Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - страница 28



Маці Божая, просім цябе, маліся за нас грэшных цяпер, назаўжды, і навекі вякоў. Амінь.

Ян Хрысьціцель у пустынях

Эвангельле згадвае пра дзяцінства Яна сьцісла: «А дзіця расло і мацавалася духам, і заставалася ў пустынях да дня зьяўленьня свайго Ізраілю» (Паводле Лукаша 1:80).

Ян нарадзіўся на паўгода раней за Хрыста і ў маладым узросьце адасобіўся ў Юдэйскай пустыні, дзе вёў вельмі строгае аскетычнае жыцьцё. Там ён адчуў пакліканьне абвяшчаць набліжэньне Божага валадарства і пачаў удзяляць хрост пакаяньня ў Ярдане. Вакол яго сабралася супольнасьць вучняў, да якой спачатку належалі і некаторыя з Апосталаў (Андрэй, Ян).


«Сьв. Ян у пустэльні», фрэска Пінтурыккіо (Pinturicchio. Perugia, 1455- 1513). Музэй Лазаро Гальдыана, Мадрыд. З сэрыі марак (1984 г.) Сувэрэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна


Па выразу адной царкоўнай малітвы, прарок Ян быў сьветлай ранішняй зоркай, якая сваім бляскам перабольшвала зьзяньне ўсіх іншых зорак і прадказвала раніцу добрага дня, які асьвятляўся духоўным Сонцам Хрыстом.


Блёк пошты Сувэрэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна (2014 г.) «Пропаведзь Яна Хрысьціцеля». Бачыччо (Baciccio, Giovanni Battista Gaulli, 1639. Генуя – 1709. Рым)


«Пачатак Дабравесьця Ісуса Хрыста, Сына Божага, як напісана ў прарокаў: „вось, Я пасылаю анёла Майго перад Табою. […] Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабіце сьцежкі Яму“. Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў. І выходзілі да яго ўся краіна Юдэйская і Ерусалімляне; і хрысьціліся ў яго ўсе ў рацэ Ярдане, спавядаючыся ў грахах сваіх. А ў Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай, і еў акрыды і дзікі мёд. І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рэмень абутку Ягонага; я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым» (Марка 1:1—8).

Асноўнай тэмай пропаведзяў Яна быў заклік да пакаяньня.


На на блёку пошты Сувэрэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна (2011 г.) выява карціны Джорджа Вазары «Пропаведзь Яна Хрысьціцеля»


Ян Хрысьціцель у кароткай туніцы стаіць на скале, перад ім вялікая група мужчын і дзіця, зьмешчанае на пярэднім пляне. Ян ня быў звычайным прапаведнікам – ён перадаваў людзям волю Бога, як старажытныя старазапаветныя прарокі, і нават больш гэтага, бо на яго сышоў Дух Сьвяты яшчэ ва ўлоньні маці (Паводле Лукаша 1:15). Ісус паказаў на Яна як на прыход прарока Ільлі, якога чакалі (Паводле Мацьвея 11:14; 17:12). «Ян люду, што прыходзіў хрысьціцца ў яго, казаў: выродзьдзе яхідніна? хто намовіў вас уцякаць ад будучага гневу? Прынясеце ж плады годныя пакаяньня, і ня думайце гаварыць самі сабе: „бацька ў нас Абрагам“; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму; ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь. І пыталіся ў яго людзі: што ж нам рабіць? Ён сказаў ім у адказ: у каго дзьве адзежыны, той дай таму, хто ня мае; і ў каго ёсьць ежа, рабі тое самае» (Лукаша 3:7—11).


Пошта Грэнады на блёку (2016 г.) разьмясьціла рэпрадукцыі карцін Ераніма Босха (Hieronymus Bosch). Сярод іншых «Cьв. Ян Хрысьціцель у разважаньні»


У выявах Босха могуць уразіць ці зьбянтэжыць дробная дэталь, невялікі фрагмэнт – і сам па сабе і ў сувязі з цэлай карцінай. Сьв. Ян Хрысьціцель фантастычным пэйзажам, мала падобным на Палестыну 1-га стагодзьдзя. Сьвяты ляжыць сярод узгоркаў, на сакавітай траве. Мэсія яго (як Папярэдніка) ясная па яго поглядзе на ягня – знак Хрыста.