Беркут. Кніга першая - страница 2



– Дык дома Мішка ці не? – стараючыся не нервавацца, усё ж нецярпліва паўтарыў пытанне.

На шчасце, той, мабыць, пачуў, што пыталіся яго, і выйшаў з пакоя. Мужчыны парукаліся, і Леўс узмахам галавы паклікаў Міхала за сабой. Шэптам на калідоры ў двух словах паведаміў пра Пятровіча.

Той быў жывы. Сын – хударлявы, вастраносы, з даўно нястрыжанымі чорнымі кучарамі, падобны на бацьку хіба што вачыма, – чэпкім разумным позіркам упэўніўся ў тым, намацаўшы пульс. Разам з Леўсам зацягнуў Пятровіча ў бакавы пакой, што суседнічаў з калідорам, выклікаў хуткую, занёс бацькаў заплечнік на кухню. Заставалася чакаць медыкаў. Ды варажыць, ламаючы мозг, што здарылася. Засохлая кроў на белай галаве Беркута нагадвала каросту, якую карцела адкалупаць пазногцямі пальцаў, бо за ёй, здавалася, хавалася здароўе бацькі ў выглядзе тонкай ружовай скуркі.

За сцяной непакоілася маці, нібы нешта адчула, клікала сына, каб той супакоіў яе. Леўс кіўнуў яму, што той мусіць нешта сказаць жанчыне, зманіць, бо іначай пакуль нельга. Міхал пагадзіўся і рушыў у гасцёўню.

– Нешта Жэні доўга няма, – сустрэла яна сына непакоем пра Беркута. – Даўно павінен быць, табе не здаецца?

– Так, – падтрымаў яе Міхал, – мабыць, недзе затрымаўся. Ты ж ведаеш яго. Сустрэў сяброў, ці начальства партыйнае не адпусціла. Ды ўсё добра з бацькам. Мабыць, сапе дзе-небудзь у ведамственным гатэлі. Заўтра зранку будзе, ма…

– Але ж ён не патэлефанаваў, – перапыніла яго Беркуціха, – не папярэдзіў, як звычайна.

– Значыць, не мог, – паціснуў плячыма Міхал. – Бывае і такое.

– Думаеш? – сумнявалася яшчэ жанчына.

– Вось пабачыш, заўтра вернецца, нібы нічога не сталася, усядзецца ў фатэль насупраць, і будзеце разам глядзець тэлевізар, як звычайна.

– А чаго Леўс прыходзіў? – не адставала ўсё адно старая.

– Ды па справе. Да мяне, – маніць Міхалу было няёмка, ды не ўмеў ён, як некаторыя, і не любіў, але мусіў. – Замовіў адну рэч, дык абмяркоўваем памеры, матэрыял, аплату…

– На ноч гледзячы? – не верыла маці.

– Ну а калі яшчэ? Удзень мы на працы.

Тым часам прагучаў дзвярны званок, упэўнена, патрабавальна, бы на пажар клікаў. Так, як ніколі яшчэ не верашчаў. Беркуціха схапілася рукой за сэрца.

– Хто гэта? – спалохана пазірала на сына.

– Гэта… да мяне, мама, – не гледзячы на яе, адказаў ён. – Усё добра, я зараз.

Міхал хуткім крокам выйшаў з гасцёўні, на ўсякі выпадак прычыніў яе дзвярыма і паспяшаўся сустракаць медыкаў.

Медычка – недзе яго веку прывабная мініяцюрная казашка – адно глянула на Беркута, якога Леўс паспеў разуць, як адразу загадала санітару і, відаць, інтэрну – зусім маладому, але, на выгляд, дужаму хлопцу – несці насілкі. Тыя вокамгненна скочылі за дзверы кватэры і праз секунду вярнуліся з насілкамі, бо захапілі іх і пакінулі на лесвічнай пляцоўцы. Міхал, між тым, патэлефанаваў дзвюм сваім сёстрам і малодшаму брату, якія жылі асобнымі сем’ямі, старэйшая сястра ў Абаі, паведаміў пра бацькаў стан. Удаву старэйшага брата (яна жыла ў суседнім пад’ездзе), папрасіў пасядзець са свякроўю. Ці мала што. Сам жа паехаў разам з медыкамі ў лякарню. Па дарозе адказваў на дзяжурныя казённыя пытанні медычкі пра бацьку, якая запаўняла анкетныя дадзеныя дзеля гісторыі хваробы Беркута, нягледзячы на тое, што ўсе і без таго ведалі, каго везлі ратаваць. Беркут быў годнасцю і гонарам горада. Яго партрэты віселі на Дошцы гонару ў самым цэнтры Плошчы Леніна, у фае школ і завода СМС, дзе ён працаваў апошнія гады перад пенсіяй.