Трыкутнiк караля - страница 7
Хлопец і дзяўчына стаялі ў скверы Фары Вітаўта. У тры гадзіны дня, яны ўбачылі, як з боку вуліцы Замкавай у сквер увайшоў цёмнавалосы чалавек з невялікай барадой, апрануты ў армейскага пакрою паліто. Ён прыпаркаваўся непадалёк і цяпер ішоў паспешлівым крокам да помніка, ля якога павольна хадзіла маладая пара. Падышоўшы да іх, чалавек сарамліва ўсміхнуўся і, працягнуўшы кожнаму руку, два разы сказаў:
– Уладзімір. Рады пазнаёміцца.
– Віка, – адказала дзяўчына, – вельмі прыемна.
– Мечыслаў, – сказаў яе таварыш.
Знаёмства ў рэальным свеце людзей ведаючых адно аднаго толькі праз iнэт – можа быць вельмі цікавым, як і пачатак iнэтавай перапіскі людзей, якія ведалі адно аднаго толькі ў жыцці.
Праз трыццаць хвілін усе трое сядзелі з ноўтбукам у адным з гарадскіх кафэ. Адарваўшыся ад кавы, Уладзімір сказаў:
– Пакуль я ехаў да вас мяне ледзь не пратараніў дзік. Гэта быў самы ўражальны кантакт з прыродай у маім жыцці.
Віка і Мечык адначасова змянілі выраз твараў.
– А ў мяне… – выпалілi яны адначасова.
Мечык усміхнуўся і памаўчаў, даючы зразумець Віцы, што яна можа працягваць.
– А ў мяне, – працягнула Віка, – таксама быў, так бы мовіць, кантакт пакуль я сюды ішла. Матылёк, і, па-мойму, гэта рэдкi матылёк – вачнiца. Велізарны проста! І ён ж начны, але прыляцеў днём і кружыўся ля майго твару вельмі доўга. І падумайце, матылёк зімой! Падаў лёгкі сняжок, калі ён зляцеў да мяне.
Апошнія словы дзяўчына сказала трохі саромячыся сваіх вялікіх ведаў аб матылях.
– У мяне была кніжка, ну… аб матылях, – патлумачыла яна, збянтэжыўшыся яшчэ больш.
Мечыслаў усміхнуўся і бразнуў лыжкай аб кубак з капучына. Яму таксама было што расказаць, і ён адсунуў сваю каву трошкi далей.
– Я ішоў сюды… – пачаў Мечык, – i ў гэты момант яго ўвагу прыцягнуў чалавек, які сядзеў за барнай стойкай, непадалёк ад іх століка. У яго была настолькі невыразная знешнасць, што Мечыслаў, хоць i мастак, не змог бы намаляваць партрэт незнаёмца нават з натуры. Гэты чалавек пільна назіраў за іх кампаніяй, але тут жа ўткнуўся ў свой келіх з віном, калі гісторык затрымаў на ім позірк.
– Ну дык вось, я ішоў сюды, – працягнуў малады чалавек, выкінуўшы невыразнага наведвальніка бара з галавы, – міма бернардынскага касцёла. І тут да мяне зляцеў сокал, што жыве там, за статуяй святой Алены.
Віка заківала галавой у знак таго, што таксама ведае аб пражываннi сокала ў самым цэнтры горада.
– Там парачка сакалоў, у іх нават ёсць імёны, – дадаў гісторык.
– Але самае дзіўнае, што ён проста пераследваў мяне гэты сокал. Вось гэтая драпежная птушка проста такі ледзь не кідалася мне пад ногі. Ён быў такі… ну… незвычайны. Мінакі на гэта глядзелі як на цуд нейкі. І не ведаю, хіба яны не ляцяць на зімоўку?
«Як бачна, не мяне аднаго пераследвала жывёла. Можа быць я і нездарма ўспомніў пра старажытных прадказальнікаў…» – пранеслася ў галаве Уладзіміра, і ён сербануў яшчэ кавы.
Троіца маўчала, абдумваючы тое, што з імі здарылася. Мiнчук вырашыў перайсцi да мэты свайго візіту, ды сказаў:
– І што ж у вас за археалогія цікавая, раскажыце, калі ласка.
Віка парнула да госця ноўтбук, на экране якога былі здымкі знаходак Мечыслава.
– Фоткi артэфактаў я ўжо і так бачыў, – сказаў малады чалавек. – Спадзяюся, я змагу ўбачыць гэтыя чароўнасцi і на ўласныя вочы?
– Канешне, – прамовіў Мечыслаў, жуючы круасан.
– Я так разумею, – сказаў Уладзімір, – што галоўная наша задача расшыфраваць гэты рукапіс з бутэлькі, то бок пасланне скрозь стагоддзі ад Панятоўскага.