Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - страница 29
«Пыталіся ў яго таксама і воі: а нам што рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзіце, не паклёпнічайце, і задавольвайцеся сваёй платай» (Паводле Лукаша 3:14).
«Пропаведзь Яна» – фрэска Пінтурыккіо. Марка з сэрыі пошты Сувэрэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна «Ян Хрысьціцель заступнік Ордэна», выдадзенай у1984 г.
Прыняць ад Яна хрост прыйшоў Ісус, і Ян, паказваючы на Яго, сказаў: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі сьвету».
«Сьвяты Ян Хрысьціцель». Фрэска Карэджа ў купале сабора Пармы на блёку пошты Анцігуа і Барбуда (1984)
З пачаткам грамадзкага служэньня Ісуса Хрыста Сьвяты Ян засьведчыў, што яго місія, як Папярэдніка, завяршылася: «Ён мае расьці, а я – малець» (Яна 3:30).
Хрышчэньне Ісуса Хрыста
Гэта ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.
(Паводле Мацьвея 3:17)
Ісус Хрыстос хрысьціўся ад Яна. Эвангеліст Лукаш расказвае ў Эвангельлі пра нараджэньне Яна Хрысьціцеля, жыцьцё ў пустыні, прапаведаваньне і хрышчэньне. Сам Ісус сказаў, што «сярод народжаных (…) не было большага за Яна Хрысьціцеля».
Гасподзь падрыхтоўваў Яна да вялікага служэньня. Ён павінен быў аб’явіць народу пра хуткі прыход Мэсіі, Ісуса Хрыста, і заклікаць народ да пакаяньня. Так адбывалася тое, пра што прарокі пісалі за сотні гадоў да нараджэньня Яна: «Бо ён той, пра якога напісана: „вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою“ (Мацьвея 11:10)». «Голас таго, хто кліча: у пустыні падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце ў стэпе сьцежкі Богу нашаму…» (Ісая 40:3).
Многія пыталіся: «Няўжо Ян той абяцаны мэсія, Збавіцель?». Ян на гэта адказваў: «Ідзе Мацнейшы за мяне».
У 2003 годзе пошта Армэніі выпусьціла блёк з ілюстрацыяй з Бібліі 989 г.
Адлюстроўваючы падзею Хрышчэньня, мастак сумяшчае Хрышчэньне і сашэсьце Сьвятога Духа, што ўвайшло ў традыцыю.
Ва ўзросьце трыццаці гадоў Ісус пакінуў Назарэт і прыйшоў на раку Ярдан каб хрысьціцца ад Яна. Ісус не меў патрэбы хрысьціцца ў пакаяньні, як хрысьціўся народ. Але Ён прыйшоў, каб прыняць хрост і асьвяціць яго Сваім прыкладам, і зрабіць першай і галоўнай Тайнай, дзякуючы якой мы становімся хрысьціянамі, дзецьмі Божымі і сябрамі Ягонай Царквы. Прыйшоў, каб абвясьціць сьвету аб прыходзе Мэсіі, які быў засьведчаны Богам Айцом і Сашэсьцем Сьвятога Духа. Ян жа сказаў Яму: «Мне трэба ў Цябе хрысьціцца, а Ты прыходзіш да мяне?» Але Ён сказаў у адказ яму: «дапусьці цяпер, бо так належыць нам зьдзейсьніць усякую праведнасьць». Тады Ян дапускае Яго. Ахрысьціўшыся, Ісус адразу выйшаў з вады і, вось адчыніліся раптам нябёсы, і ўбачыў Ян Духа Божага, які сыходзіў, як голуб, на Ісуса Хрыста. І голас з неба Бога Айца гучна прамовіў: «Гэта ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў».
У 2004 годзе пошта Армэніі выпусьціла блёк, які зьмяшчае фрэскі з царквы ў Віфлееме – «Вадохрышча Хрыста Янам на рацэ Ярдан»
Выява карціны Анібале Карраччы – Хрышчэнне Хрыста (1584г. Царква Сьв. Грыгорыя. Балоньня). Блёк Грэнады (2013 г.)
У знакамітай галерэі Уффіці ў Флярэнцыі захоўваецца карціна флярэнтыйскага майстра другой паловы 15 в. Андрэа Верок’ё «Хрышчэньне Хрыста». Але ў каталёгу яна ідзе яшчэ як твор Леанарда да Вінчы. Бо анёл на пярэднім пляне зьлева намаляваны юным вучнем Верок‘ё Леанардам да Вінчы. Гэты анёл парушае гледача, як вобраз новага сьвету, які нясе Хрыстос.
Андрэа Верок’ё, «Хрышчэнне Хрыста» на блёку пошты Сувэрэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна (1985 г.)