Нелюбімыя гінуць - страница 18
– Ёлупень, колькі разоў казаць, што ніякага Сіняга мора няма, ёсць Чорнае, туды хачу… Толькі на каго парсюка пакінуць?
– Зацугляю і адвяду на калгасную ферму, – разважліва адказваў бацька. – Федзька-свінар за пляшку гарэлкі дагледзіць у агульным статку.
– Ха, Федзька, знайшоў, каму давяраць, – кідала ўсе свае справы жонка і з кулакамі сунулася на мужа. – Не чапай майго кабанчыка!.. Свінар – сцыкун, ён калгасных прап’е, а нашым закусіць…
Люба наперад ведала, што плануемая курортная ідылія скончыцца звадай, у якой больш за ўсё пацерпіць гадавалы парсючок, і, каб не бачыць і не чуць ідыятычнай бязглуздзіцы, паспешліва сыходзіла з хаты. Чутка, што Фроська зноў збіраецца да мора, імгненна разносілася па вёсцы. Дзятва гарохам высыпала на вуліцу і сядлала штыкетнік уздоўж дарогі, у дарослых таксама знаходзіліся справы ў панадворках. Старыя і малыя ў чаканні дармавога цырка таўкліся непадалёк ад Любінай хаты, ім карцела ў чарговы раз пачуць, а калі пашанцуе – і пабачыць, як расчырванелая дзябёлая Фроська венікам, а здаралася, што і дзяржальнам вілаў, апантана пераконвае мужыка купляць пуцёўку да Чорнага мора, а не да Сіняга. Крыкі, калатнеча і валтузня паміж жонкай і мужам скончацца тым, што яны вывалакуць з хлява худога, косці ды скура, парсючка і сілком пацягнуць яго ў другі канец вёскі да Ванькі-прадпрымальніка, які дасць паўцаны за віскатлівага перапужанага бедака. Потым мачаха купіць у краме новую сукенку, чаравікі, капялюшык і абавязкова модны купальнік. Тут жа аб’явіцца вірлавокі Федзька, які прапануе пакупкі «абмыць», каб даўжэй насіліся, і важная Фроська з дзвюма торбамі, у адной – рэчы, у другой – віно, з капялюшыкам на галаве і ў суправаджэнні не надта цвярозых мужчын вернецца ў змрочную хату. Праз паўгадзіны бацька выцягне з-за печы стары баян, і пачнецца сапраўднае вяселле. Праз пэўны час у краму па віно прыклыпае бацька, потым прысунецца Федзька-свінар, а раніцай аб’явіцца яшчэ п’янаватая Фроська. Яна прынясе купальнік і будзе маліць прадаўшчыцу вярнуць за яго грошы, бо «…рэч не мерала, а парваная гумка – завадскі брак…».
Любе заўсёды было сорамна за бацьку і мачаху, і, нават жывучы ў Мінску, яна панічна баялася Верацей і верацейцаў. Толькі аднойчы, калі ад Івана доўга не было пісьмаў, Люба набралася мужнасці і прыехала дадому. Зайшла ў панадворак і быццам наляцела на нябачную перашкоду, здалося, што нікуды і не выязджала. У хаце натужліва і глуха рыпеў баян, Федзька неўпапад падвываў нешта пра тундру, а мачаха крычала пра сіне-чорнае мора, ажно аконнае шкло трымцела, вось-вось вываліцца. Люба, не памятаючы сябе, кінулася прэч, нявыплаканыя сірочыя слёзы спусташалі, вымывалі з душы апошнія спадзяванні на бацькоўскую калі не любоў, дык хоць бы спагаду. Як незаслужана адлупцаваны шчанюк, не бачачы перад сабой нічога, акрамя пыльнай дарогі, спінай адчуваючы спачувальныя позіркі аднавяскоўцаў, яна, ціха галосячы, бегла да аўтобуснага прыпынку, каб паспець на той самы аўтобус, якім прыехала ў Верацеі. Аўтобус ад’язджаў, але маладжавы шафёр з раскосымі азіяцкімі вачыма, убачыўшы ў люстэрка сваю нядаўнюю пасажырку, прыпыніўся, абачліва адчыніў заднія дзверцы, дачакаўся, калі дзяўчына зойме вольнае месца… Ужо на выездзе з вёскі, каля калгаснага клуба, пад вялізным кустом бэзу Люба ўбачыла зламаную лаўку, і слёзы жалю з новай, здавалася, невычарпальнай сілай хлынулі з вачэй. Не так даўно на гэтай учарнелай лаўцы, абварожаная начным пахам квітнеючага вясновага бэзу, яна ўпершыню адчула на сваіх вуснах нясмелы дотык Іванавых вуснаў і прызнанне ў каханні.