Прынагоднае. Эсэ, вершы, публіцыстыка, штосьці пра аўтара - страница 3



Хаця навакол амаль усе ды ўсё было знаёма, межы, так бы мовіць, майго арэалу былі. З усходу гэта была рачулка Дзебра, да яе было меньш кіламетру, на захадзе крыху бліжэй бруілася такая ж занядбаная Дубравенка, яны умоўна паралельна завершвалі свой шлях да Дняпра. Дняпро ж быў галоўнай мяжой з поўдня, нават ня сам Дняпро, а той высокі бераг яго, званы Валам – улюбёнае месца шпацыраў магілёўцаў. Шмат людзей прыходзіла на Вал, калі пачынаўся крыгаход, паводка выплёсквалася з берагоў Дняпра на поплаў, дзе пакідаючы выспачкі з хацінамі, а дзе і затопліваючы часткова хацінкі. Крыгі тоўстага лёду па рэчышчы ад Смаленску, Воршы павольна, але мэтанакіравана набліжаліся да аутамабільнага мосту, а ён быў драўляны, дрыжэў пад напорам вады, ня тое каб крыгаў. Каб ратаваць мост прызначаліся сапёры з Пашкаўскага гарнізону, яны буравілі лункі ў лёдзе, мацавалі выбуховыя зарады ды ўзрывалі крыгавыя заторы. Назіраць гэта відовішча бывала шмат ахвочых. Найбольш моцная паводка мне запамятавалася з 1955 годзе. Дарэчы, пры выбуху гінець рыба, а на той час я быў сьведкам, што пад горадам у Дняпры лавілася на вудзільна сьцярлядка нават, дык вось ніжэй мосту аматары, іншы раз скочучы па крыгах, рызыкавалі выцягнуць агаломшаную рыбіну. Ну, паквапіўся неяк і я на тое, ды не хапіла малому спрыту, укінуўся у ваду, а тое ж ня летам, вопратка прамокла ды пачала лёдам брацца. Давялося мне бегчы з кіламетр да знаёмых, ды ратавацца ля печы, бо маці маёй бы гэта дужа не спадабалася…


Паводка 1955 году


Вяртаючыся да межаў, скажу, што паўночнай жа мяжой я сабе меў мост праз чыгунку перад вакзалам. Вось так, ад Валу да вакзалу па Першамайскай, дзесьці два кіламетры былі маёй тэрыторыяй, якая мною была добра выведана, бо на пачатку пяцідзясятых большасьць «маёй» тэрыторыі была прыватным сэктарам ды часткова адноўленымі будынкамі, з лапікавымі гародчыкамі у дварах, з разнамаснымі хлявочкамі, прыбіральнямі, з дзіркамі ў платах. Некалькі вялікіх дамоў у цэнтры гораду мелі чамусьці свае імёны, прыкладам Дом Леніна – ля першай школы, Дом Будзённага – ля кіно «Радзіма», Шэры Дом – на пачатку вуліцы Чалюскінцаў, Зялёны Дом —Ленінская 68, дзе жылі мае аднакашнікі, бацькі якіх служылі ў Школе КГБ, Дом Саветаў, на Першамайскай Дом 90, Дом Сталіна. Апошні і зараз, праўда падрошчаны на адзін паверх, стаіць як і ранней.


Мост


Пасьля паваеннай рэстаўрацыі жылі ў ім супрацоўнікі Металаапрацоўчага камбінату, які сёньня завецца завод Электрарухавік, татка мой перайшоў на той завод на працу на самазвал ГАЗ-51, а дырэктарам быў яго старэйшы брат, мне дзядзька Янка. Прыгадваю як нейкае сьвята, ці не Кастрычніцкую рэвалюцыю, адзначалі жыхары Дома Сталіна, камунаю… Бацькоў маіх тксама запрасілі, ну дык і я там жа. Вось тады, падаецца ў 52 г., я пабачыў дэмакратыю, бо разам за адным сталом сядзелі ды частавалі адзін аднаго і намесьнік дырэктара Ляксей Грышчанка, і шафёр Васіль Станкевіч, і каваль Ільля Плотнікаў, разам было чалавек трыццаць. Той час пакуль яшчэ згуртоўваў людзей. Я памятаю, як ужо ў нашай камуналцы ладзіўся Новы Год. Сталы накрытыя былі ў нашай хаце, туды прыносілі гарэлку ды закуску, якой былі венігрэд, салёныя гуркі, капуста, трошкі сала ці вяндлінаў, можа яешня, але ўсім было і добра, і вясёла… Таньчыць ішлі ў другую хату, а зьняможаных адводзілі ў трэцюю – прахалодную, але ўсё у той жа камуналцы.