Нелюбімыя гінуць - страница 8
– Я не любіла, таму ён і загінуў, – сказала Айшэ.
– Мой сын як сапраўдны джыгіт загінуў, абараняючы Радзіму, – холадна, з абурэннем у голасе адказала Лола. – Роду Баджыевых не сорамна за яго, і ты абавязана паводзіць сябе як жонка героя!
Гэтае «абавязана» быццам токам працяло Айшэ. З першага дня знаёмства з Цімурам, а потым і ягонымі родзічамі яна толькі і чула, што ўсім ім нечым абавязана і ў першую чаргу, што яе прынялі ў старажытны багаты род, што яе муж – вядомы ў рэспубліцы чалавек, што за яе заплацілі непамерна вялікі калым.
– Больш нічога я вам не абавязана, – напружана варухнуліся губы Айшэ. – Цімура няма, і я не застануся ў вашым доме.
– Ну-ну, супакойся, дачушка, – упершыню назваўшы Айшэ дачкой, памякчэлым голасам прыхільна сказала Лола і, абняўшы нявестку за плечы, прытуліла да сябе. – Нам больш няма чаго дзяліць акрамя гора… Дый унучак народзіцца, трэба на ногі падымаць…
Пякучыя слёзы жалю да сябе, да свайго лёсу раптоўна накаціліся на вочы, і адразу знікла, быццам растварылася, крыляючая чорная кропка ў небе. Айшэ сілілася зноў убачыць арла, яна хусцінкай выцерла вочы, але птушкі нідзе не было.
– Цімур пайшоў назаўсёды, – выдыхнула Айшэ і, уткнуўшыся тварам Лоле ў плячо, ціха заплакала.
Свякроў не супакойвала. Цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, яна мацней прытуліла нявестку да грудзей, моўчкі гладзіла па галаве і, быццам калышучы немаўля, ціха захісталася. Айшэ не заўважыла, як перастала плакаць і сцішылася. У гэты момант ёй вельмі карцела зноў убачыць арла, але цела здавалася нейкім чужым і бяссільным, яна не магла нават узняць галаву і расплюшчыць вейкі. Устрывожаныя пачуцці, відавочна пад уздзеяннем заспакаяльнага, паціху саступалі месца горка-шчымліваму ўспаміну, які расчульваў і больш не выклікаў брыдкага пачуцця помсты.
Айшэ ўпершыню ўбачыла Цімура яшчэ ў школе, калі да іх запрасілі былых навучэнцаў, тых, хто ў жыцці дабіўся поспеху. На той час Цімур, майстар спорту міжнароднага класа па вольнай барацьбе, чэмпіён Расіі і Еўропы, быў кумірам грозненскіх школьнікаў, ягоны партрэт вісеў на ганаровым месцы побач з партрэтам генерала Дудаева. Дзяўчаты-адзінаццацікласніцы падчас сустрэчы адорвалі кожнага госця кветкамі, і Айшэ выпала паднесці букет Цімуру. Дваццаціпяцігадовы волат быў негаваркі, на ўсіх пазіраў сумнымі вачыма, а ўбачыўшы дзяўчыну, і зусім спахмурнеў. Ён доўга лупіў на Айшэ трошкі вірлаватыя калючыя вочы і, не дачакаўшыся заканчэння вечарыны, сышоў са школы, спаслаўшыся на тое, што ў яго трэніроўка. А праз тыдзень да бацькоў Айшэ завіталі сваты. Цімуру адмовілі, бо бацька і маці марылі, што адзіная дачка-выдатніца пасля школы будзе вучыцца на медыцынскім факультэце Грозненскага універсітэта. Дый ранавата шаснаццацігадовай дзяўчыне замуж. Праўда, была ўмова, па якой Цімур мог разлічваць на жаніхоўства, але не раней таго часу, калі Айшэ будзе вучыцца на трэцім курсе. «Я гэтулькі чакаць не магу», – аблізнуўшы патрэсканыя тоўстыя вусны, прабурчаў жаніх і зірнуў на Айшэ так, што ў дзяўчыны душа напоўнілася холадам і страхам.
Больш за паўгода Цімур нічым не нагадваў аб сабе, і Айшэ супакоілася, пачала лічыць, што ён ад яе адмовіўся. Але гэта было далёка не так. Цімур і сапраўды чакаў, але не трэцяга курса універсітэта, а заканчэння Айшэ школы. Ён нават не дазволіў дзяўчыне дачакацца канца выпускнога балю.
Як толькі Айшэ атрымала атэстат і невялічкі сіні футарал з залатым медалём, ёй перадалі, што на першым паверсе ў фае яе чакае фотакарэспандэнт, які хоча ў ранішні выпуск мясцовай газеты даць здымак медалісткі. Карэспандэнт зрабіў некалькі здымкаў, і Айшэ не заўважыла, як побач з’явілася некалькі дужых хлопцаў і Цімур. Няўдалы жаніх пырснуў у твар нечым прытарна-горкім з блакітнага балончыка, і Айшэ страціла прытомнасць. Апошняе, што засталося ў памяці дзяўчыны, было чорнае начное неба і мутна-жоўтыя шары-ліхтары на алеі каля школы.