Нелюбімыя гінуць - страница 14
– Гэта бацькі пана Ганса інтэр’ер заказвалі. У кожным пакоі – ільвы, тыгры, малпы, а ў басейне нават белы мядзведзь загарае на льдзіне з пенапласту. А тут ванная, – эканомка прачыніла дзверы леваруч ад увахода і, не ўваходзячы, пстрыкнула выключальнікам. – Люба, хуценька пад душ і зрабі ваду найгарачэй, як зможаш цярпець, а потым у ложак. Нам хварэць не паложана! Я ж малачка пагрэю аспірын запіць.
«А эканомка не такая ўжо і благая, як напачатку здалося, – застаўшыся адна, падумала Люба. – Мне ніхто ў жыцці не тое што малака, вады не падаў, тым больш у ложак».
Ванны пакой уразіў прасторай, чысцінёй і мноствам люстэркаў. Уключыўшы ваду, Люба хуценька распранулася, задумалася, ці мачыць галаву, бо не менш гадзіны давядзецца затраціць, каб высушыць валасы, але, убачыўшы на століку фен, наважылася і рашуча выцягнула шпількі, якімі падтрымлівалася каса на патыліцы. Яшчэ некалькі хвілін пайшло на тое, каб расплесці касу. Залаціста-саламяныя валасы хвалямі рассыпаліся па плячах і пры першым руху галавы, быццам ім было мулка на спіне, доўгімі кудзеркамі зваліліся на плечы, ахуталі грудзі. «Каб не перашкаджала працаваць, заўтра ж папрашу фрау Эльзу яе адрэзаць», – падумала Люба. Яна звычна дзвюма рукамі адкінула валасы на плечы, узняла вочы і, убачыўшы сябе ў люстэрку ва ўвесь рост, сцішылася, быццам загіпнатызаваная. У непамерна вялікім люстэрку, пры залацістым асвятленні, калі лямпачка не адна, а некалькі і яны не толькі ў столі, а падсвечваюць са сцен, Люба ўбачыла сябе ўпершыню. Нават спалохалася – раптам зойдзе эканомка і ўбачыць яе голую перад люстэркам! Што фрау Эльза падумае? Люба хуценька крутнулася да дзвярэй, накінула засоўку і сарамліва, унікаючы нават зірнуць у люстэрка, стала ў ванну, захінула цэлафанавую фіранку. Але яе быццам магнітам цягнула да зыркага шкла, і Люба наважылася: яшчэ раз зірнуўшы на дзверы, яна стала на варсісты дыванок, зрабіла крок улева і, узняўшы вочы, некалькі хвілін уважліва разглядвала сябе.
Любу заўсёды прыкмячалі, хлопцы ліплі з заляцаннямі, гаварылі пра яе прыгажосць, некаторыя нават кляліся ў любові. Толькі сэрца дзяўчыны было занятае, і не хацелася верыць словам, якія ўжо некалі чула. «Ад прыгажуні Іван не адмовіўся б! – думала яна, а чарговаму лавеласу строга і сур’ёзна прапаноўвала: – Я прыму твае заляцанні паслязаўтра, а заўтра пойдзем у ЗАГС… А каб не перадумаў, давай свой пашпарт сёння… Калі раптам праспіш ці па п’янцы не ўспомніш, будзь упэўнены, я і без цябе ажаню і штэмпель дзе трэба пастаўлю… У мяне там таварышка працуе…» Пасля гэткай прапановы прыліпалаў быццам ветрам здзімала.
Люба далоньмі правяла па высокіх пругкіх грудзях, крутнулася ўправа-ўлева, і адразу веерам рассыпаліся валасы, прыкрылі грудзі, жывот, шаўкавісты чорны трохкутнік між ног. Яны нават люстэрку не жадалі паказваць інтымныя часткі цела сваёй гаспадыні. «І чаму касу ў Мінску не адрэзала?» – услых сказала Люба і, аберуч перахапіўшы валасы на патыліцы, прымерылася, дзе было б лепш запусціць нажніцы.
Канешне, яна хлусіла, сілілася ці то падмануць, ці то пераканаць сябе, бо да гэтай хвіліны нават у думках не дапускала, што некалі наважыцца пайсці ў цырульню. Прычынай быў Іван, які калісьці на спатканнях вельмі любіў расплятаць і асабліва заплятаць касу. Люба верыла ў тое, што валасы памятаюць рукі каханага, памятаюць пацалункі і ягонае гарачае дыханне, бо менавіта праз гэта і сёння Іван часта прыходзіць да яе ў снах. Але ж цяпер усё зменіцца, прыслужніца, якая шмат траціць часу на сябе, наўрад ці задаволіць гаспадароў. А згубіць гэтую працу Люба не магла, не па тое сюды прыехала.