Слоў моб - страница 3



Але і каменне не дапамагала.

І тады яна задумалася – пра тое, кім ён зрабіўся, і пра тое, кім не зрабілася яна. І калі яна думала пра гэта, думкі ейныя зрабіліся цяжкія, нагэтулькі цяжкія, ажно ёй раптам не спатрэбілася ані каменне, ані іншыя хітрыкі – цяпер яна імгненна апускалася на самае ягонае дно.

А на дне, сярод цёмных шчупальцаў-водарасцяў, ляжалі аграмадныя ракавіны. І яна расчыняла ракавіны – проста там, на дне, і зіхценне дзівосных перлінаў асвечвала змрочную глыбіню, і тады думкі ейныя рабіліся лёгкія-лёгкія і ў імгненне вока выцягвалі яе разам з перлінамі на паверхню.

Гэтак – дзень пры дні, яна пазбаўляла ягонае дно перлінаў, а ён віраваў, пеніўся, уздымаў аблачыны глею, труціў яе усімі сваімі каракаціцамі і акуламі, крабамі і амарамі, аднак усё было марна.

Яму заставалася адно адчуваць яе вёрткае загарэлае цела, што церабіла тоўшчу ягоных водаў, і адзначаць, як адна за адной знікаюць ягоныя перліны. І вось надышоў дзень, калі ейны нож раскроіў апошнюю ракавіну і апошнюю перліну была паднятая на паверхню.

Яна сядзела на ягоным беразе і нанізвала пярліны на нітку. Ён ціхутка дыхаў, абмываючы ейныя босыя ногі цёплым прыбоем, гэтак ліжа боты скуралупа, канаючы, сабака – не спадзеючыся на літасць, не ў змозе ўкусіць, згасаючы, даруючы ўсё.

І вось каралі былі гатовыя. Яна надзела іх на шыю і ўстала. Перад ёй распасціраўся ён, цяпер ужо зусім іншы, на многія кіламетры яна бачыла ягоныя мёртвыя воды, цяпер ужо не сінія, не блакітныя, а слепа-чорныя. Ані хвалі, ані рабізны на вадзе.

Сыходзячы ўверх па выдмах, яна колькі разоў памахала яму рукою.


Выцінанка

Выцінаю з музыкі гукі —

папраціналі ж

наскрозь.

Выцінаю з восені любоў —

Пажоўкла ж.


*

На чорным-чорным падваконні

сядзела чорная-чорная котка.

і маўчала.


*

Выцінаю з жыцця танцы —

не бязногае ж.

Выцінаю са здымка вочы

не пакінуць жа ж.


*

На чорны-чорным стале

ляжала чорна-чорная котка

і маўчала.


*

Калі ўсё, што павыцінала,

наляпіць на мёртвага вожыка,

вожык ажыве.

Калі ўсё, што павыцінала,

выцінаць салаўінай раніцай,

пасміхнуцца маладыя дойліды.

Калі ўсё, што павыцінала,

наляпіць на цябе —

буду я.


*

На чорнай-чорнай камодзе

муркатала

чорная-чорная котка

ў чорнае-чорнае люстра

сама сабе.


Эдэльвайсы

Вось чалавек, які караскаецца па прыцемках да вершалін раніцы, ягоныя вочы, закалыханыя яшчэ не ўбачаным, ягоны чорны ірваны правал рота, які раздзірае знутры не адбытае, – “Ааааа!” Глытальны позех, пазяхлівы глыток, што трушчыць цэласнасць часу, – “А-а-а-а!”

Аднойчы ён абарочваецца згары – мы з ім ідзем у адной звязцы. Ён глядзіць на нас з дакорам. Па-над ім – стромая скала прыцемак. Ён крычыць нам скрозь посвіст ветру:

– Дык нашто вы мяне падсадзілі? Там, долу? Памятаеце?

Не, не, ужо амаль не памятаем… Нічога… Толькі наспявае ўсярэдзіне чорным бутонам, шнарыць у горле кіпцястай лапішчай, разворвае мяса языка барвовымі схопкамі. Распусціцца там, наверсе. Дакараскацца абавязкова. Расквітнець – любой цаной!

І, раскрываючы глотку ў глыбіню цемры, мы шалёна караскаемся ўгору і галосім на ўсё горла – “А-а-а-а!” І робімся імклівай крыклівай дзіркай у дзірцы саміх сябе.

Раніцы мулка.


Вясне

І няўхільна адкрываліся насустрач негуканай вясне, клейкія чорныя, бубонныя пупышкі маёй перазімавалай чалавечнасці, маёй папярхнулай добрасці. І мы ўселіся адно насупраць аднаго і, гледзячы ў вочы, адчувалі, як нарастаючым вуркатаннем у нас уваходзіць непазбежнае. Гэтай вясной у любові не будзе броду.