Трыкутнiк караля - страница 2



Падняўшыся на гарышча дома, гісторык пашукаў інструменты, якія маглі спатрэбіцца для працы з капсулай. Нечакана ён кінуў усё ды проста сеў на кульгавае старое крэсла, якое дасталося яму ад прадзеда, і пільна прыгледзеўся да капсулы. На ёй быў яшчэ адзін, цяпер ледзь прыкметны, знак. Нешта накшталт крыжа і ружы. Ніякіх надпісаў відаць не было, але зачынена капсула была вечкам з маленькай ручкай у выглядзе каровінай галавы.

– Так-так, – прашаптаў сабе пад нос Мечык. – Галава вала, здаецца гэта герб Панятоўскіх.

Было падобна, што вечка проста ўстаўлена ў капсулу і ніяк не мацуецца звонку. Захоўванне ў неналежных умовах зрабіла сваю справу: стан капсулы быў даволі такі дрэнны. Малады чалавек злёгку патузаў за галаву вала – вечка не паддалася. Прыгледзеўшыся, Мечыслаў заўважыў, што рагатая ручка вырастала з невялікай кароны.

– Гэта сапраўды герб Панятоўскіх, – гучна ўголас сказаў сам сабе Мечык.

Застыўшы на некалькі секунд, малады чалавек паспрабаваў круціць ручку супраць гадзіннай стрэлкі. Вечка не паддаваліся. Сціснуўшы вусны і глыбока ўдыхнуўшы, гісторык яшчэ раз паспрабаваў пакруціць ручку. На гэты раз ён пачуў рэзкаваты трэск і вечка, на здзіўленне лёгка адлучыўшыся, засталася ў левай руцэ Мечыслава. Капсула была адкрыта!

Чамусьцi менавіта ў гэты момант Мечык успомніў, што так і не вярнуўся на працу, і проста будзе мець прагул. Але гэта яго зусім не кранула.

Ён здрыгануўся ад гуку сігнала вырабленага суседскім аўтамабілем, якi пад'ехаў да дома насупраць. Машынальна падняўшы галаву і паглядзеўшы ў вакно, ён тут жа зноў яе апусціў і плаўна павярнуў да сябе капсулу, тым бокам, дзе толькі што была вечка, а затым пільна зірнуў унутр.

– Так, – сказаў Мечыслаў, папстрыкаўшы языком і злёгку ўсміхнуўшыся.

Капсула не была пустая. Надзеўшы чыстую пальчатку, якую Мечык вывудзіў са скрыні з інструментамі, ён асцярожна, двума пальцамі, дастаў са срэбнай ёмістасці яе змесціва. У руцэ даследчыка апынулася маленькая скрыначка з чырвонага дрэва, мяркуючы па выглядзе – выдатна захаваная. Адклаўшы каштоўны пенал на стол, малады чалавек вырашыў заняцца капсулай. Ён хутка падрыхтаваў ашчаджальны содава-саляны раствор, для ачысткі срэбра, і пагрузіў у яго сваю здабычу, а потым вярнуўся да пенала.

– Трэба будзе ўсё ж праверыць хромпiкам гэтае срэбра. Хоць, я і так упэўнены… – заўважыў сам сабе Мечык.

На вечцы красаваўся пазалочаны герб Панятоўскіх – вол павернуты налева. Асцярожна адкрыўшы пенал, гісторык дастаў нешта невялікае, падобнае на скрутак паперы.

– Ды гэта ж пергамент, – здзіўлена прамовіў Мечыслаў. – У Гродне? У васемнаццатым стагоддзі? Калі гэта, вядома, сапраўды прывітанне з васемнаццатага стагоддзя, – дадаў ён, жмурачыся на святло суседскага вакна, дзе гарэла яркая люстра, бо ўжо надышоў вечар.

Асцярожна разгарнуўшы пергамент з дапамогай свайго любiмага, які служыў яму ўжо, здавалася, тысячу гадоў, алоўка, малады чалавек убачыў польскі тэкст напісаны чырвонымi чарніламi, цудоўным, каліграфічным почыркам.

«Rycerz Salsinatus złożył swoje imiona w trójkąt. Umieść wybranych według imion na miejscach ich w dniu przybycia rycerza na świat mapa gwiazd jego słońcem wskaże na słońce w imion trójkąt. Odpowiedź w imionach wybranych złożonych razem otrzymasz. Na Poszukiwanym znajdziesz ją w wyznaczonym dniu».

Мечык свабодна валодаў польскім «ензыкем» і таму хутка, тым самым алоўкам, які выкарыстаў для таго, каб разгарнуць скрутак, ён запісаў на кавалачку паперы пераклад.