Мястэчка - страница 14
– Гэта не яна хутка, – прагаварыла Таня, – а мы марудна.
Вучні дружна ўсталі, калі Марыя Пятроўна зайшла ў кабінет. Селі, калі настаўніца сесці дазволіла.
– Што з тварам, Кот? – гэта яна Пінокіа. Кот – яго прозвішча. Шчака ў хлопца раздулася, але, хутчэй за ўсё, ад пракладкі, няўмела ўсунутай у рот. На шчацэ следу ад Хвалеева кулака не застанецца, зачэпленая губа будзе некаторы час гаіцца, але там таксама амаль непрыкметна.
– Упаў, – падняўся Пінокіа. – Спатыкнуўся і ўпаў, – дадаў.
– Каго выгароджваеш, Коля? – не паверыла Марыя Пятроўна.
– Хіба я ўпасці не магу? – задаў Пінокіа пытанне настаўніцы.
– Чаму ж, можаш, – пагадзілася Марыя Пятроўна. – Аб чый кулак спатыкнуўся? – раптам стрэліла словамі ў лоб. Коля аж разгубіўся.
– Чаго вы яго зневажаеце? – зноў уступілася за юнака Даша з месца. – Ён, можа, як рыцар паступіў? Ці вы думаеце, што кволыя акулярыкі не здольныя на рашучыя дзеянні? Патураеце розным Хвалеям… у якіх… адна звіліна ў мазгу, і тая крывая.
– Белая, не трэба нервавацца, – асекла дзяўчыну Марыя Пятроўна. – З табой што? Паглядзі на сябе. На смерць падобная з фільмаў жахаў. Як цябе бацькі з дому выпусцілі ў такім выглядзе?
– Прывыкайце, – заявіла Даша. – Цяпер смерць будзе прыходзіць у школу кожны дзень, акрамя выходных.
– Што ты нясеш, Белая? – фальшыва ўсміхнулася Марыя Пятроўна, хібна прыняўшы вучаніцу за псіхічна-нездаровую, магчыма, часова. Трэба пачакаць да заўтра, а затым рабіць канчатковыя і рашучыя высновы. – Так, – рашылася на нейкія меры, – мне надакучыў гэты балаган. Вас хто-небудзь бачыў з настаўнікаў? – спытала.
– Дзядзька Пеця бачыў, – адказала Таня.
– Ну, дзядзька Пеця не ўлічваецца, – адмахнулася Марыя Пятроўна. – Вось што, ідзіце-ка вы па хатах. Я вас адпускаю. Заўтра спадзяюся ўбачыць вас ранейшымі і здаровымі.
Дзяцей як вецер знёс. Калі такое было, каб Марыя Пятроўна кагосьці адпускала з урокаў?! Яны не марудзілі ні секунды. Раптам раздумаецца. Да таго ж з урокаў па панядзелках – адно фуфло. Фізра, хімія, русліт, алгебра, фізіка, факультатыў па фізіцы.
Але што рабіць? Куды падацца? Такая рань яшчэ. Да Паўлоўской не сунешся: там бабуля – зацятая кансерва. Яна нават музыку, якая ўнучцы падабалася, не дазваляла слухаць, абзывала яе, гэта значыць музыку, казліным бляяннем і какафанічным вэрхалам. А яшчэ паздзірала постары з Мэрлінам Мэнсанам, Ларсам Ульрыхам і Цоем са сцен над Таніным ложкам. Сказала, што рана ёй на мужыкоў заглядацца, ды яшчэ замежных, ды яшчэ страшных такіх. Вось павесіла б партрэты Талкуновай, Ганны Герман, Марыны Капура, Лешчанкі, Ратару. І песні ў іх выкананні б слухала, а не бязглуздзіцу варожую. Для яе ўсё замежнае і ўсе замежнікі – ворагі. Асабліва немцы. Ну гэта зразумела. Аднак яна адмаўляла і ўсе астатнія нацыі, акрамя рускай. Па тэлевізары глядзела толькі расійскія серыялы і толькі расійскія навіны, беларускія навіны на рускай мове. Прэзідэнта Беларусі падтрымлівала і галасавала за яго заўсёды. З-за прэзідэнта гэтага яна пасварылася з роднай дачкой. Ну а тая, абраўшы шлях апазіцыянеркі да існуючай улады, збагрыла матулі сваю дачку і знікла ў невядомым кірунку. Можа, яе і ў жывых даўно не было, а можа, жыла дзе-небудзь у Амерыцы. Так, Таніна бабуля не ўзрадуецца ўнучкіным гасцям. Ды і як бы яе ўдар не хапіў пры выглядзе Дашы. Адпадае.
Дашын тата дома, па-любасу. І хоць ён не перашкода, Даша сказала, што да яе нельга. Не хацела яна ісці дадому.