Зграя - страница 2
2.
Макс прачнуўся з галаўным болем і дрэнным настроем. Пайшоў на кухню, адкрыў лядоўню і мацюкнуўся – засталося адно яйка і алей. Глянуў на вуліцу, дзе трэці дзень запар паліла сонца, і уздыхнуў. На небе не было ніводнай хмары, а значыць у кватэры цэлы дзень будзе стаяць спякота. А цяпер трэба было ісці ў краму.
“Цікава, чаму ў яе было мокрае адзенне, калі дажджу з аўторка не было?” – праскочыла ў галаве Макса думка пра дзяўчыну з кавярні. Ад нечаканасці ён застыў у адной шкарпэтцы. “У каго гэта была адзежа мокрая? А… Цемнаскурая незнаёмка з недарэчнай гісторыяй пра ваўкоў. Не дзіва, што яны мне ноччу сніліся. Аўкі, Грыкі…”.
Узніклыя вобразы у галаве хлопца былі такімі выразнымі і яркімі, быццам ён у кіно ўчора схадзіў. Макс пасміхнуўся, бо звычайна не запамінаў сны. А гэтым разам нават ваўчыныя імёны ў галаве засталіся.
“Чорт з ім, можа сапраўды ў дзяцінстве падобны фільм глядзеў”.
Ён нацягнуў красоўкі і пайшоў у краму, дзе ўзяў дзве бутэлькі цёмнага піва, каўбасу, яек ды каву. Разлічыўся на касе і рушыў дадому.
Каля пад’езда Макса спынілі трое маладзёнаў, якія паходзілі на герояў гумарыстычнага апавядання ці анекдота. Адзін – малога росту, белабрысы, на выгляд – гадоў шаснаццаць. Другі – чарнявы і высокі, з вусамі і шчаціннем на шчоках. Яго лоб пераразалі глыбокія зморшчыны. Трэці меў твар без узросту, лысую галаву, а яго вочы глядзелі быццам не на Максіма, а праз яго.
Гэткай жа дзіўнай была іх адзежа. На малым – шыкоўны гарнітур, у якім ён быў падобны на навучэнца элітнай гімназіі. На чарнявым была спартыўная форма сіне-зялёнага колеру і красоўкі – звычайны беларускі гопнік, не інакш. Лысы – панк у скуранай куртцы, падраных джынсах, з вялікімі металічнымі персценямі і ланцугом на шыі.
– Добры дзень, – пачаў чарнявы, які выглядаў за галоўнага.
Макс спыніўся, бо не мог паскорыць крок і збегчы ад непрыемнай кампаніі. Тройца падрыхтавалася – малы стаяў каля ўваходу ў пад’езд, а лысы зайшоў ззаду. “З такімі лепш не сварыцца” – вырашыў хлопец.
– І вам прывітанне.
– Мы цябе чакалі.
– Мяне? Навошта? Цыгарэт няма, бо не палю. Грошай таксама – усё на банкаўскай картцы.
– Грошы нам не патрэбны. Мы хочам пачуць гісторыю.
– Што? Якую яшчэ гісторыю?
– Гісторыю пра ваўкоў.
– Што за глупства, якія ваўкі?
– Учора ты сустракаўся з дзяўчынай. Яна расказала пра ваўкоў. Нам патрэбны працяг.
– Вы з глузду з’ехалі? Нічога я расказваць не буду. Самі прыдумвайце.
– Мы не можам. Гісторыя належыць табе. І мы хацелі б яе… арандаваць.
– Прабачце, не разумею. Як можна “арандаваць” гісторыю?
– Што тут незразумелага? – ініцыятыву перахапіў белабрысы. – Ты расказваеш нам працяг, а мы за гэта пакідаем цябе ў спакоі.
– Не пужай, – прамовіў лысы. – Вас Максімам клічуць? Дык вось, Максім, калі зробіце, як мы прапануем, то атрымаеце грашовую падзяку. Скажам, сто тысяч. Падумайце над нашай прапановай. Заўтра прыйдзем па вашу згоду.
Яны расступіліся, даўшы праход.
***
Макс зайшоў у кватэру і зачыніў дзверы на ўсе замкі. Нават на верхні, якім не карыстаўся з самага пераезду.
“Што гэта за хрэнь? Глупства нейкае. Ваўкі, гісторыі, грошы… Зразумела, што справа ў той дзяўчыне. Можа, нехта са знаёмых вырашыў паздзекавацца, ці блогеры свой нейкі флэшмоб ладзяць? Ды й сама тройца – нешта неверагоднае. Ніколі не бачыў такіх розных людзей разам. І што мне рабіць з гэтым? Ай, пайшло яно ўсё! Дзе піва? Не выйду заўтра нікуды з хаты. Паглядзім, што яны зробяць. О, учора ж новая серыя “Вядзьмара” выйшла, трэба глянуць”.