Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - страница 20
Бацькі Ісуса радасныя, што знайшлі Сына, і зьдзіўленыя Яго атачэньнем і паводзінамі. Марка пошты Шаржы (1970 г.) з сэрыі «Жыцьцё Ісуса»
Дучо ды Буанінсеня (Duccio di Buoninsegna), «Жыцьцё Ісуса Хрыста». Марка пошты Рас-эль-Хаймы (1970 г.)
Мастакі стараліся пашырыць зьвесткі з Бібліі аб размове Ісуса з вучонымі мужамі ці, як іх яшчэ называюць, дактарамі.
Буйным плянам на наступнай карціне Дзюрэра паказаны твары мудрацоў і Хрыста. Адчуваецца «напруга дыспуту». У цэнтры кампазыцыі – рукі Ісуса, Ён упэўненна адлічвае на пальцах свае аргумэнты ў гутарцы. Рукі аднаго з настаўнікаў сьведчаць пра «нярвовасьць і збянтэжанасьць».
«Хрыстос сярод настаўнікаў» карціна Альбрэхта Дзюрэра, напісаная ім у Вэнэцыі ў 1506 г. Знаходзіцца ў музэі Цісэна-Барнемісы ў Мадрыдзе. Марка Рэспублікі Тога (1978 г.)
Які зьмест адказаў дванаццацігадовага Ісуса настаўнікам юдэйскім?
Эвангеліст нічога не кажа пра гэта. Гутарка праходзіла ў храме і вялася з кніжнікамі, якія займаліся тлумачэньнем Сьв. Пісаньня, таму можна не сумнявацца ў тым, што пытаньні і адказы як настаўнікаў, так і Ісуса дакраналіся прароцтваў пра Мэсію. У гэтай гутарцы Ісус выяўляе не толькі мудрасьць, але і веды Сьв. Пісаньня, якія прыводзяць у зьдзіўленьне кніжнікаў.
Працяг апісаньняў такога ж зьдзіўленьня мы знаходзім у далейшых апавяданьнях Эвангелістаў.
«Калі Ісус прыйшоў у сінагогу ў Назарэце і стаў вучыць там, то «І ўсе засьведчылі Яму гэта, і дзівавалі са словаў мілаты, якія зыходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: ці не Язэпаў гэта сын?» (Паводле Лукаша 4:22).
Паўней зьдзіўленьне юдэяў перадае Мацьвей: «І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхняй, так што яны зьдзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы? […] адкуль жа ў Яго ўсё гэта?» (Паводле Мацьвея 13:54—56).
А калі Ісус вучыў у храме, то: «І дзівавалі, Юдэі, кажучы: як Ён ведае Пісаньні ня вучыўшыся?» (Паводле Яна 7:15).
Спатканьне ў Храме адлюстроавана на марцы пошты Перу (2011 г.)
Характэрна, што і жыхары Назарэта, роднага горада Ісуса, і юдэі, гэта значыць ворагі яго, сьведчаць, што ён не хадзіў ні ў якую школу. Сам Ісус ня толькі не аспрэчвае гэтага, але сьцвярджае: «Маё вучэньне – не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне…» (Яна 7:16).
Рэпрадукцыя карціны Жана Энгера «Ісус сярод дактароў» (1862 г.) на марцы пошты Рэспублікі Нігер (1967 г.)
Вось гэтаму вучэньню Таго, Які паслаў, вось гэтым словам Самога Бога дзіваваліся юдэі, калі слухалі пропаведзь Ісуса. І несумнеўна, тая ж прамудрасьць Божая выявілася ў пытаньнях і адказах дванаццацігадовага Ісуса. Звярніце ўвагу, што Ісус – Бог і чалавек – не атрымаў мудрасьць з дапамогай нейкіх зьнешніх цудаў, але ў выніку сьціплай і карпатлівай працы.
«І ўбачыўшы Яго, зьдзівіліся; і Маці ягоная сказала Яму: Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я зь вялікаю скрухаю шукалі Цябе. Ён сказаў ім: навошта было вам шукаць Мяне? ці вы ня ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму? Але яны не зразумелі сказаных Ім словаў» (Лукаша 2:48,49).
Маленькі Ісус адказвае Маці на Яе папрок на марцы Фуджэйры (1976 г.)
Прыгожа сцэну спатканьня апісвае Роман Брандштэцьцер: «У гэтую ўласна хвіліну Марыя і Язэп убачылі Ісуса. Марыя у наплыве радасьці бегла да Яго, каб Яго абняць. Але Язэп уражаны выглядам Хлопца сярод дактароў, прытрымаў жанчыну за плячо і забыўшы нядаўні непакой, паглынаў у сябе Яго натхнёныя і мудрыя словы. Але жанчына, вызваліўшы сваё плячо з далоні мужа, пабегла па ступенях порціку, расхіліла дактароў і кінулася на шыю укаханаму Сыну гаворачы: «Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я зь вялікаю скрухаю шукалі Цябе».