Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - страница 30




«Хрышчэньне Хрыста» – адзіная карціна, пра якую пэўна вядома, што яна прыналежала алтарнаму цыклу, напісанаму для школы «абутых» аўгустынаў у Мадрыдзе.


Эль Грэка «Хрышчэньне Хрыста» (1596—1600, Мадрыд, Прада) на марцы Экватарыяльнай Гвінэі, выпушчанай у 1976 годзе


Ян Хрысьціцель лье на галаву Хрыста Сьвятую ваду, якая нібы зыходзіць з зіхатлівага Сьвятла, падараванага Богам Бацькам і Сьвятым Духам, знакам якога зьяўляецца голуб. Уся карціна напоўненая адчуваньнем духоўнасці.


Выява карціны Анібале Карраччы – «Хрышчэнне Хрыста», (1584г. Царква Сьв. Грыгорыя. Балоньня). Блёк Сувэрэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна (2017 г.)


«Тады Ісус быў паведзены Духам у пустыню, на спакушэньне ад д'ябла.


На марцы пошты Швэйцарыі (картмаксімум 1965 г.) росьпіс столі 12 ст. царквы Сьв. Марціна ў Зіліс (Zillis): д'ябал угаворвае Хрыста, ператварыць камяні ў хлеб


І, пасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, напасьледак згаладаўся. І падступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі. А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых»» (Мацьвея 4:1—4).

Дэталь карціны Тыцыяна, на якой Хрыстос спакушаецца маладым д’яблам у абліччы прыгожага нявіннага юнака, які намаўляе Хрыста ператварыць камень ў хлеб, даказваючы, што ён сапраўды Сын Божы.


«Спакуса Хрыста». Дэталь карціны Тыцыяна (Тыцыяна Vecelli) на марцы пошты краіны Сэнт-Вінсэнт (1989 г.)


На лісьце пошты Мазамбіку (2011 г.) адна з марак адлюстроўвае карціну Дуча ды Буанінсенья «Спакуса на гары»


«Тады бярэ Яго д'ябал у сьвяты горад і ставіць Яго на крыле храма, і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: „Анёлам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю“. Сказаў яму Ісус: напісана яшчэ: „не спакушай Госпада Бога твайго“. Зноў бярэ Яго д'ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы сьвету і славу іх, і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне. Тады кажа яму Ісус: адыдзі ад мяне, сатана; бо напісана: „Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы“. Тады пакідае Яго д'ябал, – і вось, анёлы прыступілі і слугавалі Яму» (Паводле Мацьвея 4:5—11).


Пошта Ватыкану (1996 г.) на марцы адлюстравала старонку манускрыпту з ілюстрацыяй «Спакуса ў пустыні»


Усе тры спакусы Хрыста намаляваў Сандра Бацічэлі на фрэсцы ў Сыкстынскай капэле.


Выява фрэскі Сандра Бацічэлі (1455—1510) «Тры спакусы Хрыста» (Сыкстынская капэла, Ватыкан) на марцы пошты Ватыкана (2002 г.)


Зьлева ўгары – д'ябал угаворвае Хрыста, ператварыць камяні ў хлеб. У цэнтры ўгары – д'ябал, замаскіраваны, як пустэльнік спрабуе пераканаць Хрыста кінуцца ўніз. Справа ўгары – д’ябал паказвае Сыну Бога бляск сусьветнага багацьця, якое ён яму прапануе. Аднак, Хрыстос адганяе д'ябла, і той паўстае ў праўдзівым, д'ябальскім выглядзе. Побач, тры анёла падрыхтавалі стол да імпрэзы эўхарыстыі і сталі служыць Хрысту.

Спакушэньне Збавіцеля ў пустыні зьяўляецца сымбалям для кожнага чалавека. Нават самыя моцныя людзі баяцца і пакутуюць, хочуць улады і багацьця, спрабуюць адмовіцца ад заганаў сумленьня і Дэкалёгу. Як аказаць супраціўленьне такім праяўленьнем зла, як расьсеяць цемру чалавечага сэрца? Як знайсьці Бога сярод розных праблемаў і стварыць у сабе такі стан духа, які дазволіў бы адрозьніць Сьвятло ад цемры, праўду ад маны, свабоду ад рабства?