Читать онлайн Пітэр Кваснеўскі - Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла
Переводчик Максім Аляксандравіч Фоміч
Фотограф Джэймс Брэдлі
© Пітэр Кваснеўскі, 2020
© Максім Аляксандравіч Фоміч, перевод, 2020
© Джэймс Брэдлі, фотографии, 2020
ISBN 978-5-4498-9272-0
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Ад перакладчыка
На працягу стагоддзяў святая Імша ў старажытным рымскім абрадзе выхоўвала бясконцыя шэрагі як славутых, так і невядомых святых. Цяпер, пасля цёмных гадоў ХХ ст., яна зноў вяртаецца ў літургічнае жыццё Каталіцкага Касцёла. Дзякуючы пастановам Папы Бенедыкта XVI скарбы традыцыйнага абраду не толькі не былі страчаны, але і сталі даступны кожнаму верніку, які таго пажадае.
Нягледзячы на існуючыя магчымасці гэтая літургія ў нашай краіне ўводзіцца і прымаецца не вельмі ахвотна. Звязаць гэта можна з дзвюма прычынамі. З аднаго боку, святары справядліва задаюць сабе пытанне, ці прынясуць рэальную карысць іхнія высілкі па вывучэнні традыцыйнага абраду і ці варта ўвогуле ўводзіць яго ў сваіх парафіях. З іншага боку, вернікі таксама рэдка ўсведамляюць тое дабро, якое яны маглі б атрымаць, і не просяць святароў аб рэгулярнай цэлебрацыі гэтай формы Імшы.
Кніга амерыканскага філосафа і публіцыста Пітэра Кваснеўскі, якую вы трымаеце ў руках, мае на мэце зрушыць гэтую сітуацыю з мёртвай кропкі і прадставіць каштоўнасць традыцыйнай лацінскай Імшы для духоўнага жыцця каталікоў і місіі Касцёла ў цэлым. Аўтар закранае шматлікія аспекты гэтай формы Імшы (лацінскую мову, цішыню і грыгарыянскі спеў, арыентацыю святара, характар малітваў і календара), аспрэчваючы распаўсюджаныя міфы і паказваючы перавагу традыцыйных элементаў культу ў кантэксце «беспрэцэдэнтнага крызісу ідэнтычнасці», у якім знаходзіцца Касцёл у нашыя часы. Такое прадстаўленне традыцыйнага абраду непазбежна прыводзіць да яго параўнання з сённяшняй літургічнай практыкай. На працягу ўсёй кнігі Кваснеўскі ставіць перад звычайнай формай рымскага абраду вострыя пытанні, робячы гэта далікатна, але ад гэтага не менш шчыра.
Цытаты з Новага Запавету, кнігі Псальмаў, дакументаў Другога Ватыканскага сабору і іншых паслясаборных дакументаў у гэтай кнізе па магчымасці прыводзяцца паводле афіцыйных выданняў Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. Цытаты з іншых касцёльных дакументаў прыводзяцца ва ўласным перакладзе з англійскай мовы. Цытаты са Старога Запавету даюцца паводле Бібліі ў выданні Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь (Мінск, 2017). Літургічныя тэксты візантыйскай літургіі даюцца паводле Службоўніка БГКЦ (Мінск, 2004) з захаваннем яго тэрміналогіі і прывядзеннем да аднастайнага правапісу.
Шчыра дзякую а. Міхалу Ермашкевічу ОР і Дзмітрыю Цаўлоўскаму, якія згадзіліся прачытаць рукапіс і зрабіць важныя заўвагі. Вялікую ўдзячнасць выказваю таксама д-ру Пітэру Кваснеўскі за дазвол на публікацыю гэтай кнігі і пастаяннае кансультаванне пры яе падрыхтоўцы.
Спадзяюся, што прадстаўленыя тут аргументы не толькі паслужаць падтрымкай тым, хто ўжо адкрыў для сябе прыгажосць традыцыйнай рымскай літургіі, але і дапамогуць усім чытачам убачыць «важныя духоўныя ўрокі, паэтычную прыгажосць, катэхетычную вартасць, суцяшальнае ўздзеянне на душу», якія нясе ў сабе традыцыйная лацінская Імша.
Прадмова
Гэтая кніга закранае фундаментальныя праблемы, звязаныя са святой літургіяй, і робіць асаблівы націск на пастаянную і непраходзячую каштоўнасць традыцыйнай лацінскай Імшы (таксама вядомай пад назвамі usus antiquior і надзвычайнай формы рымскага абраду), прысутнасць якой хутка пашыраецца, асабліва ў англамоўным свеце. Таксама я часта падымаю тэмы, звязаныя з канцэпцыяй «рэформы рэформы». Цяпер як ніколі патрэбна тэалагічнае і філасофскае разважанне над адраджэннем usus antiquior і над тым, як гэтая старэйшая форма можа ўзбагаціць больш новую форму рымскага абраду і выявіць яе слабыя месцы, якія патрабуюць выпраўлення. Такое паяднанне апалогіі і крытыкі, якое разгортваецца на гэтых старонках, з’яўляецца маім унёскам у «новы літургічны рух», да якога заахвочваў Папа Бенедыкт XVI, а таксама ў вялікае аднаўленне Касцёла, якому ён даў пачатак.
Пасля Другога Ватыканскага сабору Рымска-каталіцкі Касцёл трапіў у беспрэцэдэнтны крызіс ідэнтычнасці, які пашырыўся нават на яго дагэтуль нязломныя вучэнне і духоўнасць, на яго апостальскую і місіянерскую працу. На думку Папы Бенедыкта XVI, гэты крызіс у значнай ступені бярэ пачатак з праблем у святой літургіі, якая крок за крокам псавалася пад уплывам новай тэалогіі і эксперыментаў. У выніку мы атрымалі замяшанне, трывогу і разбурэнне. Цягам той жа паловы стагоддзя ўсё большая колькасць каталікоў стала бачыць у традыцыйнай літургіі Касцёла адзін з яго найвялікшых скарбаў: сведчанне артадаксальнай веры, скалу духоўнага жыцця, бясконцую крыніцу сапраўднай і жывой пабожнасці, жывы выраз каталіцкага духу. Гэтыя вернікі далучыліся да невялікай групы тых, хто ўжо падчас Сабору альбо адразу пасля яго ведаў, што дагрукацца да сучаснага чалавека Касцёл можа не праз перастройванне сябе і ўсіх сваіх рэсурсаў пад цьмяную і няўстойлівую сучаснасць, а дзякуючы нястомнай працы па фарміраванні чалавека пад уздзеяннем спрадвечнага вучэння і пры дапамозе правераных і асвячаных стагоддзямі сродкаў, якія ён атрымаў ад Божага Провіду.
Падчас пантыфікату Папы Бенедыкта XVI мы сталі сведкамі 50-гадовага юбілею адкрыцця Другога Ватыканскага сабору, у якім ён прымаў актыўны ўдзел. Спачатку ён сімпатызаваў ліберальнай фракцыі, аднак пазней скардзіўся на тое, што вучэнне Сабору сказілі і выкарысталі ў сваіх мэтах, прыкрываючыся духам «віртуальнага» і «медыйнага» Сабору. Ён справядліва патрабаваў – як патрабаваў бы кожны каталік – каб дакументы Сабору чыталі, абапіраючыся на «герменеўтыку неразрыўнасці» з тым, што было перад гэтым, і з пазнейшымі тлумачэннямі. Займаючы ў папскім служэнні абарончую пазіцыю, Папа Бенедыкт XVI стараўся выправіць многія рэчы, якія за апошнія пяць дзесяцігоддзяў пайшлі ў абсалютна памылковым напрамку.
Каб зразумець, што адбылося цягам гэтай паловы стагоддзя, можна паразважаць над далікатным балансам паміж заданнямі Касцёла ad infra і ad extra, якія з’яўляюцца двума бакамі аднаго медаля. Можна сказаць, што Касцёл мае сваё ўласнае ўнутранае жыццё: літургічнае, сакрамэнтальнае, духоўнае, інтэлектуальнае – якое вызначаецца спалучэннем Святога Пісання, святой традыцыі і Магістэрыя. Гэтае жыццё трэба даглядаць, узрошчваць, ахоўваць, паглыбляць, каб яно само па сабе заставалася здаровым і актыўным. У той жа час Касцёл мае пастаяннае місіянерскае заданне – заклік выходзіць у свет няверуючых, прапаведаваць яму, навяртаць яго, асвячаць яго, супрацьстаяць яго памылкам і змагацца з яго праблемамі. Шляхетным намерам св. Яна ХХІІІ, вельмі традыцыйнага Папы ў многіх адносінах, было зрабіць так, каб скарбы ўнутранага жыцця Касцёла пачалі ўздзейнічаць на сучаснасць і на знешні свет. Менавіта з гэтай мэтай ён склікаў як Рымскі сінод, так і больш вядомы Другі Ватыканскі сабор. Ён жадаў, каб Каталіцкі Касцёл выдаў Божае святло і праўду, каб ён узмоцніў сваю апостальскую дзейнасць, якая квітнела ўжо пры пантыфікаце Пія ХІІ.
Што насамрэч адбылося ў гады Сабору і адразу пасля яго, добра вядома. Касцёл прайшоў праз перыяд амнэзіі ad intra і страціў сваю ідэнтычнасць з-за інтаксікацыі ad extra. Мы забыліся пра тое, што калі свой уласны дом, свая ўласная душа не ў парадку, то мы не маем нічога годнага, каб падзяліцца са светам; што прапаведаванне Добрай Навіны няверуючым эфектыўнае толькі тады, калі па прыбыцці ў Касцёл іх чакае штосьці неверагодна добрае. Аднак замест таго, каб заклікаць Божы люд да здаровага пакаяння і аб’явіць шырокае аднаўленне ad intra, Папа Павел VI і шматлікія іерархі працягвалі далей і далей, з усё большай нелагічнасцю прасоўваць непрадуманую праграму ad extra. Увядзенне радыкальна новай формы літургіі прыпячатала гэтую аднаўленчую траекторыю і на пэўны час прыдушыла выхаванне інстытуцыйнай памяці і ідэнтычнасці. Сапраўды, захаванне моцнай сувязі з мінуўшчынай пачало сярод многіх духоўных і свецкіх асобаў лічыцца небяспечнай справай, якая перашкаджае актуальнасці, эфектыўнасці, сціпласці і беднасці.
Кажучы коратка, гісторыя Касцёла ад Сабору да сённяшняга дня – гэта гісторыя зацятых высілкаў ad extra без дастаткова глыбокіх унутраных рэсурсаў альбо, што яшчэ горш, з адначасовым скажэннем і падаўленнем гэтых рэсурсаў. Як адзначалі многія, цягам апошніх пяцідзесяці гадоў часта здавалася, што інстытуцыянальны Касцёл нашмат больш клапоціцца пра атэістаў, мадэрністаў і не-каталікоў рознага кшталту, чым пра сваіх верных дзяцей, якія хочуць верыць у тое, у што верылі заўсёды, і жыць так, як святыя мужчыны і жанчыны заўсёды імкнуліся жыць, «у свеце, але не ад свету». На думку прыходзяць словы святога Паўла: «Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш – блізкім па веры» (Гал 6:10), і яшчэ: «Калі ж хто не апякуецца сваімі, асабліва хатнімі, той адкінуў веру і горшы за няверуючага» (1 Цім 5:8).
Касцёл – гэта Божая сям’я, а пастыры служаць in loco parentis – то чаму іх няма? Ці сапраўды яны дбаюць пра сваіх дзяцей і пра іх першасныя патрэбы? Экуменізм, міжрэлігійны дыялог, справы ў сферы сацыяльнай справядлівасці і нават евангелізацыя будуць марнымі, калі спачатку не апрануць, не накарміць і не навучыць сваіх вернікаў – не апрануць частым і годным прыняццем сакрамэнтаў, не накарміць прыгожай і паважлівай святой літургіяй, не навучыць грунтоўным ведам праз катэхізацыю, прапаведаванне і школьную адукацыю.
Таму пасля сарака гадоў блукання ў пустыні пантыфікат Папы Бенедыкта XVI здаваўся і сапраўды аказаўся пераломным момантам, подыхам свежага ветру. Гэта быў час на тое, каб заняцца станам сваёй душы, каб прывесці ў парадак наш дом, каб аднавіць літургію з яе найглыбейшых крыніцаў і зноў навучыцца таму, што такое тая Добрая Навіна, якою мы павінны дзяліцца з нашым бліжнім. Пантыфікат Ёзафа Ратцынгера пачаў сістэматычна лячыць амнэзію і інтаксікацыю. Сярод усіх плёнаў, якія гэты пантыфікат нарадзіў сярод каталікоў ва ўсім свеце, апостальскае пасланне Summorum Pontificum назаўсёды застанецца помнікам спробе зрабіць разумную змену праз заклік вернікаў да нязменных Традыцыі, духоўнасці і стылю жыцця, што адлюстравалася таксама і ў даце публікацыі гэтага дакумента: сёмы дзень сёмага месяца сёмага года новага тысячагоддзя.
Пантыфікат Папы Бенедыкта быў кароткім, аднак навучанне, прыклад і заканадаўства гэтых васьмі гадоў у новым стагоддзі акажуцца гарчычным зернем сапраўднага аднаўлення і прароцкім асуджэннем памылковага аднаўлення. У любым выпадку, гэта наш прывілей – хоць і не нашая заслуга – з удзячнасцю і гарачым сэрцам прыняць традыцыйную каталіцкую ідэнтычнасць, духмяную жывую памяць Божых дароў, дзеля абароны і развіцця якіх Ёзаф Ратцынгер/Бенедыкт XVI так шмат зрабіў, і дазволіць гэтаму зерню прынесці плён у нашым жыцці. Большага нам не зрабіць, але і гэтага дастаткова. Таму што Бог можа ўзяць нават некалькі хлябоў і рыбін і бясконца іх размножыць.
Калі мы думаем пра веліч задання, якое даручыў нам Папа Бенедыкт XVI, – задання аднаўляць нашу веру ад самых вытокаў і ў неразрыўнасці з Традыцыяй – і калі мы разважаем, наколькі шмат працы і цярпення нас чакае, пакуль мы будзем імкнуцца ўвесці ў практыку глыбокае вучэнне пра святую літургію, якое наш Пан даў нам праз гэтага вялікага Папу, у нас можа ўзнікнуць знеахвота і жаданне кінуць гэтае змаганне, асабліва ў тыя часы, калі шмат людзей у Касцёле, здаецца, бяжыць ад узыходзячага святла ў апраметную цемру сямідзясятых. Аднак няхай нас натхняе прыклад многіх шляхетных мужчын і жанчын, клерыкаў, законнікаў і свецкіх, якія ад часоў Сабору і да сённяшняга дня змагаліся ў добрым змаганні; няхай нас таксама падтрымлівае нязменная духоўнасць, якая ляжыць у аснове бенедыктынскай манаскай мадэлі і ў якой знаходзіў натхненне Святы Айцец. Як казаў абат Поль Дэлат OSB: