Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - страница 17



Рэфармаваная рымская літургія, як па самім сваім укладзе, так і па распаўсюджаным цяпер спосабе яе цэлебрацыі, абясцэньвае цішыню і надае надта шмат увагі гуку, асабліва размове, слову чалавека, а не больш цяжкадаступнаму слову Бога. На многіх Імшах адбываецца поўны пераварот самой істоты літургіі, калі «літургія Слова» значна пераважае ў прапорцыях і годнасці літургію Эўхарыстыі. Часам гамілія ўсё цягнецца і цягнецца, тады як Канон Імшы, самая сакральная яе частка, доўжыцца ўсяго некалькі момантаў, бо зазвычай, каб Імша не займала зашмат часу, выкарыстоўваецца ІІ эўхарыстычная малітва. Многія святары не ўсведамляюць сабе вялікую недарэчнасць гэтага дысбалансу. Для грунтоўных зменаў нам спатрэбіцца новае пакаленне святароў, якія дзякуючы традыцыйнай літургіі навучацца, што павінна стаяць на першым па важнасці месцы і што мае знаходзіцца на перыферыі: «Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым» (Ян 3:30).

Як рэлігійны рытуал, новая Імша здзіўляе сваёй дробнасцю. Падрыхтоўка ў пачатку Імшы нязначная, нотка пакаяння настолькі слабая, што яе магла б заглушыць пралятаючая муха; першай частцы Імшы ад пачатку да першага чытання балюча не хапае засяроджання на тым, хто такі Бог, хто такія мы і што ўвогуле будзе адбывацца. Ад словаў прывітання і далей пануе лёгкая атмасфера, гарызантальны настрой і размоўны рэжым. Параўнайце гэта з радком, які прамаўляецца напачатку Трыдэнцкай Імшы з адначасовым выкананнем знакам крыжа: «Дапамога нашая ў імені Пана, Які стварыў неба і зямлю». Акрамя таго, што гэты радок яўна прызнае, што Бог з’яўляецца Творцам сусвету, ён насамрэч яшчэ больш кажа штосьці пра душу чалавека, пра яе бездапаможнасць, пра яе патрэбу ў Богу. Дзе ў Novus Ordo тая ж патрэба, тая ж туга, тая ж мальба да Найсвяцейшай Тройцы? У літургічнай мове новай Імшы практычна адсутнічае вага, змест і сур’ёзнасць, якія павінны быць у гэтым месцы. Нават выкарыстанне біблійнай мовы і фразеалогіі на працягу ўсёй літургіі было вычышчана і перанесена ў рацыяналістычны, масіўны лекцыянарый, з якім літургія амаль не звязана і які не надаецца да запамінання.

Усепаглынаючая малітва

Аднойчы ў Еўропе я ўдзельнічаў у адной літургіі: яе цэлебраваў святар, які размаўляў па-нямецку, але я не вельмі добра яго разумеў, таму што яго вымаўленне адрознівалася ад таго, што я вывучаў у школе. Я больш-менш разумеў, пра што ён кажа, але дэталі губляліся. Аднак гэта аказалася цікавым адукацыйным досведам. Пабыўшы пасіўным адбівацелем гуку, я вельмі добра зразумеў, наколькі вербальнай, манатоннай і аднароднай можа быць новая Імша. Уся яна ад пачатку да канца была амаль бесперапыннай плынню словаў. Дапаўняе ж карціну тое, што я таксама меў магчымасць прысутнічаць на многіх Трыдэнцкіх Імшах у Еўропе, і мой досвед быў цалкам супрацьлеглы: малітвы – о дасканалая разважлівасць і прастата! – былі тымі самымі незалежна ад роднай мовы святара; гэта было нібы вяртанне дадому, цёплае прывітанне, суцяшэнне; Імша была і адчувалася як паўторнае ўпрысутненне ахвяры Кальварыі, у якім я, нягодны грэшнік, мог удзельнічаць з усёй уважлівасцю маёй душы, у кампаніі Найсвяцейшай Дзевы Марыі, св. Яна і ўсёй супольнасці анёлаў і святых.

Хоць касцёльная іерархія працягвае рабіць выгляд, што паслясаборнага крызісу, звязанага з рэформай Імшала, няма і ніколі не было, шматпакутныя каталікі на зямлі вельмі добра ведаюць пра існаванне крызісу вялікага маштабу. Жудаснае падзенне наведвальнасці Імшаў не было выпадковым ці выкліканым толькі знешнімі фактарамі; у ступені большай, чым гэта асмельваюцца прызнаць пастыры Касцёла, яно было выклікана вельмі банальным набажэнствам з Камуніяй, якое, як здавалася, замяніла Найсвяцейшую Ахвяру. Гэты фактар паўплываў на многіх хісткіх вернікаў у 1970-я гады і канчаткова адштурхнуў іх ад наведвання Імшы.