Эксгумацыя - страница 6



– Радавое здарэнне, – адразу ўпэўнена адказаў Шаўцоў i катэгарычна дадаў: – Жанчына сталага веку пераходзiла дарогу ў забароненым месцы i трапiла пад колы машыны. Мы правялi следчы эксперымент i вiны вадзiцеля не ўгледзелi, у такiх абставiнах пазбегнуць наезду было немагчыма.

– А што гаворыць сама Шашок?

Смаляк разумеў, што гэтае пытанне лiшняе, трэба самому ехаць у бальнiцу i там шукаць адказы.

– З жанчынай кепска, – з жалем у голасе адказаў Шаўцоў. – Яна з моманту аварыi знаходзiцца ў коме i нiякай надзеi на тое, што застанецца жыць.

– Я хачу прысутнiчаць на допыце Цвiркуна.

– Справу вядзе следчы Канаплянiк, ён вас папярэдзiць, – запэўнiў Шаўцоў.


Праз паўгадзiны Смаляк быў у бальнiцы i адразу падняўся на чацвёрты паверх у рэанiмацыйнае аддзяленне. Загадчык аддзялення Адам Пятровiч Зайцаў, трыццацiпяцiгадовы маладжавы мужчына, з якiм Смаляк быў даўно знаёмы, пачуўшы прозвiшча Шашок, толькi развёў рукамi.

– Надзеi анiякай, – i, каб пацвердзiць сказанае, паспешлiва загартаў паперы, што ладным стосам высiлiся на стале. – Ага, вось яе гiсторыя… Вы толькi паслухайце: разрыў печанi i селязёнкi, пералом чацвёртага i дзевятага пазванкоў, адкрыты пералом правай рукi, чэрапна-мазгавая траўма цяжкай ступенi.

– Цi можна яе ўбачыць? – не губляючы надзеi, спытаў Смаляк. Ён раптам зразумеў, што ехаў сюды з адным намерам – убачыць старую.

– Трэба, дык зойдзем, – хаваючы акуляры ў чорны футарал, спахмурнеў Зайцаў. – Недаверлiвыя вы, следчыя, да ўсяго хочаце сваiмi рукамi дакрануцца… Ну, але ж зразумела, справа крымiнальная!

– Чаму крымiнальная? – насцярожыўся Смаляк. – Звычайнае дарожнае здарэнне.

Доктар прыпынiўся на выхадзе з кабiнета i з засяроджана-разгубленым выглядам пачаў корпацца ў вялiзных, адтапыраных, здавалася, бяздонных кiшэнях халата, выцягваючы нейкiя вяроўкi, бруднаватыя анучы, мноства рознакаляровых таблетак, спiсаныя i чыстыя, але аднолькава пакамечаныя бланкi рэцэптаў i нават гiпсавы злепак зубоў. Вось белы свет пабачылi рыбацкiя прычындалы: чырвона-белыя паплаўкi, жылка, кручкi, i нарэшце з самага бяздоння Зайцаў дастаў аўтамабiльныя ключы на восем, дзесяць i дванаццаць.

«Засталося яшчэ выцягнуць дамкрат!» – падумаў Смаляк, але ўслых з нарастаючай злосцю прагаварыў:

– Адам Пятровiч, ключы ад кабiнета, мабыць, як заўсёды, у дыпламаце…

– Кажаце, звычайнае дарожнае здарэнне?! – не гледзячы на Смаляка, цi то пытаючыся, цi то сцвярджаючы, працягваў сваё доктар. Ён засунуў «кiшэннае багацце» на месца i хуценька крутнуўся да стала, каля якога стаяў таўставаты стары дыпламат. Шчоўкнулi замкi, i Зайцаў, падкiнуўшы на далонi звязку ключоў, радасна ўскрыкнуў: – Ваша праўда, Васiль Мiкалаевiч, – i, хiтравата прыжмурыўшыся, паглядзеў Смаляку ў вочы. – А вось сын пацярпелай Шашок чамусьцi ўпэўнены, што быў замах на жыццё мацi. Такi скандал тут закацiў, што прыйшлося супакаiцельны ўкольчык зрабiць. I яшчэ адно: з якiх гэта часоў пракуратура пачала цiкавiцца звычайнымi дарожнымi здарэннямi?..

Смаляк не адказаў. Ён выйшаў у ярка асветлены калiдор, сцены якога былi нядаўна пафарбаваныя. Чамусьцi пах свежай фарбы, пытаннi доктара, ягоныя бяздонныя кiшэнi раздражнялi, недзе ў глыбiнi душы варухнулася непрыязнасць, нават варожасць: «Што табе да маiх спраў? – стрымлiваючы сябе, каб не сказаць нешта абразлiвае, падумаў Смаляк. – Ты вунь у сваiх кiшэнях парадку не маеш, а мяне вучыш!» Ён да гэтай хвiлiны не хацеў прызнацца самому сабе, што не пошук iсцiны прывёў яго ў бальнiцу, а хутчэй закранутае самалюбства, як кажуць людзi, гонар мундзiра. Што, калi i сапраўды ў справе Альховiка яго хтосьцi водзiць за нос, абувае ў лапцi?