Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - страница 11
Мой сын, цяпер ужо юнак, дзіцём прысутнічаў на некаторых Трыдэнцкіх Імшах, але то быў час, калі мы не маглі знайсці спяваную Імшу, каб у ёй удзельнічаць. Калі яму споўнілася больш-менш сем гадоў, нам пашчасціла ўдзельнічаць у Missa cantata пасля больш чым гадавога перапынку. Калі мы вярнуліся дадому, ён узяў ліст паперы і без усялякіх просьбаў з нашага боку намаляваў тое, што ён бачыў на алтары (гл. ілюстрацыю). Заўважце, якім чынам адлюстраваны ключавы момант цэлебрацыі, прынашэнне ахвяры нашага Пана, і як перададзена неад’емная сакральнасць гэтага моманту: высокі келіх, перабольшаныя свечнікі, прыслугоўваючы звоніць у званкі, крыху схіліўшыся. Мой сын ніколі не маляваў Імшы Novus Ordo, нават самай пабожнай; магчыма, яна ніколі не ўражвала яго альбо не кранала так, як Трыдэнцкая Імша. Я ўжо чую, як літургічныя эксперты кажуць: «Ён не разумеў гэтай Імшы, бо ён не мог перакласці (і нават пачуць) кожнае лацінскае слова». Вам, літургічныя эксперты, якім так патрэбны глыток здаровага сэнсу, я адкажу: ён убачыў і бясслоўна ўхапіў самую сутнасць Імшы – велічны, таямнічы, прыцішаны і святы акт пакланення, засяроджаны вакол Цела і Крыві Хрыста. Калі ласка, адкажыце мне: што разумее і з чым выходзіць сямігадовае дзіця пасля тыповай англамоўнай парафіяльнай літургіі? Альбо не, не кажыце! Я лепш распавяду вам, што сказала мая дачка, якой тады было чатыры гады, калі яна ўбачыла як дарослая жанчына выконвала функцыю галоўнага міністранта: «Мама, мама, жанчыны-святары ўсё ж бываюць!» Нагода для спакойнай катэхэзы і ціхага абурэння. Такая літургія – гэта банкрут яшчэ да свайго пачатку; а пакуль яна не скончыцца, мы будзем сведкамі пародыі на каталіцкую Традыцыю. Толькі таямнічая прысутнасць Хрыста не дае ёй зрабіцца поўнай пародыяй.
Найвышэйшая «Імша для дзяцей» – я маю на ўвазе кожную асобу, ад малюткага хлопчыка да старога, якая хоча жыць пакліканнем духоўнага дзяцінства, а не тых, хто застаецца на дзіцячай ступені чалавечага развіцця, – гэта Трыдэнцкая Імша ва ўсёй сваёй прыгажосці, якая кожнага прысутнага аглушае артадаксальнасцю і кожнаму нашэптвае таямніцу. Калі вы хочаце мець поўны касцёл каталікоў, якія ведаюць, любяць і практыкуюць сваю веру, дайце ім літургію патрабавальную, глыбокую і дасканалую. Яны дарастуць да гэтага выкліку. Чаму ж гэтага не бачылі рэфарматары літургіі і чаму іх сённяшнія паслухмяныя прыхільнікі не бачаць, што людской душы патрэбна пэўная незразумеласць, бязгучная глыбіня, крыніца супраціву і цяжкасці, чужая веліч, якая рэзка кантрастуе са знаёмымі і павярхоўнымі справамі штодзённага жыцця? Чалавеку патрэбна гэта, каб ведаць, хто ён і чаму ён тут. Без гэтага ён умацуецца ў нігілістычным меркаванні, што штодзённае жыццё – гэта пастка, з якой ён ніколі не вызваліцца. Літургія дакладна не павінна быць лёгкадаступнай і зразумелай. Такімі павінны быць адносіны ў бізнэсе, а нашыя справы з Усемагутным Богам не могуць быць настолькі празрыстымі і нефармальнымі. «Я той, Які ёсць, а ты тая, хто не ёсць», – сказаў Пан св. Кацярыне Сіенскай. Літургія павінна перадаваць нам (або прынамсі мець магчымасць перадаваць) агромністае адчуванне ўніверсальнасці Бога і мізэрнасці чалавека ў тым выглядзе, у якім яны з’ядналіся ў неспасцігальнай таямніцы Езуса Хрыста, сапраўднага Бога і сапраўднага Чалавека, недасяжнага перасячэння Усяго і Нічога ў шлюбе, які зрабіў Усё слугою Нічога, каб з Нічога пачало існаваць вечнае сяброўства з Усім. «Як жа гэта станецца, калі я мужа не ведаю?» – Я не ведаю, наколькі людскі патэнцыял можа ахапіць Бога, і нават пад натхненнем Духа гэта застаецца для мяне таямніцай, бо нішто з гэтага па-людску не мае «сэнсу», але ўсё ж яно мае нашмат больш сэнсу, чым усё, што калісьці прыходзіла ў галаву чалавеку. Гэта суцяшальная загадка, вакол якой традыцыйная літургія круціцца аж да пэўнай знямогі. Прыгадайце візантыйскі абрад з яго хвалепадобнымі паўторамі: «Госпадзе, змілуйся» і «Дай нам, Госпадзе»; паглядзіце на традыцыйны рымскі абрад з яго геаметрычнай харэаграфіяй, змястоўнымі перыядамі цішыні і драматычнымі жэстамі.