Нязніклыя - страница 18



Мікалай астыў ад думкі, што яго сваякі і сябры яшчэ жывыя, у яго была на тое прычына так думаць. Перад Палінай ён яшчэ не адважваўся раскрыць гэты сакрэт. Ён адчуваў яе напорыстасць у голасе, бачыў, як гарэлі яе вочы ад маленькай надзеі, што адрадзілася. Таму, ён проста пагадзіўся з Палінай, не жадаючы мяняць яе настрой.

Цяпер трэба было збіраць рэчы і маральна рыхтаваць сябе да сур'ёзных выпрабаванняў. Рыхтаваць сабаку да паходу.

Усім было страшна і няўтульна ад думкі, што наперадзе можа здарыцца ўсё што заўгодна. Але ў адрозненне ад Паліны, Мікалай ужо наглядзеўся на розныя новыя істоты змяняючага свету. Ён быў гатовы бегчы як мага далей ад іх у бяспечнае месца і думаў пра тое, што будзе гатовы да ўсяго, што сустрэнецца на шляху, будзе гатовы даць адпор любой перашкодзе.

Выходзіць вырашылі заўтра, раніцай. Трэба было добра выспацца, але як можна добра спаць, калі заўтра цябе чакае няпростая дарога? Думкі аб ёй мімаволі лезлі ў галаву. Хваляванне, перажыванне і ўяўленне гоняць сон. Нават сабака не змыкаў сваіх рудых вачэй, адчуваў неспакой людзей.

Ноч была маўклівай, доўгай. Толькі ў яе сярэдзіне двое змаглі заплюшчыць вочы.

Раніцай, завадны гадзінны механізм звонка затрашчаў, закрычаў, як шалёны, аб тым, што пара падымацца. Гэта казала, што малазнаёмыя людзі і адзін сабака, адправяцца ў новыя прыгоды. Мікалай хутка заглушыў раздражняльны гук, двое ляніва ўставалі на ногі. Праз гадзіну, добра прачнуўшыся, ужо ўсе былі сабраныя. Паліна накінула на сябе свой невялікі шэры заплечнік набіты рэчамі і падышла да радыё. Уключыла яго ў апошні раз. Прыемны мужчынскі голас разборліва спяваў пра пачуццё суму, лірычная музыка ахінала словы спевака, станавілася сумна на душы. Песня нібы клікала да сябе. Здавалася, што яе жыўцом спяваюць у Бабруйску і адтуль транслююць на ўвесь свет. Цёпла і меладычна было ў памяшканні некалькі хвілін, пакуль радыё імгненна не змоўкла. У тую ж гадзіну, і святло згасла. Быццам хтосьці апусціў рычаг рубільніка і электрычнасць знікла. Дзяўчына ўбачыла лёгкае святло, якое прабівалася скрозь закрытыя вокны, і, з неспакойным пачуццём, адышла ў бок, бліжэй да дзвярэй. Мікалай у гэты час дастаў светлавую палачку з хімічным святлом, сагнуў яе і кінуў у цэнтр памяшкання. Светла-зялёнае святло дапамагло ім бачыць адзін аднаго. Хлопец пасадзіў Яшу ў спецыяльную сумку-пераноску, а затым спіной павярнуўся і накінуў яе на сябе. Чорны заплечнік, у які змясціліся толькі самыя патрэбныя рэчы, хлопец павесіў спераду. Рыжую валасатую галаву ён схаваў чорным шырокім капюшонам ад талстоўкі, якую ён надзеў на голае падкачанае цела. Ніжэй, на доўгіх нагах, нагавіцы цёмны хакі з тонкай шчыльнай тканіны і светлыя, цялеснага адцення, чаравікі.

У хлопца было два пісталеты, чатыры абоймы, ён мог падзяліцца з дзяўчынай, але гэтага не зрабіў. Мікалай быў не гатовы даверыць зброю чалавеку, з якім правёў так мала часу. Ці ўмее яна наогул карыстацца пісталетам? Якое мінулае ў яе? Як яна выжыла ў такі цяжкі і незвычайны апошні месяц? Ён не дапытваў Паліну, не ціснуў на яе, бо баяўся аддаліць яе ад сябе. Не ведаў, як адрэагуе на яго пытанні Паліна і ці будзе адказваць на іх толькі праўдай. Мікалай лічыў, што будзе лепшым рашэннем пакінуць зброю пры сабе, а па дарозе даведацца пра дзяўчыну: у паводзінах, у размове. Сама ж Паліна меркавала, што хлопец знайшоў зброю ў міліцэйскіх участках і, не турбавалася аб тым, што ў яе няма такой абароны.