі з біялагічнай інфармацыяй, якая, як вядома, закадаваная ў генах. І падобна генам, мемы прыдатныя да рэпрадукцыі, мутацыі, селекцыі і праходжання праз натуральны адбор8.
Р. Доўкінз піша, што мемы (як гены) – гэта так званыя рэплікатары (replicators), ці малекулы, здольныя ствараць уласныя копіі. Канцэпцыя рэплікатара ў адносінах да сацыяльна-культурных працэсаў мае ў сваім падмурку аналогію паміж механізмамі перадачы генетычнай і культурнай інфармацыі. Мемы здольныя да рэпрадукцыі і памнажэння як кантралявана, з дазволу свайго носьбіта (чалавека), так і абсалютна самастойна. Для выжывання мема як адзінкі неабходная наяўнасць сама мала аднаго носьбіта, а для паспяховага размнажэння мема было б добра, каб гэты носьбіт прыкладаў пэўныя намаганні для яго распаўсюду. Таксама паспяховае ўзнаўленне мема залежыць ад культурнага асяродку, які яго атачае, і ад непасрэднага зместу інфармацыі, якую ён утрымоўвае. Узаемадзейнічаючы паміж сабой, мемы ўтвараюць камбінацыі, змяняюцца, падзяляюцца, ствараючы такім чынам новыя мемы. Асноўным рэсурсам, неабходным для памнажэння мемаў, з'яўляецца чалавечы розум, у працэсе барацьбы за які слабыя мемы гінуць, а моцныя становяцца яшчэ больш магутнымі – гэта і ёсць натуральны адбор у меметыцы9.
З«яўляючыся па сваёй сутнасці інфармацыяй, мем, тым не менш, адрозніваецца ад яго большым функцыяналам і самастойнасцю ў паводзінах. У аснове доўкінзаўскага разумення мемаў ляжыць канцэпцыя У. М. Бехцерава пра вірусы (мікробы), «якія, падобна сапраўдным фізічным мікробам, дзейнічаюць усюды і паўсюль і перадаюцца праз словы і жэсты навакольных асоб, праз кнігі, газеты і інш.»10
Доўкінз вылучае вертыкальны і гарызантальны шлях перадачы мемаў. Вертыкальны – калі мемы перадаюцца ад чалавека чалавеку «ў спадчыну» (ад бацькоў, настаўнікаў, аўтарытэтаў – у вербальнай форме, а таксама праз кнігі і іншыя культурныя артэфакты). Гарызантальны шлях распаўсюду мемаў (мелодыі, фразеалагізмы, мода і іншае) мае месца, калі ўзаемадзеянне адбываецца паміж асобамі, якія належаць да адной генерацыі. Часта аб'яднанне мемаў прыводзіць да з'яўлення больш складаных мемаў ці мемплексаў (memeplex). Добрым прыкладам мемплексаў (за пэўнымі абмежаваннямі) могуць быць рэлігійныя дагматы і палітычныя дактрыны. Уласна кажучы, сам Р. Доўкінз у сваёй працы «Бог як ілюзія» падрабязна займаецца дэканструкцыяй рэлігійных мемплексаў на прыкладзе хрысціянства. На яго думку, хрысціянскі мемплекс мае сваёй асновай мемы (калі так можна казаць) граху, малітвы, уваскрашэння, жыцця пасля смерці, а ў якасці знешніх праяў выкарыстоўваюцца мемы сакральных рытуалаў, кананічных святаў і інш.