Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - страница 7




Яшчэ адна марка Сувэрэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна, выдадзеная ў 1979 г., адлюстроўвае барэльеф «Нараджэньне Яна Хрысьціцеля» на бронзавай панэлі Якопа дела Квэрча


Ян – ад габрэйскага біблейскага імя Johanan («Бог ёсьць міласэрны»). Гэтае імя – самае папулярнае сярод благаславёных і сьвятых, агульная лічба якіх перавышае дзьве сотні.


У 2004 годзе пошта заходнеафрыканскай краіны Сьера Леонэ выпусьціла паштовы ліст, прысьвечаны 300-годзьдзю Санкт-Пецярбургу «Мастацкія скарбы Эрмітажа». На адной з марак дэталь карціны Тынтарэта «Нараджэньне Яна Хрысьціцеля» (1554 г.)


Тынтарэта вельмі дакладна паказаў сцэну, якая ўзьнікае ў доме з зьяўленьнем на сьвет маленькага чалавека.

У вялікім пакоі, дзе ў глыбіні пад полагам стаіць ложак парадзіхі, клапоцяцца жанчыны. Далёкім ад агульнага хваляваньня застаецца толькі бацька Яна, Захарыя, які абліччам нагадвае сівавалосых і натхнёных прарокаў. Ні на каго ня гледзячы, ён стаіць у баку, прыклаўшы рукі да грудзей і падняўшы погляд да нябёсаў; яго аблічча ўвасабляе пакорлівасьць волі Бога.


Рэпрадукцыя карціны. Захоўваецца ў Дзяржаўным Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу.


Увага жанчын паглынутая нованароджаным, якога ўзяла на рукі Марыя. Яе адрозьніваюць ад іншых ледзь прыкметнае зьзяньне вакол галавы і традыцыйны колер адзеньня – чырвоная сукенка і сіні плашч. Да дзіцяці схіляецца карміцелька, а служанкі занятыя сушкай і падрыхтоўкай пялёнак. На падлозе таз з вадой, жароўня з вуглямі, рыжы кот падпільноўвае бесклапотна разгульваючую курыцу.


«Немаўля Хрыстос і Ян Хрысьціцель з ракавінай». Барталомэ Эстэбана Мурыльё (1675—80. Музэй Прада, Мадрыд). Блёк пошты Антыгуа і Барбуды (1995 г.)


Яшчэ ва ўлоньні маці Хрысьціцель узрадаваўся, адчуўшы прысутнасьць Мэсіі. Гэтая сустрэча нясе глыбокі сэнс. Ян Хрысьціцель як бы прадбачыў небясьпекі і жудасную несправядлівасьць якія выпадуць на долю Хрыста і будуць прасьледваць чалавецтва.


Фернанда Яньес (Fernando Yáñez, 1489—1536), «Багародзіца са Сьвятой Ганнай і Cьвятой Елісаветай». Блёк Грэнады (2000 г.)


У Бібліі няма згадкі пра тое, што ў дзяцінстве Хрыстос і Ян сустракаліся. раўда, пры яго зьяўленьні на сьвет прысутнічала Найсьвяцейшая Дзева Марыя, якая прыйшла адведаць яго маці Альжбету. Але ў творчасьці вельмі многіх мастакоў, як бачым, ёсьць карціны, дзе Хрыстос і Ян разам.

Па паданьні слых пра нараджэньне Яна Папярэдніка дайшоў да цара Ірада і, калі прыйшлі ў Іерусалім вешчуны з пытаньнем пра тое, дзе знаходзіцца Цар Юдэйскі, які нарадзіўся, Ірад успомніў пра сына Захарыі, выдаўшы загад на забіцьцё немаўлятак, паслаў забойцаў і ў Іутту. Захарыя ў той час зьдзяйсьняў служэньне ў храме, а Елісавета схавалася з сынам у пустэльні. Забойцы запыталі ў Захарыі, дзе схаваў ён сына. Захарыя адказаў, што зараз ён служыць Богу і ня ведае, дзе яго сын. Яго забілі, пра што ўспамінае Бог у Сваім звароце да фарысэяў: «Каб апала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авэля праведнага да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам» (Паводле Мацьвея 23:35).

«Нараджэньне Яна было падрабязна апісана. У апісаньні ёсць адна дэталь, якая ў Эвангельлі будзе часта паўтарацца. Анёл сказаў напалоханаму Захарыю: «Ня бойся!» Гэтае самае падбадзёрваньне не раз пачуюць Апосталы. І сёньня Касьцёл чуе яго і з надзеяй паўтарае ўсім людзям.

Ніводзін з нас не зьяўляецца ў сьвеце безыменнай шасцярэнькай. Бог ведае кожнага з нас па імені і ўсё пра нас. Кожнага з нас праз хрост Ён далучае да свайго існаваньня – адорвае надзеяй вечнасьці. Давайце ж не будзем баяцца!» – кажа, зьвяртаючыся да нас, ксёндз Яраслаў Грынашкевіч.