Читать онлайн Лявон Карповіч - Маё мястэчка Луна-Воля



© Лявон Карповіч, 2021


ISBN 978-5-0053-5207-1

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Зварот да чытача

Мы жывем адначасова ў двух гарадах

Падваеньне асобы зрывае нам дах

Дык няўжо нам ніколі не склеіць, не сшыць Менск і Мінск —

дзьве паловы сталічнай душы?

Лявон Вольскі

Паважаны магчымы чытач…

Зьвяртаюся да Цябе з просьбай паразуменьня. У гэтай кніжцы я сабраў у адно сваё бачаньне, мары, сны, сваё адчуваньне мястэчка Луна-Волі, таксама ўспаміны, замалёўкі, назіраньні іншых людзей. Не адкідаў у бок знойдзеныя дакумэнты. Але ўсё напісанае і сабранае адносіцца да таго майго, мной успрынятага мястэчка Луна-Волі. Гэта не гістарычны твор. Калі гэтыя запісы трапяць у рукі чытачу ці то з «агрогородка Лунно», ці то (прабачце за нясьціпласьць) з гішпанскай Гернікі дэ Луна, ці яшчэ якога месца з падобнай назвай і ён раптам пазнае ў нейкім пэрсанажы сябе ці свайго знаёмага, ведайце, што Вы чытаеце мае суб’ектыўныя думкі да тога «майго» мястэчка без прэтэнзіі, што гэта адзіная правільная ацэнка падзеі ці асобы… Для кагосьці, магчыма, не існуе мястэчка Луна-Воля, а ёсьць вёска Лунна, ці «агрогородок Лунно», так як піша Лявон Вольскі пра Менск і Мінск. Кожны мае права на сваё бачаньне…

Да ўсяго знойдзенага, хоць трошкі зьвязанага з мястэчкам матэрыялу, я адносіўся вельмі хціва. Мне шкада было нешта не ўключыць. Але гэта прывяло да таго, што я ня змог аб’яднаць мае набыткі ў адно цэлае. Так атрымаліся часткі тэксту, аб’яднаныя ці-то ў часе, ці гістарычнай падзеяй, ці лёсам людзей, ці аддзельнай тэмай, напрыклад, пра Нёман.

Я марыў зрабіць кніжку аб улюбёным мной мястэчку, бо канчаткова перакананы, што людзі павінны ведаць гісторыю свайго роду, сваёй «малой радзімы», дзе нарадзіўся ён ці яго продкі, Гісторыю сваёй Айчыны. Не, я не памыліўся, напісаўшы Гісторыя з вялікай літары, бо Гісторыя сваёй Айчыны для грамадзяніна заўсёды вялікая, нягледзячы на яе сьветлыя і цёмныя старонкі. Кажуць, што ў нашых продкаў існаваў такі звычай, калі юнака пасьвячалі ў мужчыны, то адным зь іспытаў было веданьне гісторыі свайго роду ў сямі пакаленьнях! Ня ведаеш, ня маеш права быць мужчынам! Гэта забясьпечвала, каб чалавек дбаў пра гонар свайго роду і памнажаў яго. Спадзяюся, што з дапамогай гэтых запісаў частка жыхароў мястэчка больш блізка пазнаёміцца з гісторыяй Луна-Волі і больш яго палюбіць.

У зьбіраньні матэрыялаў пра мястэчка мне дапамагалі без перабольшваньня пару дзясяткаў людзей. Усіх пералічыць не магу нават з той прычыны, што кагосьці ня ўспомню і гэта будзе несправядліва. Але не магу не назваць Язэпа Палубятку, які заахвоціў мяне да гэтай працы і першы вычытваў, набіраў на кампутары і друкаваў у газэце «Мастоўскі весьнік» першыя артыкулы; Уладзіміра Хільмановіча, які не даваў памерці надзеі ў вынік, першы вычытаў усё сабранае і дапамог выправіць недахопы, упарадкаваць матэрыялы; Рут Маркус з Тэль-Авіва, якая сваёй патрыятычнай паставай да мястэчка Луна-Волі і велізарнай працай па зьбіраньню і захаваньню памяці аб месцы, дзе жылі яе бацькі, натхняла да працы, а таксама дазволіла выкарыстаць яе матэрыялы ў гэтай кніжцы; ксяндза Люцыяна Радомскага, які падзяліўся сваімі матэрыяламі аб гісторыі мястэчка; маю жонку Валянціну Карповіч, якая напісала свае ўспаміны і дадала ў кнігу; Паўла Мажэйку, які забясьпечыў усё, што зьвязана з першым выданьнем кнігі, бо без яго працы выданьне было б немагчымым.


З павагай,

аўтар сабраных і даданых запісаў Лявон Карповіч з Луны-Волі


Цэнтар Луна. 2020 год. Крыніца: https://yandex.by/collections/card/5e04d6373959b2e14b267eeb/

Прадмова

…І няма ў людзей больш простага

спосабу ўдасканальвацца, як праз

веданьне дзеяў мінулых.

Палібій

«Бацькаўшчына мая, родная маці Беларусь! Ты ё для мяне найдаражэйшым, найцаньнейшым скарбам: пры табе я жыву кожнай думкай сваёй! Бацькаўшчына Беларусь, люблю я цябе, тваё поле і пожні вялікія, што разьвярнуліся ўсім сваім хараством перад вокам чалавека. Люблю цябе, Беларусь, бо я частка цябе. Люблю цябе, бо ты мая: усюды, дзя я цябе бачу, – бачу сябе. Люблю я гутарку тваю найхарашэйшую і найразумнейшую, бо ў ёй я толькі адчуваю, што я праўдзівы сын Беларусі. Люблю цябе, мая мова родная, ты для мяне неацэнны скарб, бо ты ўліта мне ў душу маёй маткай роднай, калі яшчэ быў у калысцы. Ня буду браць прыкладу з другіх сыноў Беларусі, што, паехаўшы ў сьвет, наўмысьля стараюцца забыцца свае роднае мовы і чураюцца перад другімі нацыямі назваць сябе беларусамі… Такі чалавек не дастойны называцца сынам Беларусі, ён здраднік свае Бацькаўшчыны і ўсяго Беларускага народу.

Беларусь, маці мая, зямля маіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, што дзеля цябе жылі, крывёй сваёй і духам сваім цябе баранілі. Беларусь, Бацькаўшчына мая, на цябе я хачу глядзець аж да сьмерці. Ты для мене ёсьць жыцьцём, навукаю, ты вучыш мяне ад калыскі да дамавіны кахаць цябе, цярпець за цябе і дзеля цябе…» – 1921 г. Язэп Шпэт.

Чытаючы словы Язэпа Шпэта, можа падацца, як усё проста. Як проста быць сынам Беларусі: толькі любі Бацькаўшчыну, любі родную мову…

І ў задуменьне прыводзяць другія словы: «Люди, которые говорят на белорусском языке, не могут делать ничего, кроме как разговаривать на белорусском языке, потому что по-белорусски нельзя выразить ничего великого. Белорусский язык—бедный язык. В мире существует только два великих языка: русский и английский». А. Лукашэнка. З выступа на сесіі Гомельскага гарсавета 1 сьнежня 1994 г. «Народная газета» 01.02.1995 г.

Як, адкуль і чаму могуць у людзей узьнікаць такія пачуцьці і думкі аб самым сьвятым? Комплекс гістарычнай непаўнавартасьці, манкуртызацыя, служэньне не свайму народу, а захопнікам, мае гістарычныя прычыны.

Беларусь два стагодзьдзя была паланянкай, якую закавалі ў кайданы і кінулі ў вязьніцу. Ды крый Божа, каб хто яе ўбачыў, каб магла яна варухнуцца і даць аб сабе знаць. Бо баяліся яе і нашай прыгожай, велічнай, мудрай гісторыі. Баяліся і баяцца тыя, хто не хацеў і не хоча, каб падняўся з небыцьця ды годна расправіў плечы адзін з найстаражытнейшых эўрапейскіх народаў—беларусы.

Час сьціскае стагодзьдзя, збліжае падзеі. Час абыякавы. Але вечны чалавек, яго памяць, яго трывогі і надзеі. Гэта чалавек надае часу рух. Нястрыманая і вечная плынь часу зносіць і людзкую радасьць і людзкі смутак. І зьнесла бы ўсё ў нябыт без астатку, калі б не былі такімі глыбокімі і чыстымі крыніцы народнай памяці, што песьняй і казкай, балядай і паданьнямі зьвязалі нас з далёкімі продкамі нашымі і далі магчымасьць дазнацца адкуль ёсьць і пайшла наша Беларусь, што прайшла, чаму сьведкаю была і што перажылі людзі ад тых часоў, як памятаюць сябе… Пакуль ёсьць гэтая памяць—жыве Беларусь!

Вобраз роднай зямлі ў кожнага чалавека свой, адметны, непаўторны. У ім колеры і пахі, гукі і мроі, факты гісторыі і ўласныя перажываньні. І гэты вобраз становіцца пэрлам толькі для таго, хто не парваў сваіх каранёў, чые пачуцьці асьветлены любоўю.

Кожнай жывой істоце неабходна ведаць свой дом. У кожнага з нас ён ёсьць. Разам у ім жывуць нашыя родныя і ўтвараюць сям’ю. Побач у сваіх дамах жывуць суседзі. Усе мы жыхары Беларусі жывём у доме-краіне Рэспубліцы Беларусь. Беларусь мае сваіх суседзяў, тыя – сваіх, і ўсе людзі жывуць у доме – плянэце Зямля.

Каб дом быў добрым, людным, прыгожым, неабходна берагчы яго, клапаціцца аб ім, любіць яго. Каб любіць вялікую Зямлю, неабходна спачатку палюбіць невялікую яе частачку—Радзіму. Так як любоў да чалавецтва, праяўляецца праз любоў да блізкіх, так любоў да Зямлі праяўляецца праз любоў да месца, у якім жывеш.

Як часта можна пачуць выказваньне: «Ад мяне нічога не залежыць. А вёска наша нікому не патрэбная». Гэта дакладна тое, аб чым мараць, над чым працуюць ворагі Беларусі, каб так думала большасьць.

Кажуць, што мы, беларусы, гістарычна малады народ. Каля 1000 гадоў таму назад у нас адбыўся культурны выбух. Практычна адначасова ўзьніклі гарады, пісьменнасьць, дзяржава, распаўсюдзілася хрысьціянства. За вельмі кароткі час нашы продкі вышлі з гістарычнага нябыту і стварылі вялікую магутную цывілізаваную дзяржаву, якая стала культурнай зьявай Эўропы…

Сэрцам эўрапейскай культуры былі гарады. Беларускія гарады карысталіся Магдэбурскім правам, мелі самакіраваньне і вольнае саслоўе, былі цэнтрамі гандлю, рамесьніцтва, адміністрацыі і рэлігіі, станавіліся духоўнымі і культурнымі цэнтрамі народу. Але для гэтага паміж гарадамі і астатнім людам, вясковым, павінна была існаваць надзейная сувязь. У сярэдневяковай Беларусі, гэта значыць у Вялікім Княстве Літоўскім гэтая сувязь ажыцьцяўлялася праз славутыя беларускія мястэчкі. Мястэчка было цэнтрам кіраваньня і парафіі.. Тут былі і царква, і касьцёл, і сынагога. Тут жылі ня толькі сяляне, але і гандляры, мяшчане і рамесьнікі, былі крама, школа, аптэка, шпіталь, пошта, кляштар і палац. У мястэчку існавала галоўная гандлёвая плошча і рынак. Мястэчкі мелі самакіраваньне, магдэбурскія гербы і вольных жыхароў. Мястэчкі разьмяшчаліся на адлегласьці 12—16 км адно ад другога… Жыхар любой вёскі ў любы час мог у разе патрэбы на працягу адной – дзьвюх гадзінаў трапіць у мястэчка. У мястэчку адбываўся культурны абмен паміж горадам і вёскай.

Каб разарваць культурны ланцуг расейскія акупанты ліквідавалі ня толькі гэту важнейшую функцыю мястэчак, але і саму назву, ператварыўшы іх у «дзярэўні» або ў «гэпэ» («городские посёлки»). А ў 1964 годзе быў распрацаваны плян ліквідацыі на Беларусі вясковых паселішчаў, дзе яшчэ захоўвалася беларуская мова і жыла беларуская гістарычная памяць. «Працэс» працягваецца. Цяпер былым мястэчкам надаюць абразьлівую і недарэчную назву «агрогородок».

Ідзе змаганьне і, каб зрабіць асэнсаваны выбар, паспрабуем прыадкрыць пліты памяці роднай зямлі, на якіх пыл многіх вякоў. Прыадчынім, каб ніхто па легкадумнасьці або невуцтву недасьведчанасьці, ня плюнуў на пліту памяці, незнарок зачапіўшыся за яе ў сваім неасэнсаваным мітусьлівым бегу па пакутных дарогах жыцьця. Бо той, хто плюне на памятныя знакі мінулага, здольны плюнуць на ЧАЛАВЕКА, на МАЦІ, на АЙЧЫНУ… Тысячы год жыве памяць людзкая, каб папярэдзіць разумных і неразумных, злых і добрых: асьцярожна, тут жыве наша з вамі ГІСТОРЫЯ.

Мястэчкі, як людзі: у кожнага свой твар, свой характар свой лёс. Гісторыя мястэчка—далёкая і блізкая—вартая засьведчаньня ў дакумэнтах, летапісах, творах. Узрост мястэчка – прадмет гонару для местачкоўцаў.

Кожнае пакаленьне разумее гісторыю па-свойму, бо ў кожнага пакаленьня сваё разуменьне ЧАСУ.

Паспрабуем зазірнуць у тоні ЧАСУ і, калі ўдасца, убачым і «простых» людзей, якія сваімі мазалямі кармілі яснавяльможнае шляхецтва, а на плячах сваіх трымалі дзяржаўны падмурак. І тых, хто жыцьцём і кроўю баранілі родны край, бо ён належаў ім, а яны—яму. І тых, каму выпала стаяць на вяршыні ўлады, каб служыць народу і Айчыне. Не мінем і тых, хто аказаўся падманутым, не мог разабрацца ў хітраспляценьнях варожага лябірынту, і тых, хто ў здрадзе шукаў і шукае асабістую выгаду, прадаўшы ворагу і мінулае і будучыню і душу. І тых, у каго сілком адабралі памяць і зрабілі манкуртамі. Бог усім судзьдзя.

Знайма толькі, калі ёсьць яны-носьбіты і ахоўнікі вечнага Духу Любові да Літвы-Беларусі, верныя рыцары яе «Пагоні» і Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, яму ня згаснуць і шляху нашаму не зарасьці быльнягом забыцьця.