Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - страница 26
Абраз, якому пакланяліся не толькі праваслаўныя, праславіўся цудамі падчас Паўночнай вайны і вайны 1812 года. Сяляне куплялі ў храмавыя сьвяты васковыя фігуркі свойскай жывёлы і, прыклаўшы іх да іконы, несьлі іх дамоў як найлепшы абярэг для сваёй гаспадаркі.
Ікона Маці Божая Баркалабаўская. Яе адлюстраваньне зьмешчана на марцы Беларусі, выдадзенай у 2009 годзе
У 1920 годзе Баркалабаўскі манастыр закрылі, але ікону сьвятары і прыхаджане зьбераглі. Ікона знаходзіцца ў Царкве Сьвятой Тройцы ў горадзе Быхаве Магілёўскай вобласьці.
У 1658 годзе манах Грыгорый Дубенскі піша копію з Ялецка-Чарнігаўскай іконы – Ільліна-Чарнігаўскую ікону, якая цяпер знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага запаведніка. У сваю чаргу Ільліна-Чарнігаўская ікона гэта сьпіс з Замкавай (Навагрудскай) іконы Божай маці, якая прыбыла ў Навагрудак па меркаваньню Васіля Тацішчава і Міколы Ермаловіча ў 1044 годзе з Яраславам Мудрым. 12 лютага 1799 года перад гэтай іконай быў ахрышчаны Адам Міцкевіч і потым, калі ён у трохгадовым узросьце ўпаў з вакна і забіўся, то быў ажыўлены ля Замкавай іконы.
25 кастрычніка 2008 году Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь уводзіць у паштовы зварот блёк з 3-х марак. «1020-годзьдзе вадохрышча Русі». На першай марцы выява іконы Маці Божая Ільлінская Чарнігаўская. Ікона паходзіць з Грэцкага Екацярынінскага манастыра ў Кіеве. Цяпер знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага запаведніка.
Іканапісец Протаіерэй Фёдар Повный зрабіў сьпіс з абраза Уладзімірскай Божай Маці – галоўнай сьвятыні Расіі. Па паданьні абраз быў напісаны яшчэ пры жыцьці Найсьвяцейшай Дзевы Эвангелістам Лукашам на дошцы таго стала, за якім трапэзьнічалі Ісус Хрыстос, Марыя і Язэп Заручнік.
22 сакавіка 2005 гады Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь уводзіць у паштовы зварот блёк «Іканапіс Беларусі XXI стагодзьдзя» выдавецтва «Марка» РУП «Белпошта». Адна з марак – Абраз Божай Маці «Уладзімірская» (першая зьлева)
Калі Апостал прынёс гэты абраз, каб паказацць Найсьвяцейшай Багародзіцы, яна сказала: «Мілата Народжанага ад Мяне і Мая з абразам гэтым ды будзе!»
Выява гэтага абраза знаходзіцца і на трэцяй марцы блёку «2000-годзьдзе Хрысьціянства», дзе і раней апісаная рэпрадукцыя іконы Багародзіцы «Непарушная сьцяна» Аранта.
Гэты абраз належыць да іканаграфічнага тыпу Еляўса – Замілаваньне. Іконы гэтага тыпу перадаюць любоў, якая яднае Маці з Сынам. У іх больш падкрэсьліваецца чалавечая натура Хрыста ў адрозьненьне ад Адзігітрыі, дзе акцэнт падае на Боскасьць Ісуса.
Марыя, прадстаўленая да паловы постаці, трымае на правай руцэ Дзіцятка, Якое ласкава туліцца да Яе. Дзіцятка туліцца шчакою да шчакі Маці, абдымаючы Яе за шыю сваёю леваю рукою, а праваю дакранаецца да Яе ключыцы. Марыя схіляе сваю галаву да Сына, паказваючы леваю рукою на Ісуса, як на прадказанага Збаўцу сьвету, адзіную Дарогу, Праўду і Жыцьцё. Твар Марыі засяроджаны, сумны, з вялікімі аліўкавымі вачыма, зьвернутымі на поўны задуменьня тварык Ісуса, які туліцца да Яе. На залаціста-вохрысты, у белай аблямоўцы, акруглы німб Маці Божай заходзіць меншы – крыжовы німб Дзіцятка, таксама залаціста-вохрыстага колеру з дзьвюма грэцкімі літарамі «I» («ёта») – азначае імя Ісус, а «Н» («эта») можа азначаць слова hegemon – правадыр, кароль. Верагодна, гэтыя літары зьяўляюцца скарачэньнем ІХЕН – Iesus Chrystos eleison hymas і азначаюць наступнае: Ісус Хрыстос, зьмілуйся над намі.