Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - страница 24
Маці Божая Жыровіцкая на марцы фірмы ZAZZLE
Ікона—акно ў духоўны сьвет, у яе свая мова, праз якую перадаецца духоўная інфармацыя непасрэдна ў патаемныя глыбіні сэрца чалавека. Ікона – гэта сьвята для вока, бо Сьвятыя на вобразах увасабляюць унутраны слых і занатаваньне пачутага Божага Адкрыцьця.
Звыш 300 гадоў Вастрабрамская Божая Маці зьяўляецца асаблівай Заступніцай літоўскіх, беларускіх і польскіх земляў. Прыгожае адлюстраваньне Найсьвяцейшай Марыі Панны са зьлёгку схіленай галавой у арэоле з дванаццаці зорак і шматлікіх праменяў схіляе да роздуму і малітвы.
Далікатная стройная постаць Багародзіцы з прыадкрытымі вачамі і скрыжаванымі на грудзях далонямі абуджае любоў і давер. Несамавітая лагоднасьць, задуменнасьць, асалода і адначасова глыбокая павага выпраменьваюцца з гэтай выявы. Ікона была прывезеная ў Вільню з Крыма з Корсуні Вялікім князем Літоўскім Альгердам. Ён падараваў яе сваёй жонцы, якая ў сваю чаргу прынесла яе ў дар Сьвята-Троіцкай абіцелі, што ўзьнікла на тым месцы, дзе загінулі сьвятыя мучанікі Антоній, Ян, Яўстафій. У 1498 годзе адбылася закладка новай сьцяны і брамы з вялікай вежай у Вострым канцы Вільні. Пабудаваная брама атрымала назву Вострая Брама. У капліца над Вострай Брамай зьмясьцілі цудоўны абраз Вастрабрамскай Божай Маці.
Пошта Летувы адлюстравала цудадзейны абраз на марцы ў 1990 годзе
Каля 1671 г. выява Маці Міласэрнасьці была закрыта срэбранай пазалочанай сукенкай. Сярэбраны паўмесяц з выгравіраваным надпісам: «Падзяку Табе складаю Божая Маці за тое, што Ты выслухала мае просьбы і прашу Цябе, Маці Міласэрнасьці, будзь ласкавая да мяне», які знаходзіцца ў ніжняй частцы абраза – гэта вота з 1849 г. Галаву Божай Маці аздабляюць дзьве кароны. Адна – у стылі барока для Каралевы Нябёсаў, другая – у стылі ракако – для Каралевы Польшчы. Вострая Брама зьвязана таксама з культам Божай Міласэрнасьці. Абраз Божай Міласэрнасьці быў намаляваны ў Вільні і выстаўлены для публічнага агляду менавіта ў Вострай Браме (26 – 28 красавіка 1935 г.). Тут таксама Сьв. Фаўстына мела аб’яўленьне трыюмфу абраза Божай Міласэрнасьці. Гэтае аб’яўленьне зьдзейсьнілася. Вуснамі тысяч пілігрымаў з усяго сьвету можна сказаць: «Я схіляю галаву, аглядаючы Цябе, Каралеву ўсяго Сусьвету, і прашу Твайго благаслаўленьня».
Цудатворны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай ведаюць і шануюць не толькі ў Польшчы. Абразы Маці Божай Чэнстахоўскай ёсьць таксама ў касьцёлах і цэрквах Беларусі і Летувы і большасьць зь іх шануюцца як цудатворныя.
У 1992 г. пошта Польшчы выдалала блёк з выявай Маці Божай Чэнстахоўскай
Чэнстахоўскі абраз Божай Маці адносіцца да ліку 70-ці абразоў, якія напісаў сьвяты «Эвангеліст Лукаш у Ерусаліме ў Сіёнскім храме, у якім Ісус Хрыстос зьдзейсьніў Астатнюю Вячэру. У 66—67 гадах, у час нашэсьця рымскіх войск на Ерусалім, хрысьціяне адышлі ў мястэчка Пеллу і разам з іншымі сьвятынямі яны захоўвалі ў пячорах абраз Божай Маці. Яго ў 326 годзе падаравалі царыцы Алене ў падзяку за адшуканы Жыватворны Крыж Гасподні, і яна прывезла яго ў Канстантынопаль. На землі ВКЛ цудатворны абраз быў прынесены заснавальнікам горада Львова (Лемберга – 1267—1270 гг.) ГаліцкаВалынскім князем Львом Данілавічам і разьмешчаны ў Бельзскім замку. У час татараман-гольскага нашэсьця захопнікі асадзілі замак Бельз. Зьвярнуўшыся за дапамогай да Маці Божай, князь Уладзіслаў вынес ушаноўваемы вякамі абраз з царквы і паставіў на гарадзкой сьцяне. Абраз быў прабіты стралой і зь яго пацякла кроў, сьляды якой назаўсёды захаваліся на палотнішчы, а на варожае войска апусьцілася шкодная імгла, і татары зьнялі асаду і адышлі. Заступніца Нябесная прысьнілася князю і прасіла даставіць цудатворны абраз на Ясную гару Чэнстахоўскую. У 1352 годзе там быў заснаваны манастыр і манахам Паўлінскага ордэна князь Уладзіслаў перадаў каштоўную сьвятыню.