Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - страница 13



сказанага слова тым меншая, чым большую яму прыдаюць значнасць. У крайнім выпадку мы маем літургію, на якой вельмі шмат чаго кажуць, але рэдка на вока ці ў вуха трапляе штосьці ўрачыстае ці сакральнае.

Аднойчы ў нядзелю я і мая жонка ўдзельнічалі ў лацінскай Імшы Novus Ordo ў венскім Карлскірхэ, і ўся літургія была толькі словамі, словамі, словамі. Святар выйшаў з сакрыстыі і пачаў гаварыць. Ішла размова. Ішлі чытанні, ішла гамілія, ішоў аферторый, ішоў канон – заўсёды словы, рэдка песня, ніколі сімвал. Пасля апошняй малітвы святар вярнуўся ў сакрыстыю. Усё. З пункту гледжання фенаменалогіі, гэта было не што іншае, як малітоўнае набажэнства. Кожнае дзіця, якое было там, – дзіця гадамі альбо дзіця сэрцам – знайшло б недастаткова спажытку для людской прыроды, нават калі б яно прыняло найвялікшую духоўную ежу ў выглядзе святой Эўхарыстыі. У гэтым і заключаецца праблема: колькі можа цягнуцца сітуацыя, калі самая сутнасць і мэта літургіі, яе бясконца каштоўны дар Цела і Крыві Пана Езуса, знаходзіцца ў супярэчнасці з яе пустой, банальнай формай, з бездарожнай пустыняй, у якой не жыве ніводзін чалавек? Мераючы стандартамі сакральнай значнасці, новая літургія, перапоўненая шматслоўнасцю і музыкай «мюзак», часта з’яўляецца нежывой пустыняй.

У адным інтэрв’ю выключна прамалінейны кардынал Ранжыт (у той час ён працаваў у Кангрэгацыі Божага культу) сказаў наступнае:

На працягу гадоў літургія падвяргалася шматлікім злоўжыванням, а многія біскупы ігнаравалі іх. У motu proprio Ecclesia Dei adflicta Папа Ян Павел ІІ выказаў гаротную просьбу, якая была не чым іншым, як заклікам да парадку ў Касцёле і да больш сур’ёзнага стаўлення да літургіі… Перад абліччам такой сітуацыі Святы Айцец [Бенедыкт XVI] не мог маўчаць: як мы бачым ў лісце да біскупаў наконт motu proprio, а таксама ў яго шматлікіх прамовах, ён мае глыбокае пачуццё пастырскай адказнасці. Таму гэты дакумент, акрамя таго, што ён з’яўляецца спробай дайсці да еднасці з Супольнасцю св. Пія Х, таксама можна назваць знакам, моцным заклікам паўсюднага пастыра да зброі, да пачуцця сур’ёзнасці22.

«Пачуццё сур’ёзнасці» – гэта менавіта тое, прасоўванню чаго служыць урачыстае выкананне рытуалу альбо цырымоніі, бо пры гэтым ствараецца і выхоўваецца правільная ўнутраная пастава тых, хто моліцца, – усведамленне таго, што мы кленчым ці хутка будзем кленчыць перад Каралём каралёў і Уладаром уладароў, укрыжаваным і ўваскрослым Збаўцам, укрытым пад вэлюмам Найсвяцейшай Эўхарыстыі, і што гэтае наша прывілеяванае становішча патрабуе ад нас найвышэйшай пакоры, пакланення і прагі святасці. Толькі тады, калі гэтыя цноты (а таксама іншыя, блізкія да іх) бачным і чутным чынам будуць характарызаваць кожны аспект нашай публічнай малітвы, у нас будзе сапраўдная сакральная літургія, верная сваёй нязменнай прыродзе і таму духоўна здаровая і бяспечная для тых, хто ў ёй удзельнічае.

Калі я гляджу на тое, што казалі св. Ян ад Крыжа, св. Тэрэза Авільская і св. Тэрэза з Лізьё пра свой досвед святой літургіі ў агульным кантэксце свайго імкнення да сузіральнага саюзу з Найсвяцейшай Тройцай, я пытаюся ў сябе: ці распазналі б яны «поўную, канчатковую Ахвяру, на якую ўсе правобразы звярнулі свае вочы» (Крэшо) у збяднелых сходах сённяшніх парафій? Альбо, калі б яны нягледзячы на ўсю бязладзіцу распазналі ў гэтай непрыхаванай рэальнасці гарантаваную Богам ахвяру, якою б была іхняя рэакцыя? Гэта маглі б быць толькі крайні сполах, замяшанне, смутак, нават жах і справядлівае абурэнне. Не будзем паддавацца ілюзіям: святыя лепш чым хто ведаюць, у чым заключаецца сутнасць літургіі, бо яны нібы ўзнесеныя ў нябесную літургію і ў захапленне яе цалкам адкрытай рэальнасцю. Яны больш за нас усведамляюць зневажальны характар і шкоду зямной літургіі, якая так кепска адлюстроўвае ці нават проста супярэчыць сваёй нябеснай мадэлі. Калі мы хочам прыпадобніцца розумам да Хрыста, нам трэба таксама прыпадобніцца розумам да святых, якія найлепш наследавалі Яго