Эксгумацыя - страница 8
– Клаўдзiя Сямёнаўна, – ссунуўшы да пераносся бровы, пужлiва, амаль iстэрычна ўскрыкнуў Зайцаў, – са мной следчы з пракуратуры…
Медычка быццам i не чула, нават не прыпынiлася, не паглядзела на Смаляка, i следчы раптам зразумеў, што ў гэтай сiтуацыi ён лiшнi.
– Адам Пятровiч, а я таксама не адна, – зляцела з яе чырвоных вуснаў-бутонаў, – у другой палаце прафесар Баравы…
Пасля гэтых слоў медычка неўпрыкмет цмокнула, паслаўшы доктару паветраны пацалунак. Зайцаў сумеўся, пачырванеў, незадаволена папераджальна кашлянуў у кулак, рэзка крутнуўся i прачынiў блiжэйшыя ад сябе дзверы.
– Праходзьце, Васiль Мiкалаевiч, ваша пацярпелая тут, – i, быццам вiнавацячыся, кiўнуў на медычку: – Гэта мая нявеста…
Не паспеў Смаляк зрабiць i крок, як дзверы за спiнай хуценька зачынiся i да слыху даляцеў прыглушаны шэпт:
– Клава, мы ж на рабоце!
– Любы, калi гэты следчы сапраўдны мужчына, ён табе толькi пазайздросцiць.
Смаляк прайшоў на сярэдзiну пакоя, каб не чуць размовы закаханых. У палаце стаялi два ложкi, адзiн з якiх быў свабодны i запраўлены замытым да жаўцiзны прасцiрадлам з неахайнай лапiнай пасярэдзiне. На другiм ляжаў загiпсаваны чалавек, у якiм немагчыма было пазнаць старую Шашок. У прыцемненым пакоi лунала нейкая своеасаблiвая загадкавая цiшыня, якая незразумелым цяжарам лягла на плечы, прымусiла часцей бiцца сэрца, сцiснула грудзi так, што перахапiла дыхалку. Следчы паспешлiва падышоў да вакна i адчынiў фортку. Разам са свежым паветрам у пакой уварвалася рознагалоссе гарадской вулiцы, здалося, уварвалася жыццё.
Бiнты на галаве пацярпелай ружавелi крывяной плямай, загiпсаваныя правая рука i левая нага высiлiся на нейкiх мудрагелiстых металiчных канструкцыях. Да левай рукi лiпучкамi мацавалася iголка з празрыстай трубкай, па якой з бутэлечкi рытмiчна па кропельцы сцякала ў сiнюшную вену мутнаватая вадкасць. На безжыццёвым, сухарлявым, хваравiта-спалатнелым твары стала меней зморшчын, на iм застылi пакорлiвасць i цiхамiрнасць.
– Яна безнадзейная, – вынес жорсткi прысуд Зайцаў, якi нячутна ўвайшоў у палату. – Мы зрабiлi ўсё, што змаглi, але ж цудаў не бывае…
– Я хачу паглядзець яе рэчы, – чамусьцi шэптам папрасiў Смаляк i накiраваўся да выхаду.
– А рэчы забраў сын, – услед прагаварыў доктар.
4
Праз гадзiну Смаляк адчыняў веснiчкi са знаёмай шыльдай «Сцеражыцеся, злы сабака!». У гэты момант жоўтыя «Жыгулi» вырулiлi з гаража на сярэдзiну панадворка, з машыны выйшаў мужчына гадоў пяцiдзесяцi i, не заўважаючы Смаляка, нервова бразнуў дзверцай. Ён быў высокi, хударлявы, крыху сутулы, з капой нячэсаных рудых валасоў, якiя доўгай пасмай спадалi на лоб, i яму прыходзiлася штохвiлiнна матляць галавой, скiдаючы iх з вачэй. Даўгалыгi, як яго адразу ахрысцiў следчы, нешта мармычучы, зайшоў у прыземiсты цагляны гараж, а ўслед з машыны выпырхнула ўжо знаёмая бялёсая Кацярына. Смаляк зрабiў некалькi крокаў i, шукаючы «злога сабаку», прыпынiўся, агледзеўся. Каля будкi яго не было, ланцуг з ашыйнiкам сiратлiва валялiся на траве, а крыху далей, за драцяной сеткай, калупаліся ў пяску куры. Два маладзенькiя цыбатыя пеўнiкi пагрозлiва кружылiся ў байцоўскiм танцы, але справа да бойкi не даходзiла, яны толькi падскоквалi, растапырыўшы пер’е, выцягвалi худыя шыi, хлопалi крыламi, быццам высвятляючы, хто з iх больш грозны i жахлiвы. Аўчарку Смаляк убачыў за сваёй спiнай, на сцяжынцы, ля самых веснiчак. Яна пiльна сачыла за iм, усёй сваёй паставай паказваючы, што дарога да адступлення адрэзана.