Эксгумацыя - страница 9



– Вам каго? – нечакана прагучаў хрыплаваты прастуджаны голас.

Смаляк азiрнуўся. Да яго, выцiраючы рукi прамасленай анучай, падыходзiў даўгалыгi. Шэрыя, глыбока пасаджаныя вочкi-калючкi свiдравалi яго з непрыхаванай варожасцю, нават злосцю.

– Старшы следчы пракуратуры Смаляк, – афiцыйна адрэкамендаваўся Смаляк. – А калi Вы Станiслаў Мiкалаевiч Шашок, то я да вас.

Яны некалькi хвiлiн моўчкi вывучалi адзiн аднаго i, калi гульня ў маўчанку зрабiлася нясцерпнай, следчы працягнуў службовае пасведчанне:

– Вось мой дакумент.

– Ну, я – Станiслаў Мiкалаевiч, – нарэшце выдыхнуў гаспадар. – Толькi са мной ужо гаварылi ў мiлiцыi, i новага нiчога не скажу.

Шашок вiдавочна хваляваўся, унiкаў глядзець Смаляку ў вочы i ўвесь час нервова круцiў у руках анучу, не ведаючы, куды яе дзець.

– Тата, куды пакласцi бабулiна адзенне? – тузанула бацьку за рукаво кашулi Кацярына i насцярожана-недаверлiвым позiркам утаропiлася ў Смаляка.

Шашок схамянуўся, паспешлiва выхапiў з рук дачкi невялiкi клунак i борздзенька пашыбаваў у хату, кiнуўшы на хаду:

– Я сам аднясу, – ён вiдавочна хваляваўся.

Праз некалькi хвiлiн ён падыходзiў да Смаляка ўжо спакойным i ўпэўненым у сабе чалавекам, ад узбуджанасцi i няўпэўненасцi не засталося i следу, толькi ў шэра-халодных вачах яшчэ не-не ды ўспыхвалi трывожныя, палахлiвыя агеньчыкi.

На твар Смаляку звалiлася некалькi халодных, нечаканых дажджынак. Ён, прыжмурыўшыся, з надзеяй паглядзеў на нiзкiя хмары, якiя няўмольным чорным крылом напаўзалi на горад. Усё наўкол напружана сцiшылася, нават ваяўнiчыя пеўнiкi знерухомелi i спалохана цiснулiся адзін да аднаго, здзiўлена плюскаючы вачыма. Яны таксама чакалi дажджу, але адначасова i баялiся няведамай iм стыхii.

– Ну, нарэшце дачакалiся, – з-пад далонi паглядзеў на аблокi Шашок i iранiчна дадаў: – Па радыё дождж абяцалi яшчэ заўчора… Зойдзем у хату, там i пагаворым, хаця… – ён недагаварыў, абыякава махнуў рукой i, не азiраючыся, пашкандыбаў у прачыненыя дзверы.

«Што крыецца за Шашковым „хаця͗”? – iдучы следам, падумаў Смаляк. – Цi не звязана гэта з ягонымi паводзiнамi ў бальнiцы? Чаму там ён, бы звар’яцелы, крычаў, што мацi хацелi забiць, i слухаць не хацеў пра няшчасны выпадак? Калi так, то якая прычына, каму перайшла дарогу старая? Такога разважлiвага чалавека, як Шашок, не проста выбiць з каляiны, i тым не менш… А цяпер ён трагедыю ўспрымае, як няшчасны выпадак, i ўсё ж ён нервуецца, i ў першыя хвiлiны сустрэчы быў вельмi напалоханы, ледзь узяў сябе ў рукi. А зменлiвыя паводзiны ягонай мацi падчас допыту ў пракуратуры i апошняй сустрэчы… Не, вiдавочна, гэтыя Шашкi нешта замоўчваюць, адчуваю, што ёсць таямнiца, якая, па ўсiм, i прывяла да трагедыi, а калi так, то i паводзiны сына ў бальнiцы знаходзяць лагiчнае паразуменне. Трэба з гэтым разабрацца».

Шашок нецярплiва чакаў Смаляка ў прасторнай, светлай верандзе. Справа ад увахода стаяў адшлiфаваны да бляску мажны круглы стол на мудрагелiстых тоўстых ножках, зробленых у выглядзе лiчбы «2». Вакол прыслужлiва высiлiся чатыры самаробныя драўляныя крэслы з конусападобнымi набалдашнiкамi на спiнках. Крэслы выглядалi маўклiвымi ваярамi-ахоўнiкамi свайго блiскучага гаспадара-стала, а крыху далей, каля сцяны, абклеенай блакiтнымi шпалерамi, нясмела тулiлася, быццам баючыся гэтых мажных крэслаў-ахоўнiкаў, вузенькая белая шафа, у якой за шклом задзiрлiва, нават з выклiкам, блiшчэлi крышталёвыя шклянкi, iншы каштоўны посуд.