Нелюбімыя гінуць - страница 6
– Праз гадзіну будзем на месцы, паціху збірайся. Цябе чакаюць.
– Я гатова, – хвалюючыся, прашаптала Люба і не пазнала свайго голасу. Зноў перахапіла дыханне, яна закашлялася.
– Ну-ну, толькі не ўздумай самлець, – лагодна паляпаў Любу па спіне Ашот, – хворая ты ім не патрэбна… – ён трошкі памаўчаў і, адчуваючы няёмкасць, дадаў: – І чаго цябе з такім здароўем панесла ў свет?
Люба нічога не адказала, але гэтае пытанне ўзяло за жывое. Імгненна, як на экране тэлевізара, перад вачыма прамільгнула яе жыццё. Пасля смерці маці, калі п’яніца-бацька прывёў у хату мачаху, у яе пачалося напаўжабрацкае дзяцінства і гэткае ж юнацтва. На выпускны школьны баль сама перашыла, пераніцавала старую суседчыну сукенку, якая і сёння як парадная ляжыць на дне чамадана. Пасля няўдалай спробы паступіць у інстытут – праца ў трамвайным дэпо. Заробак не дазваляў раскашаваць, ледзь хапала на пражыццё, бо амаль усе грошы аддавала цётчыным знаёмым на разлік за мінскую прапіску. Яна магла спадзявацца толькі на сябе, таму адразу і ўхапілася за прапанову паехаць у Нямеччыну ў заробкі. Няхай пакаёўкай, няхай пасудамыйкай, абы толькі вырвацца з абрыдлай нястачы…
– Я вельмі добра сябе адчуваю, – Люба адштурхнула Ашотаву руку і, злосна зірнуўшы на хлопца, дадала: – І, калі спатрэбіцца, змагу за сябе пастаяць…
– Гэткая ты мне падабаешся, – шчыра засмяяўся Ашот і, падышоўшы да вадзіцеля, гучна сказаў: – У нашага напаўсамлелага верабейкі вырасла дзюбка.
– Хто іх, жанчын, зразумее, – стомлена прабурчэў Дзмітрый. – Спярша дзюбка, а потым невядома адкуль з’явяцца і дзюба, і змяіны зуб…
Ён пазяхнуў і, трымаючы руль левай рукой, правай ухапіў поліэтыленавую двухлітровую бутлю з вадой. Спярша зрабіў некалькі вялікіх глыткоў, потым лінуў вады на галаву, шыю, парослую чорнымі валасамі грудзіну і, страсянуўшы патлатай галавой, выдыхнуў:
– Другія суткі за рулём, хоць бы не заснуць… Ірка, сцерва, падвяла, выбіла з графіка.
– Трымайся, перададзім дзяўчыну і заначуем, – зручней уладкоўваючыся ў крэсле, адказаў Ашот і, выцягнуўшы цыбатыя ногі, заплюшчыў вейкі.
Да скрыжавання, на якім чакалі Любу, пад’ехалі каля адзінаццаці гадзін вечара. Як толькі машына спынілася і Ашот адчыніў дзверцы, у салон цяжкавата і не без дапамогі хлопца ўскараскалася невысокага росту гадоў пяцідзесяці жанчына ў вялізных, на паўтвару, акулярах. Гладка зачэсаныя валасы былі сабраны на патыліцы і прыхоплены ярка-чырвонай шпількай. Жанчына, не вітаючыся, па-руску зняважліва заявіла:
– Я – фрау Эльза, эканомка пана Ганса. Мой гаспадар прасіў перадаць, што за спазненне ён спагоніць з вашай фірмы штраф.
Ашот у апраўданне хацеў нешта сказаць, але жанчына рашучым жэстам рукі перапыніла:
– Не трэба тлумачэнняў, Люба Анікейчык – на выхад!
– Бывай, сяброўка, – абыякава прабурчэла за Любінай спінай Ірына і, шчыльней захутваючыся ў плашчоўку, санліва дадала: – Добра, што гэты славуты нямецкі парадак для мяне пачнецца толькі заўтра…
Люба на развітанне моўчкі паціснула Кацярыне руку, ускінула на плячо дарожную сумку, падхапіла старэнькі чамадан.
Накрапваў невялікі дожджык, і першае, пра што падумала Люба, ступіўшы на зямлю, гэта быў парасон, які наўмысна не ўзяла з сабой з-за зламанай спіцы і зацыраванай у двух месцах матэрыі.
Насупленая і непрыступна халодная фрау Эльза была ў машыне. Яна дачакалася, калі Люба ўладкавалася на заднім сядзенні, і толькі пасля гэтага, прачыніўшы шкло, падала Ашоту аркуш паперы.