Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - страница 4
Смерць урачыстасці, пра якую сведчыць нудная музыка Імшаў на народных мовах, убранне і млявая выпраўка святароў і прыслугоўваючых, размяшчэнне нязграбнага стала, які выконвае функцыю развернутага алтара, адцягванне ўвагі знакам супакою і іншыя падобныя рэчы, паказвае на страту веры, на страту ўпэўненасці, на страту адказнасці і духоўнага аўтарытэту. Святар больш не ўпэўнены ў сваёй ролі настаўніка, кіраўніка і асвячальніка sub et cum Christo. Гэты крызіс упэўненасці адлюстроўвае больш агульную страту веры ў высокае службовае пакліканне святара да таго, каб стаяць на месцы Хрыста, прадстаўляючы Найвышэйшага і Вечнага Святара5. Страта ўрачыстасці наўпрост звязана са стратай веры ў Сапраўдную Прысутнасць, ахвярную прыроду Імшы і духоўны аўтарытэт святарскага служэння. Таму яна звязана з пасіўнай або актыўнай абаронай такой заганы, як бестурботнасць у адносінах да боскіх рэчаў, і гэта прыводзіць да таго, што ў нашых вачах яны перастаюць выглядаць боскімі, нават калі яны застаюцца боскімі самі па сабе. Аслабляецца сур’ёзнасць, падрываецца ўрачыстасць, што сама сабою прыходзіць да сур’ёзнага святара, які сціпла служыць святым Божым таямніцам6.
Страх перад рытуалам
Адной з многіх памылак, якія атруцілі літургічную рэформу, была пагарда да рытуалу, якая паходзіла з меркавання, што рытуал трымае людзей наводдаль і перашкаджае святару «ўступаць у кантакт» з людзьмі. Новы Імшал быў «дэрытуалізаваны», альбо прынамсі ён дазваляе святару і нават заахвочвае яго дэрытуалізаваць Імшу: дадаваць у літургію імправізаваныя рэмаркі, рухацца нефармальным чынам і запрашаць у прэзбітэрый шматлікіх не апранутых адпаведным чынам свецкіх асобаў, што цалкам супярэчыць духу рытуалу і Божага культу. Томас Дэй у сваёй кнізе «Why Catholics Can’t Sing» («Чаму каталікі не могуць спяваць») прыводзіць захапляльнае (і жахліва праўдзівае) апісанне таго, як цяперашнія рубрыкі ў спалучэнні з кепскай адукацыяй і неразумнымі традыцыямі прыводзяць да шызафрэнічных літургій, да відавочна рытуальнай цырымоніі, у якой людзі паводзяць сябе так, быццам бы цырымонія не з’яўляецца рытуалам. Святар у рытуальным убранні выходзіць у бакавую наву, пачынаючы спяваць гімн. Ён падыходзіць да алтара. Ён папраўляе мікрафон. Ён глядзіць на сабраных. Ён усміхаецца і пераходзіць да поўнай банальнасці: «Добры дзень, браты і сёстры!» І зноў да рытуалу: «У імя Айца…» І зноў да балбатні: «Сёння літургія нам кажа пра тое, што, як бы мы ні стараліся, мы ўсё адно робім памылкі, і таму мы звяртаемся да Бога з просьбай аб міласэрнасці». І зноў да рытуалу: «Пане, змілуйся над намі». І гэтае туды-сюды працягваецца, пакуль ён не адпускае народ са словамі «Усім добрага дня!»