Мястэчка - страница 3
Яе рыхтавалі да дыскатэкі, як Наташу Растову да першага балю. Сястра прывезла неабходныя рэчы, некалькі дыскаў з музыкай, якую меркавана слухалі эма, у чарговы раз запытала, ці канчатковае рашэнне Дашы змяніцца ў эма, і ўзялася за яе пераўвасабленне. Спярша пафарбавала Дашыны валасы ў чорны колер і выстрыгла ламаны чубок, чорным лакам пакрыла пазногці сястрычкі, потым адну пасму валасоў зрабіла ружовай, вочы і павекі багата апрацавала чорнай тушшу і касметычным алоўкам, вусны – бясколернай памадай. На ружовую ў абліпку футболку з доўгім рукавом Даша апранула чорную маечку з чэрапам на грудзях, паласатыя чорна-ружовыя легінсы нацягнула на ногі. Абулася ў мацерчатыя ружовыя красоўкі. Завяршала ўбор сапраўдная балетная пачка з ружовага газу. Дзе адшукала ўсе гэтыя рэчы, сястра не прызналася. Верагодна, думала, што ў Дашы чарговая блазнота. Сходзіць на дыскатэку, як на карнавал, і супакоіцца. Ну не магла ж сапраўды, напраўду, сястрычка так здурнець на эма! Гэта ж не Мінск! Не зразумеюць кансерватыўныя жыхары правінцыйнага, а таму спакойнага бытаўкладу, бунтоўнага, можна сказаць, учынку звычайнай дзяўчынкі. Дый на спад ужо ішоў у вялікіх гарадах навамодны павеў. Старэйшая сястра не сумнявалася ў тым, што Даша проста дзівачыла і жадала спадабацца якому-небудзь хлопчыку, а якому, не казала, таму што ў яе ўзросце заўсёды нейкія таямніцы, па сабе ведала. Як бы там ні было, Цімур высока ацаніў новы Дашын вобраз. Яму спадабалася, але ён палічыў неабходным заўважыць, што да Хэлоўіна яшчэ далёка. Месяцам памыліліся. Тлумачыць яму нічога не сталі, сказалі, што Даша праз спрэчку так прыбралася.
Высадзіўшы яе ля ўвахода ў ДК, Цімур ад'ехаў за будынак, каб нацешыцца блізкасцю з Верай (так звалі Дашыну сястру).
Тыя, хто знаходзіліся на вуліцы, на ганку Дома культуры, літаральна аслупянелі, убачыўшы Дашу. Яны нават не адразу зразумелі, што перад імі менавіта Даша, а не хтосьці іншы.
У Кастальцава і цыгарэта вывалілася з рота, так уразіў хлопца яе знешні выгляд.
– Прывітанне, Кастальцаў! – мінаючы яго, сказала Даша.
– Прывітанне, – праводзячы доўгім позіркам дзяўчыну, прамямліў той.
Адзін Хвалей не разгубіўся і не напружваў мозг.
– Зыр, Белая счарнела! – паказваючы пальцам на Дашу, выгукнуў ён. – Часам яны вяртаюцца! – кінуў ёй наўздагон.
– Пайшоў ты, Хвалей! – азвалася Даша і паказала яму сярэдні палец.
– Чо сказала, аўца?! – кінуўся за Дашай Хвалей, але тая ўжо схавалася за дзвярыма Дома культуры.
– Чо гэта было? – лыпаючы вачыма, быццам пазбаўляючыся ад наслання, спытаў Кастальцаў у Хвалея.
– Белая выйшла з пекла, – прабубніў Хвалей.
– Яна чо, дура?
– Відавочна, што не разумная.
– Чуеш, а ёй так лепш, – раптам выказаўся Кастальцаў, прыкурваючы цыгарэту, прапанаваную Хвалеем. Той, не разумеючы, утаропіўся на сябра. – Зараз яна стала сабой, баран, – засмяяўся Кастальцаў.
– Мутантам, ці што? – прыдумаў Хвалей.
– Сам ты мутант, – смяяўся Кастальцаў. – Фантазію ўрубі…
– А-а-а, – працягнуў Хвалей, нібыта зразумеў, што меў на ўвазе Кастальцаў, і засмяяўся таксама.
Даша прывіталася з вартаўніком Віцькам, не старым яшчэ і прыемным на выгляд дзядзечкам, які сядзеў на сваім нязменным месцы за вахтавым сталом, у кепцы, што хавала раннюю лысіну, увайшла ў танцзалу, якая мігацела рознакаляровымі агнямі, і задрыгалася разам з усімі, пакуль на яе не звярнулі ўвагу. Яна лавіла на сабе здзіўленыя позіркі, захопленыя, пагардлівыя, нават юрлівыя, стаўшы цэнтрам сусвету, але паводзіла сябе так, быццам нічога не бачыла, і ўсё ж адчувала неверагоднае задавальненне.