Вольны птах. Раман - страница 4
Разважанні мае перарвалі нечаканыя госці з міліцыі (дактары мусілі паведамляць у органы пра ўсе выпадкі гвалтоўных пашкоджанняў пацыентаў, якія траплялі да іх тым або іншым чынам). Яны ўвайшлі ў палату ўтрох. Двое ў форме. Трэці, відаць, следчы, якому ні я, ні мая справа не падабаліся апрыёры і з’яўляліся звычайнай руцінай, нуднай і нікому непатрэбнай, у першую чаргу яму. Следчы выглядаў галівудскім прыгажуном, глянцавым, бы часопіс пра кіназорак, без аніводнай зморшчынкі на твары, падобным больш на маску, чым на твар. З верхняй кішэні на бліскучым цёмным пінжаку вытыркаўся трохкутнік насоўкі. У параўнанні з ім іншыя двое нагадвалі прыслугу. У адным з іх я пазнаў удзельніка майго збіцця. Ён наўрад ці пазнаў мяне, але пільна ўзіраўся ў мой твар з чорнай кінгаўскай імглой пад вачыма, асабліва пасля слоў следчага пра месца здарэння, у якім мяне збілі. На яго твары аддрукоўвалася кожная думка, змяняла адна адну, як сурдапераклад па меры прасоўвання маналогу следчага, адрасаванага да мяне. «Я знайду цябе. Я кожнага з вас знайду», – пазіраў на яго я і абяцаў сам сябе. У якійсьці момант трансляцыя думак на твары міліцыянта прыпынілася, на ім засняжыла, як у тэлевізары пасля заканчэння ўсіх праграм. Гэта я сказаў следчаму, што нічога і нікога не памятаю. Скажаш праўду, і апынешся вінаватым. Яны хуткія на падобныя пертурбацыі. Следчы тады, незразумела, ці ўзрадаваны, ці раздасадаваны, пажадаў мне папраўляцца, а ён яшчэ зазірне на тыдні ў спадзеве, што я ўсё ж што-небудзь успомню. Доктар яму казаў, што частковая амнезія магчыма, трэба набрацца цярпення і пачакаць. Пра Насцю не ўзгадаў ні разу.
Яна прыйшла пасля абеду, бліжэй да вечара. Мне якраз вярнулі рэчы, прынеслі ў каробцы, куды перад аперацыяй склала медсястра з вачыма колеру лесу. Ну хоць не голы.
Спачатку ў дзверы палаты нясмела ціхутка пастукалі, потым дзверы прачыніліся і праз іх прашчамілася, нібы шырэй яны не адчыняліся, Насця. Спынілася на парозе, ружовавалосая, з коскамі-рожкамі, у ружовай памадзе на вуснах. Залыпала лялечнымі вейкамі над нябёсным блакітам вачэй.
Я так быў рады прыходу дзяўчыны, што невыносна захацелася кінуцца да яе і абняць, выказаўшы такім чынам сваю ўдзячнасць і магчымасць адчуць сапраўднае шчасце. Так, шчасце! Менавіта яго я адчуў ад прысутнасці ў палаце Насці. Я нават зрабіў крок насустрач, як высветлілася, уяўны, бо ляжаў на ложку паўзверх пасцелі (апрануць штаны і кашулю каштавала мне не абы якіх высілкаў) і не мог паварушыцца. Ці мог, але не атрымлівалася, напэўна, пасля ўколаў, якія ўзялі пад кантроль мае рухі. Насця паспяшалася прамовіць, каб я не ўставаў, паклала на тумбачку каля ложка пакунак з пачастункам і прысела ў нагах. Я ўсміхаўся ёй, відаць, як ідыёт, бо ўласную ўсмешку, якая не сыходзіла з майго твару ўвесь час, пакуль Насця знаходзілася ў палаце, менавіта ідыёцкай і лічыў. Але дзяўчына ніяк яе не пракаментавала.
– Ну прывітанне, герой-любоўнік! – ветліва мовіла.
– Прывітанне, – ахвотна адгукнуўся я. – Чаму герой-любоўнік? – адразу спытаў, бо не зразумеў сэнсу пачутага.
– Чаму герой ці чаму любоўнік? – яшчэ больш заблытвала яна.
– Я не герой, – паціснуў плячыма, – і тым больш не любоўнік.
– Чый не любоўнік? – відавочна пакеплівала з мяне Насця, а я працягваў усміхацца балван-балваном. – І чый не герой? – дадала.
– Твой не герой і не любоўнік, – выціснуў з сябе і зірнуў на суседа, што пасопваў у ложку насупраць. Цікава, прытвараўся ён, што спіць, ці ўслухоўваўся ў нашу з Насцяй размову?..