Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве - страница 11
Ішоў час жыцьця Адама і Евы па-за Раем. «Адам спазнаў Еву, жонку сваю; і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: здабыла я чалавека ад Госпада» (Быцьцё 4:1). Гэта значыць, што Бог непасрэдна ўдзельнічае ў нараджэньні новага чалавека: як тлумачыць старажытная традыцыя, ужо ў той момант, калі ў целе маці толькі завязваецца «кропелька» новага жыцьця, Бог удзімае ў гэтую «кропельку» новую душу, і гэтая, здаецца, яшчэ зусім неаформленая, аморфная «кропелька» ёсьць душою жывою з пункту гледжаньня рэлігійнай сьвядомасьці, і забіваць яе, нават на самых раньніх стадыях цяжарнасьці, – цяжкі грэх перад Богам. Такім чынам, кожнае дзіця, што зьяўляецца на сьвет, ёсьць у высокім сэнсе дзіцём Божым, і кожнаму Бог дае душу, здольную процістаяць злу.
З першымі дзецьмі зьвязаная найвялікшая трагедыя першай чалавечай сям'і – сумны вынік адыходу ад Бога. Першавобразам сьвядомага злачынства і амаль абсалютнага граху і становіцца ў Бібліі Каін.
«І яшчэ нарадзіла брата ягонага, Авеля. І быў Авель пастух авечак, а Каін быў земляроб» (Быцьцё 4:2).
Першыя працы Адама і Евы (1650—52). Алонса Кано (1601 – 1667). Поллак-хаўс, Глазга. Марка пошты Гвінеі, выдадзеная ў 2012 годзе
Навукоўцы – бібліёлягі ў адзін голас сьцьвярджаюць, што прыпавесьць пра Каіна і Авеля – адзін з найцяжэйшых для тлумачэньня тэкст Пісаньня. Бо ўсе падзеі, якія ў ёй адбываюцца, ня маюць мэтавага тлумачэньня. Не даюць адказу на пытаньне: чаму?
У левай частцы карціны Адам «у поце твару» працуе, сын Адама – Каін у цэнтры, апрануты ў ружовае, а Ева – у правай з Авелям на каленях на фоне цудоўнага пэйзажу. Але гэта ня Рай!
«Празь некаторы час Каін прынёс ад пладоў зямлі дар Госпаду; і Авель таксама прынёс ад першародных статку свайго і ад тлушчу іхняга. І прыхінуўся Гасподзь да Авеля і да дару ягонага; а да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся. Каін моцна засмуціўся, і панік твар ягоны» (Быцьцё 4:3—5). Чаму Бог «прыхінуўся» да дару Авеля і «не прыхінуўся да дару Каіна? Можам толькі здагадвацца, што ахвяра аднаго была шчырай, а другога не. Каін павінен быў раскаяцца, але замест гэтага Каіна апанавала зайздрасьць. Бог папярэджвае: «калі робіш добрае, дык ці не падымаеш твару? а калі ня робіш добрага, дык пад дзьвярыма грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім» (Быцьцё 4:7).
Бог судзіць нас толькі за нашы ўчынкі; пакуль ты яшчэ нічога не зрабіў, але цьмяныя і дрэнныя думкі пачынаюць адольваць цябе, ты яшчэ можаш выбраць шлях дабра, ухіліцца ад зла… «Вераю Авель прынёс Богу ахвяру лепшую, ніж Каін; ён атрымаў сьведчаньне, што ён праведны, як засьведчыў Бог пра дары ягоныя; ёю ён і пасьля сьмерці гаворыць яшчэ» (Да Габрэяў 11:4).
На малюнку маркі два ахвярнікі. Бог прыняў ахвяру Авеля, – дым ад яе ўзьнёсься да неба. Ахвяра Каіна не прынята і дым ад яе слаўся па зямлі.
Не забі. Каін і Авель. Франчэска Трэвізані (1656—1746). Марка пошты Нікарагуа з сэрыі «Дзесяць Запаведзяў», выдадзеная ў 1971 годзе.
Але Каін ня можа панаваць над грахом. Наадварот, грэх яго апанаваў. «І сказаў Каін Авелю, брату свайму: хадзем у поле. І калі яны былі ў полі, паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго» (Быцьцё 4:8).
Так, біблейскі тэкст сьцьвярджае, што асновай па сутнасьці ўсіх наўмысных злачынстваў – ад малога да вялікага – зьяўляецца зайздрасьць.
Абмяркоўваючы пытаньне пра Адама, што ён быў створаны адзін, мудрацы Талмуду вынесьлі вэрдыкт: «Чалавек – гэта цэлы сьвет, і той, хто зьнішчае хоць адну душу – зьнішчае цэлы сьвет, а той, хто ратуе хоць бы адну душу, ратуе цэлы сьвет». Найстрашэньнейшая віна Каіна: забіўшы брата, ён забіў усіх ненароджаных яго дзяцей і нашчадкаў, зьнішчыў цэлы сьвет.