Мястэчка - страница 6
Жаданне Хвалея паквітацца за сапсаваныя абутак і калашыны цалкам зразумела. Але ж нельга біць ляжачых, тым больш дзяўчынку, значна слабейшую і пры гэтым бездапаможную. Тым не менш ніхто не спыніў Хвалея, нават не паспрабаваў, акрамя Паўлоўскай, якую Хвалей адшпурнуў ад сябе, як кацяня.
– Мікалай Міхайлавіч! – завішчала тады Таня, не то ад болю, не то ад роспачы.
І ён з'явіўся. Перахапіў занесеную нагу Хвалея, падсек апорную і, рвануўшы на сябе, адпусціў. Хвалей шмякнуўся спінай прама ў Дашыны ваніты, нічога пры гэтым не расплюхаўшы.
– Бліна! – прароў ён, адмаўляючыся верыць у тое, што адбылося. На вочы наварочваліся здрадлівыя слёзы. Тыя ж, хто, стаіўшы дыханне яшчэ некалькі імгненняў таму хварэлі за яго, зараз над ім смяяліся.
– Разышліся ўсе! – загадаў Мікалай Міхайлавіч, быццам на пляцы. І яго паслухаліся. Хтосьці вярнуўся ў танцзалу, хтосьці адышоў дапіваць пакінутае ўбаку з кампаніяй, хтосьці закурваў, павярнуўшыся спінай, некаторыя, разбіўшыся на пары, сыходзілі абменьвацца пацалункамі.
Мікалай Міхайлавіч дапамог Дашы падняцца, потым узяў на рукі, як дзіця.
– Вешайся! – стрэліў пагрозай яму ў спіну Хвалей. Ён стаяў, выціраючы куртку паперай, якую працягнула яму нейкая спагадлівая дзяўчына.
– Прабачце, вы штосьці сказалі? – азірнуўся Мікалай Міхайлавіч – высокі, шыракаплечы, крэпкі, коратка, па-вайсковаму стрыжаны малады чалавек гадоў дваццаці пяці-трыццаці, – ветліва ўсміхаючыся. Адно правае вока яго нервова торгалася, ды невялікі шнар пад ім у выглядзе птушачкі, хутчэй за ўсё ад нажа, набрыняў.
– Нічо, – буркнуў Хвалей, працягваючы выціраць куртку.
Беражліва трымаючы на руках Дашу, Мікалай Міхайлавіч хуткім крокам накіраваўся да прыбіральні, Таня патэпала следам.
– Мікалай Міхайлавіч, – казала яна па дарозе, апраўдваючыся, – гэта я ва ўсім вінаватая. Але хто ж ведаў, што так выйдзе? Мы не думалі, што на яе так падзейнічае…
– Індык таксама думаў, – адгукнуўся Мікалай Міхайлавіч. – Каб я яшчэ раз звязаўся з вамі…
– Больш такога не паўторыцца, – абяцала Таня.
– Што, больш ёй наліваць не будзеце? – з'едліва сказаў Мікалай Міхайлавіч. – Ці ў сяброўстве адмовіце, як не прайшоўшай кастынг?
– Мікалай Міхайлавіч, што вы такое кажаце? – не зразумела Таня.
– Слухай мяне сюды, – рэзка спыніўся Мікалай Міхайлавіч, абярнуўшыся да дзяўчыны, – калі хоць адна душа даведаецца пра сённяшні інцыдэнт тут ці ў школе, на мяне больш можаце не разлічваць. Прыкрываць вас я не стану, можаш не сумнявацца…
– Ды ніхто не даведаецца! – абурана ўсклікнула тая. – Хвалей заткнецца і затаіцца, выношваючы план помсты. Не ў яго інтарэсах раздзімаць з мухі слана. Усе нашы будуць маўчаць, ды і стукачаствам наша школа ніколі не славілася. А ў метадычным мы ўсё прыбярэм, не хвалюйцеся.
– Глядзі мне, – зноў закрочыў Мікалай Міхайлавіч. Таня ледзь паспявала за ім.
Расчыніўшы дзверы ў жаночую прыбіральню, Мікалай Міхайлавіч строгім позіркам выдварыў некалькіх дзяўчат з раёна, якія, седзячы з півам на шырокім падаконніку, абмяркоўвалі нейкага крутога чэла, што разабраўся на мінулых выхадных у данс-клубе «Пацейкі» з дзясяткам адмарожаных мясцовых крутавэлкаў. Няхочучы, яны саступілі памяшканне Мікалаю Міхайлавічу, недвухсэнсоўна падміргнуўшы сыходзячы.
Мікалай Міхайлавіч уключыў у кране халодную ваду, паставіў Дашу на ногі, нахіліўшы да ракавіны.
– Давай дапамагай сяброўцы! – абхапіўшы Дашу аберуч, каб тая не страціла раўнавагу, загадаў Паўлоўской памыць твар дзяўчыны.