Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - страница 5



Ён падняў вочы на суразмоўцу. Той вылучаўся сярод іншых наведнікаў «Сьпеўнага каменю» зьбянтэжаным выглядам, рознакаляровай вопраткай і невысокім ростам. Яны сядзелі ў найлепшай келіскай аўстэрыі, сьценамі й стольлю якой слугавалі косьці мамутаў, абцягнутыя скурамі. Пасярод памяшканьня зеўрала чорная яміна, вакол яе стаялі доўгія сталы. Пры сталох за кухлямі гаманілі мясцовыя. Уздоўж сьценаў віселі гамакі з мамутавае поўсьці, у якіх госьці спалі ўночы.

– Ось вы, фар Утальтат, кажаце, – разважаў Мікомп, – што прыляцелі зь іншае плянэты. Я й сам бачу, што вы не тутэйшы: такая бледная скура, такое дзіўнае адзеньне, акцэнт… Кажуць, на ўзьбярэжжы ёсьць касмапорт. Даю веры. Але ж я таксама прыслухоўваюся да друідаў Міхьтрэльдзкага лесу, якія адмаўляюць пазаплянэтнае жыцьцё. Кажуць, зь іхнаю магіяй жарцікі кароткія. Усе гэтыя меркаваньні маюць для мяне аднолькавую вагу. А перавагу я аддаю таму, што бачыў на ўласныя вочы. Анкег, паводле чутак, – мэгаплянэта з чатырма кантынэнтамі; чалавечага жыцьця ня стане, каб павандраваць паўсюль. Штогод на кірмашы ў Зыферы я сустракаю прадстаўнікоў культураў, пра якія раней ня чуў. А вы пытаецеся, ува што я веру.

– Мне сказалі, што вы прагрэсіўны разважлівы чалавек, фар Аўлга.

– Мяркую, таму вы да мяне й падселі. А вам хіба не сказалі, што адным кухлем я рэдка калі задавальняюся?

– Чаго вам заказаць?

– Яшчэ явэнвюру.

Каўрыт Утальтат зь непрыхаванаю гідлівасьцю паклікаў кельнэрку.

– Дарэчы, гэты ваш явэнвюр – што ён такое?

– Фэрмэнтаванавая сьліна мясцовых мухаў. Мае адначасна сэдацыйны й псыхастымуляцыйны эфэкт. Бачу, вы не ўхваляеце. Гэтаксама, як і нашыя стравы.

Каўрыт скрывіўся:

– Ад іх сьмярдзіць. Яны ўсе гнілыя. Да таго ж згатаваныя з інсэктоідаў.

– Не гнілыя – фэрмэнтаваныя. Ну а пах – пытаньне асабістага ўспрыманьня і, бадай, звычкі. Вы заклікаеце да майго розуму, а самі кіруецеся эмоцыямі. Непасьлядоўная пазыцыя. Іншага едзіва, дарэчы, у нашых краёх не дастаць. Як зьбіраецеся тут гандляваць, дык абвыкайцеся.

Каўрыт прамаўчаў.

– Дык ось наконт мае веры. Я сам, праз уласныя недасканалыя пачуцьці, спазнаў адно дробную часьцінку навакольнага сьвету – замаленькую, каб рабіць нейкія высновы што да таго, якою сілаю ён кіруецца. І ці кіруецца ўвогуле? Анкег для мяне непазнавальны. Было б верхам пыхлівасьці з майго боку верыць, – Мікомп вымавіў апошняе слова з націскам, – у тое ці іншае. Я дапускаю мажлівасьці й ня болей: запраўднае карціны сьвету мне ніколі не дазнацца.

– Тым ня менш вы маглі б прынамсі адмовіцца ад забабонаў.

– Што вы маеце наўвеце, калі кажаце «забабоны»?

– Тую ж магію друідаў, якую вы згадалі.

– Цікавая прапазыцыя. Бачыце галаву кокуця на сьцяне? Давайце падыдзем.

Высокі бронзаваскуры Мікомп Аўлга й нізкі сьветлы Каўрыт Утальтат падняліся й падыйшлі да ўваходных дзьвярэй, над якімі вісела пудзіла вялізнае галавы з ікламі й трыма рагамі. Анкегец зьвярнуўся наўпрост да галавы:

– Фар кокуць, ці не падкажаце, каторая зараз гадзіна?

– Траціна абароту да зьмярканьня, фар Аўлга.

Яны вярнуліся да сталу, і прыгаломшаны Каўрыт адно выдавіў:

– Як?

– Гэтага кокуця падстрэлілі колькі гадоў таму на раўніне. Ужо калі ён вісеў на сьцяне, напханы мамутаваю поўсьцю, у аўстэрыю завітаў бадзяжны друід і, дзеля забаўкі, зачараваў яго. Сама дзіўнае ў гэтым, што да зьмярканьня запраўды засталася траціна абароту.

Каўрыт нічога не адказаў.