Уладар рыбаў - страница 15



– Вось ты і першы раз мяне пахваліў, – прамуркатаў кот.

эпізод 8

Вінусь праз дзясятае знаёмства ледзь дастаў квіткі на спектакль. 3 аднаго боку, такое паломніцтва радавала, з іншага – засмучала: ідзе п’еса гады ў рады, а зараз яшчэ нібыта дэкарацыі рамантаваць будуць. I колькі?

– Няма лішняга квіточка? – бясконца з усіх бакоў торгалі Вінуся. I вось у натоўпе ён заўважыў яе, радасна пабег насустрач.

– Прывітанне, баяўся ўжо, што не прыйдзеш.

– Прывітанне. Крыху прыпазнілася, прабач.

Калі яны ўвайшлі ў залу, месцы былі безнадзейна занятыя. Ім удалося вызваліць толькі адно крэсла на дваіх.

– Даруй, не ведаў, што гэтак будзе, можа, сядзь да мяне? – разгублена і вінавата прапанаваў хлопец.

– Нічога не застаецца, – усміхнулася Бажэна.

Ён адчуваў яе, лёгкую, духмяную, так блізка. Бачыў, як ёй няёмка, як наструнена яна замерла ў яго на руках – яны ж амаль што незнаёмыя. Аднак потым, калі дзеянне паглынула абаіх, напружанне знікла само па сабе. I калі пачало ўрачыста ўзнімацца бел-чырвона-белае палотнішча, дзяўчына годна ўстала. Гледзячы на яе, людзі сталі падымацца са сваіх месцаў адзін за адным – шчыльна, з гонарам.

…Яны ішлі па вуліцы.

– Дзякуй табе. За тое, што запрасіў мяне… Ведаеш, у мяне крыху іншае атачэнне, з іншымі інтарэсамі… А тут – бы глыток паветра. Вось паступіла. Скончу – буду прадстаўляць краіну на міжнародным узроўні. А што я пра яе ведаю? Дранікі-бульбянікі, сінявокая Беларусь з зубрамі. Дык гэта і без мяне ўжо ведаюць. Я думаю, трэба самой спасцігнуць, каб усё асаблівае, адметнае, толькі ёй уласцівае да іншых данесці. А інакш навошта мая праца?

– А ты не спрабавала ў конкурсах мадэляў удзельнічаць? Думаю, ты была б па-за канкурэнцыяй.

– Дзякуй. Не хачу на ўсеагульны агляд выстаўляцца, бы тавар на кірмашы. Ненавіджу гэтыя сальныя мужчынскія позіркі, нібы слізкай ад іх робішся. Не хачу быць манекенкай – я пакуль жывая. Мне і матуля кажа, што трэба працу для розуму і для душы мець. Маладосць пройдзе, а што за душой застанецца?

– Слава, вядомасць, прыгажосцю ўсе любавацца павінны. Яна, як вядома, уратуе свет.

– Мне здаецца, Дастаеўскі іншае меў на ўвазе. Такая прыгажосць толькі разбэсціць здольная.

– А я… ненавіджу сваю маці.

Бажэна з жахам адхіснулася.

– Колькі памятаю – адныя папрокі… Ніколі не забудуся, як у дзяцінстве прынёс дахаты бяздомнае шчаня. Адразу нібыта прыняла, у надзеі, што мне гэта хутка абрыдне і я на ўсё пагаджуся. Малое, вядома ж, рабіла паўсюль лужыны ды кучы, і я не спраўляўся прыбіраць. Аднойчы я нешта майстраваў, захапіўся. Маці мыла падлогу. I трэба было небараку нарабіць на чыстае. Маці выцерла і, ні слова не кажучы, прыйшла ды адлупцавала мяне гэтай жа бруднай анучаю, а сабаку выпхнула за дзверы. Ён няўцямна скуголіў і драпаў кіпцікамі дзверы, просячыся назад. Ад болю і крыўды я не вытрываў, схапіў куртку ды збег на вакзал разам са шчанём. Вярнулі мяне міліцыянты – маці ўвесь горад на вушы паставіла. Шчаня жыло ў агульным калідорчыку, усе яго падкормлівалі і любілі. А неяк я вяртаўся са школы, а мне насустрач бяжыць хлопчык з суседняга двара. «Малога забралі. Сабакаловы. Што мы ні прасілі, ні плакалі – не аддалі», – выгукнуў мне ён. Я ўсё зразумеў. Мы з хлопцамі знайшлі тую станцыю, для сабак. У падпітага дзядзькі я запытаўся: «Гэта тут вы сабак на мыла трымаеце?» – «Выключна на губную памаду, – проста ў твар зарагатаў мне ён. – Ідзіце адсюль, смаркачы. Спачатку выкідаюць, а потым расшукваюць. Шмат вас тут такіх сноўдае, пайшлі прэч». Мы з ровам пабеглі. Я думаў, каб я быў вялікі і дужы, вось так бы даў гэтаму п’янюгу, каб не падняўся, а я ўсё лупцаваў і лупцаваў бы яго. Я доўга хварэў. Не падала тэмпература, я трызніў. Мне ўсюль падаваўся гэты страшны дзядзька, які забівае майго Малога. Я выкінуў у сметніцу ўсё мыла і матчыну памаду. Ні з кім не размаўляў. Затое маці была хоць да скулы прыкладай – усё што пажадаю… I з таго часу неяк замкнуўся, быў сам па сабе. Ніколі не мог з ёй нічым падзяліцца… Пакаціла цяпер у Італію – падчапіла нейкага карча. Тэлефануе мне зрэдку. Прабач, нагрузіў цябе. Даруй…