Эксгумацыя - страница 10



– Справу аб дарожна-транспартным здарэннi вядзе мiлiцыя, – сядаючы ў вялiкае рыпучае крэсла, адразу прагаварыў Смаляк i, каб папярэдзiць магчымыя пытаннi, патлумачыў: – Я ж праводжу расследаванне факта смерцi вашага суседа, нябожчыка Альховiка, i якраз ў пятнiцу, напярэдаднi няшчаснага выпадку, быў тут, размаўляў з Казiмiрай Францаўнай.

Смаляк з цiкаўнасцю зiрнуў на Шашка, спадзеючыся ўбачыць рэакцыю на гэтыя словы, але той i брывом не павёў, не змянiў паставы, прытулiўшыся да дзвярнога вушака i, склаўшы рукi на грудзях, моўчкi чакаў, што скажа далей следчы. Толькi насцярожаныя палахлiва-халодныя вочы ды жаўлакi на скiвiцах выдавалi ягонае напружанне i хваляванне.

– Вось я i хачу пачуць, – спакойна працягваў Смаляк, – чаму Вы спярша заявiлi, што быў замах на жыццё Вашай мацi? Чаму…

Смаляк недагаварыў. Шашок быццам чакаў гэтага пытання i адразу паспешлiва, з абурэннем перапынiў следчага.

– А што я мог падумаць?! – ускрыкнуў ён i, цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, з горкiм сумам паглядзеў на Смаляка. – Гэта ж мацi!

Смаляк заўважыў не толькi гэты сум, але i тое, што дзесьцi многа глыбей, можа, зусiм i не ў вачах Шашка, стаiлася спрактыкаванасць i нейкая незразумелая пiльнасць, нават палахлiвасць. Ён не адчуў у словах шчырасцi, i гэта насцярожвала.

– Па-чалавечы я Вас разумею, – цiха зазначыў Смаляк, – а як следчы, не зусiм.

Шашок ускiнуў галаву i запытальна паглядзеў на Смаляка, спрабуючы разгадаць сэнс апошнiх слоў.

– Я i сам толькi потым зразумеў, што мацi сама вiнаватая, старая, даўно за семдзесят перакулiла, – вынес ён свой прысуд.

У гэты момант нечакана сцямнела, наляцеў вецер, захiсталiся, зашамацелi дрэвы, моцна бразнулi незачыненыя веснiчкi, i адразу буйныя кроплi дажджу, спярша зрэдку, нясмела, бы спрабуючы на моц шкло, сыпанулi па шыбах. Смаляк i Шашок, як па камандзе, павярнулi галовы i, утаропiўшыся ў вакно, колькi хвiлiн маўчалi, думаючы кожны пра сваё. А дождж з кожнай хвiлiнай мацнеў, i ўжо не кроплямi, а суцэльнай сцяной лiў з неба. Раптам чорныя хмары напалам рассекла крывулiстая страла-маланка, i ўслед грамыхнула раз, другi, трэцi i пакацiлася па небе i зямлi Перунова каляснiца, ды так, што, здалося, рассыплецца на дробныя кавалачкi гэтая веранда i ўвесь дом.

– У мiлiцыi мне сказалi, што яны вядуць следства, – быццам мiж iншым зазначыў Шашок i сеў у крэсла насупраць Смаляка.

Следчы разумеў, да чаго вядзе гаворку субяседнiк, i адказваць не спяшаўся, быццам i не чуў. Ён паволi дастаў з кiшэнi пачак цыгарэт.

– Можна?

– Смалiце, – абыякава махнуў рукой Шашок i, выцягнуўшы з шуфляды стала попельнiцу, упершыню ўсмiхнуўся: – Сам не смалю, а для гасцей трымаю.

– Ведаеце, Станiслаў Мiкалаевiч, – афiцыйным тонам прагаварыў госць, – пасля таго як Казiмiра Францаўна трапiла ў аварыю, мяне не пакiдае пачуццё вiны.

– А Вы тут пры чым? – адразу насцярожыўся Шашок.

– У тым уся i закавыка, што быццам бы i ні пры чым, – разважаў Смаляк, – але ж у аварыю яна трапiла ў той жа дзень пасля размовы са мной.

– Ну ў Вас i работка! – з палёгкай выдыхнуў Шашок. – Так можна абвiнавацiць сябе ва ўсiх злачынствах, якiя здзейснiлi людзi, што да таго сустракалiся з вамi…

– У нечым Вы маеце рацыю, але ж у дадзеным выпадку Вы, паважаны Станiслаў Мiкалаевiч, прымусiлi мяне засумнявацца ў раней прынятых рашэннях.

– Я ж казаў, што ў бальнiцы на мяне найшло нейкае насланнё, не памятаў сябе, як казалi медыкi, стрэс… Разумееце? – амаль закрычаў Шашок.