Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - страница 5
«Дабравесьце» на паштовай марцы Польшчы, надрукаванай у 1960 годзе. Дэталь гатыцкага алтара працы Віта Ствоша ў Марыяцкім касьцёле ў Кракаве.
Барталаме Эстэбана Мурыльё, «Дабравесьце» на марцы пошты Выспы Кука 1975 года. Музэй Прада, Мадрыд, Гішпанія
«Дабравесьце» на марках краін Анцігуа і Барбуда (1991 г.), (Фра Анджэліка) і Парагваю (1975 г.), (Андрэа дэла Робі)
На карціне Эль Грэка, напісанай у 1614 годзе, адсутнічаюць элемэнты архітэктуры, якія ёсьць на іншых карцінах. Тут усю карціну займаюць нябесныя постаці. Дабравесьце паказваецца як зьява панадчасовая. Нават постаці Марыі і Анёла выцягнутыя, здаецца, што яны ўзносяцца ў паветра. Гэта яшчэ больш падкрэсьлівае надпрыродную прычыну зачацьця.
Рэпрадукцыя карціны Эль Грэка «Дабравесьце» на марцы пошты Гвінэі Экватарыяльнай, выдадзенай у 1972 г.
Фігура Духа Сьвятога, зыходзячага на Марыю ў выглядзе галубіцы, становіцца цэнтральнай. Аточаны Ён бляскам, напамінаючым ясны агонь. На Ім канцэнтруецца ўвага, бо Ён вінавайца адбываючагася цуду.
Эль Грэка, «Дабравесьце» на блёку Мазамбіку, выдадзеным у 2001 годзе
Эль Грэка, мастак родам з Крыту, зьяўляецца аўтарам не менш дзесяці карцін пад назвай «Дабравесьце». Працаваў над сваімі карцінамі ў Вэнэцыі, Рыме і Гішпаніі. Яго карціны нельга зблытаць з працамі іншых мастакоў нават недасьведчанаму чалавекку.
Праўда ёсьць такая, што пораўні людзкі як і боскі памер таямніцы Дабравесьця ўвесь час зьдзіўляе, прамаўляе да сэрца і зьмяняе тых, каторыя ведаюць пра гэту таямніцу, над гэтай таямніцай задумваюцца, хочуць і гатовыя зьмяняцца.
Але, ці хочам гэтага мы? Ці знаходзім мы для гэтага час?
Сустрэча Марыі і Елісаветы
«І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў, і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала Елісавету. Калі Елісавета пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Елісавета напоўнілася Духам Сьвятым, і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго! І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне? Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім. і дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада» (Паводле Лукаша 1:39—45).
Сустрэча Марыі і Елісаветы. Тынтарэтта, 1588 г. Марка Грэнады 1996 г.
Сьвяты Ян Хрысьціцель, які пазьней прадказваў прыход Збаўцы, зрабіў гэта першы раз у лоне сваёй маці. Яго ўзварухненьне паслужыла прычынаю, што Елісавета з дапамогай Духа Сьвятога распазнала ў Дзіцятку Збаўцу і укленчыла з пакораю перад Марыяй.
Такім чынам Елісавета стала першым чалавекам, якая абвясьціла Божай Маці яе будучыню.
Сустрэча Марыі і Елісаветы на марцы Парагваю (1971 г.). Рэпрадукцыя карціны Барталамэўса Цайтблома (Bartholomaeus Zeitblom). І на марцы Нігера (1984 г.).рэпрадукцыя карціны Даменіка Гірландайё
Cловы прывітаньня Елісаветы ўвайшлі ў склад вядомай хрысьціянскай малітвы, званай Песьня Найсьвяцейшай Багародзіцы. У адказ Дзева Марыя прамовіла велічны падзячны гімн, які пачынаецца са слоў: «…праслаўляе душа Мая Госпада, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім» (Паводле Лукаша 1:46—48).
Выява карціны Рафаэля «Сустрэча Марыі і Елісаветы» на блёку краіны Сэнт-Вінцэнт і Грэнадзіны (2012 г.)
Дом Елісаветы і яе мужа Захарыі знаходзіўся ў Аін-Карыне (Вясна ў вінаградніку), маляўнічым прыгарадзе на захадзе Ерусаліма. Ён быў вядомы ў бізантыйскі пэрыяд, як горад Юдэі, які згадваецца ў Новым Запавеце (Лукаша 1:39). Гэта была радзіма Яна Хрысьціцеля, які абвясьціў аб прыходзе Ісуса Хрыста і хрысьціў яго ў рацэ Ярдан.