Пераслед мінулага - страница 8



Юрый Люты вярнуўся за пакетам, а Дзмітрый Янчанка прадоўжыў гаварыць:

– Сястра мая, Святлана, з гораду тэлефанавала, казала, што ў іх быў моцны дождж з ветрам. А ты, напэўна, прамок там, вецер не зносіў плашч?

– Не прамок, а калі б і прамок, то з роднага боку і варона мілая! – адказаў Юрый, потым выключыў святло ў калідоры і зайшоў на кухню, – А дождж добры быў, але нядоўгім, хутка прайшоў, а затым выглянула сонца. А сонца ў горадзе іншае. У нас мільгане і схаваецца на тыдзень, а там яно шчодрае, нават цяплей ці што, у гэтую восень… Не хаваецца хутра за хмары.

У маленькай кухні справа стаяў белы халадзільнік, а побач, пад акном, квадратны стол з засланым шэрым абрусам і тры драўляныя крэслы. Наперадзе газавая пліта, кухонныя тумбы і ўмывальнік, над якім вісела шафка. А злева, за перагародкай, хавалася драўняная груба.

– Як там горад? Стаіць? – спытаў Янчанка, папраўляючы рэдкія светлыя валасы.

– Так, усё будуецца і пашыраецца. Толькі вось халадае, нягледзячы на тое, што там заўсёды цяплей, чым у нас, у сонечныя дні не становіцца больш людзей на вуліцах. Летам, як ты ведаеш, шуміць натоўп. А цяпер, у восень, усе машыны густа цякуць па вуліцах. Сёння дождж, і гарадскія засталіся ў сваіх кватэрах. Яны больш ездзяць, чым ходзяць… Дарэчы, ты не глядзеў надвор'е? Калі ад нас ужо вада сыдзе, калі прымярзаць стане? Хачу ў "Круглае" схадзіць, але там жа ўсё плыве… Як думаеш, прыйдзецца чакаць да лета? – пытаўся Юрый, паклаўшы на стол шырокі ліст раённай газеты.

Юрый спачатку выцягнуў з пакета мастацкія пэндзлікі з рознымі драўлянымі ручкамі, следам, на стол ён паклаў дзве квадратныя пачкі макароны хуткага прыгатавання і адну ўпакоўку зялёнай гарбаты, а потым невялікі пакет малака.

Дзмітрый Янчанка схаваў шапку ў шырокую кішэню сваёй цёмна-сіняй рабочай вопраткі і прысеў на крэсла. Ён уважліва сачыў за тым, як паступова з'яўляліся прадметы на стале і казаў:

– Я глядзеў прагноз надвор'я: заўтра і паслязаўтра дажджоў не чакаецца. Будзе пахмурна. Але потым зноў пойдуць дажджы. Усё, Юрась, пара ўжо забыцца пра цёплыя дзянькі. "Бабіна лета" прайшло, а за ім прыйшла пара рыхтавацца да зімы. Праз месяц можа пайсці снег… Я ўчора бачыў у навінах, што праз моцныя дажджы ўскраіны заходніх гарадоў затапіла. А яны ж вышэй за нас жывуць. Хоць бы ў нас вада не паднялася. Добра, у цябе вада з двара сыходзіць у лес, а ў мяне ўчастак размешчаны ніжэй. Будзе добра, калі мароз прыйдзе або снегам усё засыпле, а што, калі зіма будзе не зіма? Успомні, як было летась! Вада стаяла на ўвесь агарод і вакол двара разлілася! У лепшым выпадку, мы зноў будзе саджаць бульбу ў канцы траўня! Не, няхай ужо зіма будзе ранняй.

– Дык твой сын жа прыязджаў, рабіў табе нейкі дрэнаж. Ты ж мне паказваў, выхваляўся… Ці я нешта блытаю?

– Так, ён зрабіў. Але, на жаль, не так, як трэба. З-за невялікіх дажджоў вада не сыходзіць, збіраецца і стаіць на месцы. Ты ж ведаеш яго, ён не слухае мяне. Усё па-свойму хоча рабіць. Калі ён зноў прыедзе, я скажу яму перарабіць, каб гэтым разам было так, як я б хацеў. А то, як нейкі халтуршчык, на хуткую руку ўсё. Я казаў яму, трэба капаць вышэй. Баюся, што калі сын не прыедзе, калі пойдуць доўгія і буйныя дажджы, то я зноўку паплыву. Але ён абяцаў прыехаць.

– Што ж, нічога пакуль не зробіш… Вось, трымай! Твой заказ, – Юрый падаў Дзмітрыю кардонную скрыначку, – Усё правільна купіў, гэта тое, што ты прасіў?