Нязніклыя - страница 7



– Выкажу здагадку, што ты кажаш зараз пра мутаваных жывёл. Але я зараз кажу не пра іх… Ты вады не хочаш? У мяне ў заплечніку ёсць.

– Вады?! Не, дзякуй. У мяне ёсць свая, – яна здзівілася, як хутка змянілася тэма іх гутаркі. – Можа, ежа ёсць?

– Так. Але прыйдзецца пачакаць…не хвалюйся, хутка паснедаеш… – прамовіў ён.

«Зноў трэба чакаць. Не люблю чакаць!» – падумала Паліна і адвяла вочы на карціну, што вісела на адной з сцен.

– Ну, быццам нікога, – працягваў сачыць за вуліцай хлопец. – Яшчэ дзесяць-дваццаць хвілін, для дакладнасці, і сыдзем адсюль.

– Куды пойдзем? – спытала яна і паглядзела на Мікалая.

Пасля яе слоў прагучаў гучны, пісклявы, страшэнны крык за сценамі кавярні. Быццам дзіця шалёна закрычала ад пакут. Быццам нехта завыў з глыбокага калодзежа, звонка, і ў той жа час глуха, данёсся доўгі адчайны віск.

Паліна здрыганулася, устала з канапы і выйшла ў цэнтр памяшкання. Яна ніколі раней не чула гэты жудасны гук. Сёння, яе эмоцыі, нібы арэлі, якія гойдаліся ад лёгкага хвалявання да трагедыі.

– Ні слова! – з прыкрасцю прамовіў Мікалай.

Неадкладна ён кінуўся да сваіх рэчаў: накінуў на плячо заплечнік, падняў сумку. Пасля падбег да дзяўчыны і моцна схапіў яе за руку.

– Ідзем, – ён пацягнуў яе за сабой.

Двое павольна пакінулі галоўнае памяшканне, ішлі па вузкім калідоры да запаснога выхаду. Тут жа Паліна спыніла хлопца і сказала:

– Што гэта, што за гукі? Што за крыкі? Дзесьці паблізу ёсць яшчэ людзі, яны ў небяспецы?! Мы павінны ім дапамагчы!

– Маўчы… Не гавары нічога…цішэй. Гэта не людзі, – прашаптаў ён і адпусціў яе руку, выцягнуў пісталет. – Хочаш жыць, слухайся мяне.

– Мг… – пагадзілася дзяўчына.

– Ідзем, – ціха, з лёгкай хрыпатой, прашаптаў Мікалай.

Яны выйшлі на задні двор. І там жа спыніліся. Хлопец агледзеўся. Тут стаялі невысокія дрэвы, якія ляніва калыхалі цёмна-зялёнымі галінамі. Зялёная высокая трава прабівалася скрозь ападкі пылу і цягнулася да святла. Некалькі машын хаваліся ў шэрым змроку, хаваліся ў шырокай цені шматпавярховых будынкаў. У цэнтры двара быў адзін невысокі будынак, які змясціў у сябе некалькі крамак. Ён быў яшчэ з ацалелым чырвоным дахам і зашклёнымі вокнамі.

З-за прахалоднага ранішняга ветру, які стаў узмацняцца і праяўляць сваю актыўнасць, пыл прыгожа разлятаўся. З кожнай гадзінай шэрасць падымалася ўсё вышэй і вышэй.

Маладыя людзі схавалі твары. Пераглянуліся.

Мікалай павярнуўся да дзяўчыны, блізка паднёс свае схаваныя за тканінай вусны да яе левага вуха і цвёрда вымавіў:

– Зараз ідзеш за мной. Толькі не азірайся. Запомні! Не азірайся! – цвёрда, па-мужчынску, – сказаў ён.

Хлопец першым перасёк вузкую дарогу, якую замяло шэрым пяском. Ён накіраваўся ў бок закінутай прадуктовай крамы. Паліна бегла за ім, не азіралася, спрабавала не ўяўляць жудасную карціну, як яе штосьці схопіць за спіну і пацягне. Але страшныя думкі, ад якіх беглі мурашкі па скуры, усё роўна закранулі яе. Здавалася, што нешта вялікае і вар'яцкае пераследуе, палюе толькі за ёй. Пры гэтым Паліна адчувала незвычайную трывогу і моцны страх. Было вялікае жаданне трохі супакоіць свае ўяўленні. Вельмі хацелася паглядзець за спіну і пераканаць сябе ў тым, што там усё ў парадку. Але рабіць гэтага было нельга. Нездарма хлопец двойчы паўтарыў: «Не азірайся!». Таму, дзяўчына глядзела толькі на яго спіну, верыла яму, бегла за ім.

Шэрая тоўшча пылу, ад зніклых дахаў і верхніх паверхаў высокіх будынкаў, змяшалася з ветрам і схавала ніжнюю частку чалавечых целаў. Вышэй пояса, рэдкім натоўпам лёталі лёгкія парушынкі, якія прапускалі праз сябе больш святла і кіслароду.