Вясковыя гісторыі. Дваццаць год апасля - страница 10
Знойдзеш лапіну, сагнешся, пачнеш шоргаць буйныя, зпешчаныя лiпеньскiм сонейкам ягады, кiнеш позiрк у бок, а ў дзвюх шагах побач ягады яшчэ буйнейшыя, яшчэ прыгажэйшыя. Кiдаешся туды. Шорг, шорг… А вунь на пагорку зусім лісця з-за ягад не бачна. Ты туды. А там у яміне пад ялiнай іх яшчэ больш…
Так і скокаеш па лесе, шукаючы, дзе ягады паболей, ды папрыгажэй.
Гадзіны з дзве пабегаеш, потым плюнеш, сядзеш на адным месцы і нетаропка набярэш свой посуд, лаячы сябе за тое, што дарма страціў час, бегаючы па балоце.
Сонца яшчэ не перакулiцца за поўдзень, а ты ўжо цягнешся дадому з поўнымі ведрамі. Хаця, якое там дадому! У тое лета зрэдку хто даносіў лясны скарб да хаты. Па большай частцы накiроўвалiся адразу да Вуcцiнавiча. Той абсталяваў стары сарайчык пад прыемны пункт, дзе i прымаў ягады – чарнiцы, бруснiцы, журавiны. І сыпалісь ў пластыкавыя скрынкі ягады, перамешаныя з лiсцем i сасновымi хваiнкамi, абагрэтыя сонейкам i чалавечымi рукамi. І нiхто не шкадаваў сваiх намаганняў. Было чаго! Яшчэ назбiраем. Ды i навошта сабе столькi? Яшчэ з мінулага лета ў падвалах стаяць некранутыя слоікі з варэннем, кампотамі. Чарнiцы ж не вiшнi, не клубнiцы. Ахвотчыкаў на iх мала.
Вось і неслi ягады адразу на нарыхтоўчыя пункты. Грошы напачатку там давалі невялікія, але ж лiшняя капейка ў гаспадарцы не перашкода. Ды i чымсцi трэба было заняць рукi, пакуль на гародах раслi, зелянелi, налiвалiся, чакалi свайго часу бульба, морква, буракi.
Вось i цягнулася да лесу з ранку да вечара чарада нарыхтоўшчыкаў. Хто паасобку, хто напару, а хто i ўсей сям’ей.
Ішлі ў лес – глядзелі, колькі сення Вусцiнавiч нацарапаў на прылепленай да сцяны сарайчыка паперыне. Кумекалі – здаваць сення, ці пачакаць да заўтрага. Мо, заўтра больш даcць. Але ж, вяртаючы з лесу, вырашалi не чакаць магчымага павышэння кошту. За ноч ягады могуць і сапсавацца. Хто іх потым прыме? Вусцiнавiч i гэтак вечна прычэпiцца – то ягады пабiтыя, то смецця шмат. Сам бы лерей ў лес схадзiў, чым носам круцiць.
Цетка Мар’я, як i ўсе вяскоўцы, бавiла час у лесе. Брала пяцілітровае вядзерка, насыпку і калі толькі завіднеецца, тупала ў лес. Цяжкавата, зразумела, ў ейныя гады, ды хоць рукі і галава пры справе. А тут яшчэ і пляменнікі наведаліся – Кастусь з жонкай Вольгай і двумя дачкамі – Машкай і Ангелінай. Як тут не пабалаваць сваякоў свежымi чарнiцамi. Бадай у горадзе iх цяпер i няма. Толькi цетчыных прысмак пляменнiкi i ўнучкi есцi не сталi. Як пачулi пра тое, што людзi на ягадах грошы зарабляюць, кiнулiся ў лес. Ну i цетка з iмi.
Тупала следам, намагаючыся не адстаць ад моладзi, бухцела сабе пад нос:
– Ну і назвалі дзеўчыну! Ангеліна. Хiба iншых iмен не было? І не выгаварыш. І каму такое ў галаву стукнула?
Кастусь толькі сумна уздыхаў. Агелiнай дачку назвала цешча. Гэта ей цюкнула абраць такое неблагагучнае імя. Спрачаліся, крыўдзіліся. Але ж так і пакінулі. Праўда, Ангелінай дачку нi Кастусь, нi Вольга не звалi. Звярталісь усе больш да яе проста – малая.
Мар’я, iдучы ў лес заўседы брала з сабой кавалачак хлеба альбо пару цукерак.
– Лесавiчку, – жартавала яна. – Гасцiнцы. Хай дапаможа нам ягадак назбiраць.
Малыя толькi пасмейвалiся.
– Тут сам не паварушышся, – дзiвiўся цетчыным звычкам Кастусь, – нiхто не дапаможа. Нiякi лесавiк.
– Так то яно так, – пагаджалася старая. – Але ж хто яго ведае…
I, пакiнуўшы на пяньку прысмакi, Мар’я прыймалась за справу. Пляменнiкi таксама намагалiсь не адстаць ад цеткi. Разбрыдалiсь па ўсяму балоту. Шукалi мясцiны, дзе ягад паболей. Дзе яны буйнейшыя i спялейшыя. Гукалi адзiн аднаго, каб не згубiцца. I зноў кiдалiся ў пошукi больш ураджайных лапiн.