Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - страница 6



? Не акадэмічныя ступені, не псеўданавуковая хвальба, не добрыя сувязі ў курыі, а, паўтаруся, духоўныя заслугі – каб узяць на сябе настолькі далікатныя, патрабавальныя і жахліва сур’ёзныя заданні, як «рэфармаванне», а затым «пераклад» літургіі Каталіцкага Касцёла? Ці хто-небудзь падумаў пра гэтае пытанне? Ці хто-небудзь даў сабе працу яго задаць? Так, я ведаю, што цягам стагоддзяў Папы прызначалі камісіі для ацэнкі, даследавання, аднаўлення альбо пашырэння пэўных аспектаў літургіі. Я не хачу сказаць, што такіх кансультацый ніколі не павінна быць. Хутчэй я стаўлю пытанне пра мінімальную кваліфікацыю таго, хто бярэ на сябе смеласць сядзець у такой камісіі. Думаю, будзе немагчыма спрачацца са сцвярджэннем, што мінімальнай кваліфікацыяй павінна быць найбольш глыбокая павага і пашана да Традыцыі, настолькі глыбокая, што чалавек хутчэй дасць руку на адсячэнне, чым пачне псаваць тое, што было яму перададзена. Аднак, як паказваюць Notitiae, альбо афіцыйныя паведамленні, разам з такімі дакументамі, як мемуары Буньіні9, гэты дух пашаны, на дзіва, зусім адсутнічаў у Камісіі, у супольнасці тэолагаў, якім даверылі перагляд літургічных кніг рымскага абраду. Самы ганебны прыклад, які я памятаю, гэта апублікаваны ў Notitiae адказ на пытанне, чаму былі выкрэслены старыя малітвы аферторыя. Калі коратка, Камісія адказала, што малітвы аферторыя з’яўляюцца залішнімі і непатрэбнымі, паколькі яны проста (тут маецца на ўвазе, без патрэбы, нават памылкова) прадчуваюць ахвярнае дзеянне, якое адбудзецца пазней. Адным франтаватым адказам ўбок адмятаюцца стагоддзі малітвы і тэалогіі, быццам бы ніхто і ніколі не разумеў аферторыя, пакуль прасветленыя гуру Камісіі не згадзіліся растлумачыць яго.

Усё сваё жыццё Жан-Поль Сартр змагаўся супраць веры ў тое, што нешта можа быць настолькі добрым, настолькі праўдзівым, настолькі годным, што чалавеку варта ўхапіцца за яго і абараняць гэта з найвялікшай сур’ёзнасцю і самаадрачэннем. Аднак, калі і можна дакладна апісаць адносіны паміж старажытнай літургіяй і боскімі таямніцамі, то вось гэтае апісанне: літургія прымае і абараняе боскія таямніцы з найвялікшай сур’ёзнасцю, урачыстасцю і самаадданасцю.

Музыка і начынне, годныя Божага дому

Разгледзім два тыповыя прыклады: грыгарыянскі спеў і прыгожае начынне.

Грыгарыянскі спеў быў выкінуты з касцёлаў не таму, што ён быў на лацінскай мове (бо мелодыі можна было б адаптаваць да англійскіх тэкстаў10), а таму што гэтая музыка не «шчаслівая», яна не «ўздымае настрой» так, як народная альбо папулярная музыка. Грыгарыянскі спеў – не для шчаслівых катоў, а для манаскіх душаў, якія сумуюць па Богу, а менавіта такая душа павінна быць у кожнага хрысціяніна, адпаведна з яго стылем жыцця. Такі спеў мае на ўвазе фундаментальную сур’ёзнасць душы, і ён узрошчвае такі стан усё больш і больш, пакуль ён не стане тым, што містыкі называюць «цвярозым ап’яненнем», sobria inebrietas. Чалавек, які пагружаецца ў спеў, сапраўды пачынае ўспрымаць свет вакол сябе па-іншаму, вачыма веры, з сузіральнай гатоўнасцю, праніклівасцю і яснасцю. Грыгарыянскі спеў – гэта магутны сродак духоўных зменаў і сталасці: ён напаўняе душу гарачай духоўнай тугою па Богу, сумам, які ўвасабляецца і выяўляецца ў кожным павароце мелодыі, што адлюстроўвае невыказныя нюансы і няўлоўныя рухі людской душы11. Наколькі ж сталымі мусілі быць ананімныя кампазітары, наколькі моцным і высокім было іх імкненне да Бога, якое захавалася ў гэтых цудоўна разнастайных і прыемных мелодыях!