Нязніклыя - страница 14
– Няма. Няма папяровай. Была электронная, але сама разумееш, батарэйкі ў першыя ж дні хутка страцілі свой зарад, ператварыліся ў парашок. Я абышоў усе крамы электронікі, што былі паблізу, хацеў нешта змайстраваць, але няма такой батарэі, што трымала б зарад. Сёння я планаваў прайсціся па аўтамабілях, знайсці нешта вартае, а затым наведаць чыгуначны вакзал… Дарэчы, там дакладна павінны быць карты з паперы. Зараз я туды схаджу, пакуль не сцямнела. Я ўжо бываў там, таму, я хутка, – захапіўся планам Мікалай.
– А як жа твой квадракоптар? Я бачыла, як ты яго запускаў сёння раніцай. Як ён мог працаваць? – пыталася Паліна.
– Гэта быў груган, кружыў над мной. Прыстаў. Куды я, туды і ён. Але потым адстаў ад мяне, калі я схаваўся ад яго ў будынку. Атрымліваецца, ты мяне знайшла дзякуючы птушцы?!
– Не зусім. Я і твой сілуэт бачыла, – казала яна, – Я хачу з табой пайсці, па карту!
Хлопец ужо стаяў ля выхаду. Ён збіраўся і рэфлекторна, злёгку ўсміхаючыся, глядзеў на Паліну.
– Не! Не варта, – казаў ён, спяшаючыся да вакзала. – Заставайся тут. Адпачні. Я не ведаю, дзе і як ты правяла мінулыя дні, але табе варта застацца тут. Паклапаціся пра Яшу ці хутчэй, ён пра цябе паклапаціцца. Пазнаёміцеся бліжэй. Бяры тут што хочаш, еш, што хочаш. Усё роўна нам сыходзіць. Так што, збірай сумкі, шукай усё неабходнае. Я ўпэўнены, ты не з тых, хто будзе рабаваць мяне, не з тых, хто задумаў дрэннае. Заставайцеся тут. Так будзе бяспечней для цябе.
Мікалаю хацелася спадабацца дзяўчыне, таму ён гатовы быў дзяліцца з ёй усім і ісці на рызыкоўныя подзвігі.
Паліна трывожна паглядзела на сабаку, затым падняла вочы на хлопца і сказала:
– Асцярожна…
Мікалай быў ужо ў чорнай вопратцы. Ён схаваў сваю лёгкую ўсмешку пад маскай, абараніў вочы будаўнічымі шырокімі акулярамі. Хлопец кіўнуў і хутка выйшаў з памяшкання.
Яша ў той жа момант ускочыў, падбег да дзвярэй, сеў насупраць іх і стаў чакаць гаспадара.
– Спадзяюся, ён вернецца. Тут жа недалёка… – спакойна сказала Паліна гледзячы на адданага сабаку, нібы казала гэта яму.
Яша сядзеў смірна, ён не паварочваўся на звонкі голас, толькі злёгку паварушыў левым чорным вухам.
IV
У гэтую гадзіну сонца толькі злёгку кранала сваімі прамымі прамянямі галаву Мікалая, усё больш цёплае святло растваралася ў цяжкім паветры, у прахалодным парыве шкоднага ветру, які быў змрочным і непрадказальным. Да сярэдзіны дня летні цёплы вецер яшчэ больш узмацніўся. Ён раззлавана гнаў шэры пыл ва ўсе бакі, шумеў і гарэзаваў на кожным вуглу, хаваў усю дробязь, што ўпала да самай зямлі. Грозны вецер лётаў, нібы страціў увесь свой спакой і злаваўся толькі на аднаго Мікалая. Ён дражніў хлопца моцнымі парывамі, калі той толькі з'явіўся на вуліцы. Шчодра абсыпаў яго цела дробнымі пясчынкамі.
Шэры сухі пясок, мяккі, як бавоўна, хутка абхапіў і схаваў у сабе чаравікі Мікалая. Выйшаўшы з хованкі, хлопец усім сваім целам прыняў на сябе бушуючую гарадскую буру. Адчуў, як адзенне ўшчыльную прыціснулася да цела. Моцная дробязь, нібы ўраган пустэльні, атакавала яго. «Хутка ж памянялася надвор'е», – нядобра падумаў Мікола і паглядзеў налева. У ахоўныя празрыстыя акуляры жвава паляцеў ледзь прыкметны пыл. Рот і нос пры гэтым быў прыкрыты чорнай тканінай, якая чысціла, не прапускала змешаны кісларод, давала беспраблемна дыхаць хлопцу. Пры такім надвор'і, трэба было значна часцей замяняць тканіну на новую, чым раніцай ці ж у вечар. Усе астатнія часткі цела, ад плячэй і да пятак, адчувалі больш густое зборышча шэрага парашка, які быццам штурхаў хлопца на першы крок. Мікалай спачатку пільна разгледзеў вуліцу, а затым пайшоў у бок вакзала. Ён дастаў пісталет і ўпэўнена ішоў наперад. Справа не заканчваліся легкавыя аўтамабілі, якія мільгалі, хаваліся ў лятучых пясках. Спачатку, злева, моцна дзьмуў вецер, ён імчаўся з боку пустой прасторы і перашкаджаў Мікалаю. Але як толькі хлопец дайшоў да першага пяціпавярховага будынка, які страціў толькі шэры дах і частку сцен верхняга паверха – стала спакайней, але ненадоўга. Хлопец спяшаўся, хуткімі крокамі кароціў цяжкі шлях. Абышоўшы паркоўку, дзе спалі аблезлыя жоўта-белыя кузава маршрутных таксі, ён павярнуў да палаца культуры і тут жа, праз дарогу, замільгаў чыгуначны вакзал.