Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве - страница 14




Будаўніцтва Ноева каўчэга (1608). Гвідо Рэні (1575—1642). Дзяржаўны Эрмітаж, Санкт-Пецярбург. Блёк пошты Гранады Карыака і Петыт Марцінікі, выдадзены ў 2003 годзе


Ною Бог сказаў: «Але з табою Я станаўлю запавет Мой, і ўвойдзеш у каўчэг ты і сыны твае, і жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табою. Увядзі таксама ў каўчэг з усіх жывёл, і ад кожнае плоці па пары, каб яны засталіся з табою жывыя; мужчынскага полу і жаночага хай яны будуць. З птушак паводле роду іхняга, і з быдла паводле роду іхняга, і з усіх паўзуноў зямных паводле роду іхняга, з усіх па пары ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывыя» (Быцьцё 6:18—20).


Жывёлы Ноевага каўчэга. Марачны ліст пошты Лібэрыі, выдадзены ў 1998 годзе


«І ўвайшлі да Ноя ў каўчэг па пары ад усякай плоці, у якой ёсьць дух жыцьця… (Быцьцё 7:15).

Патоп абрынуўся на грэшнае чалавецтва нечакана менавіта таму, што яно абсалютна не ўсьведамляла сваю разбэшчанасьць. Лівень не адступаў сорак дзён і сорак начэй. Пад вадой аказаліся самыя высокія горы, а каўчэг плаваў па паверхні вады. Лівень не спыняецца і хутка на зямлі не застанецца ні аднаго астраўка. Людзі ў жаху робяць спробы ўратавацца. Але ўсе спробы людзей выжыць марныя. «Зьнішчылася кожная істота, якая была на паверхні; ад чалавека да быдла, і гадаў і птушак нябесных, усё зьнішчылася зь зямлі: застаўся толькі Ной, і што было зь ім у каўчэгу. А вада мацнела на зямлі сто пяцьдзесят дзён» (Быцьцё 7:23,24). І ў той жа час складваецца адчуваньне, што род чалавечы выжыве і не зьнікне.


Сусветны патоп (1512). Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Сыкстынская Капэла. Картмаксімум пошты Парагваю, выдадзены ў 1975 годзе


Чамусьці аўтар Блоку прысьвяціў яго не крумкачу і не голубу, як апісана ў Бібліі, а Чарнаногай Чайцы Кітывейцы.


Каўчэга на гарэ Арарат. Блёк пошты Лібэрыі, выдадзены ў 1998 годзе


«І спыніўся каўчэг на сёмым месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарацкіх. Вада спакваля ўбывала да дзясятага месяца; у першы дзень дзясятага месяца паказаліся вярхі гор. Праз сорак дзён Ной адчыніў зробленае ім акно ў каўчэгу і выпусьціў крумкача, які, вылецеўшы, адлятаў і прылятаў, пакуль не абсохла зямля ад вады» (Быцьцё 8:4—7).

Потым Ной выпусьціў голуба, але голуб, як і крумкач, вярнуўся на каўчэг. Праз сем дзён Ной зноў выпусьціў голуба. «Голуб вярнуўся да яго вечаровай парою, і вось, сьвежы аліўкавы ліст у дзюбе ў яго: і Ной даведаўся, што вада сышла зь зямлі» (Быцьцё 8:11). Голуба з аліўкавым лістом бачым на марцы Ватыкану.


Ноеў каўчэг, вясёлка і галубок. Мазаіка. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў 1974 годзе


Да каўчэга вяртаецца голуб з аліўкавым лістом.

Яшчэ праз сем дзён Ной ізноў выпусьціў голуба, і цяпер той знайшоў сабе месца для гнязда і не вярнуўся. «І сказаў Бог Ною: выйдзі з каўчэга ты і жонка твая, і сыны твае і жонкі сыноў тваіх з табою; выведзі з сабою ўсе жывёлы, якія з табою, ад усякае плоці, з птушак, і быдла, і ўсіх гадаў, якія поўзаюць па зямлі: хай разыдуцца яны па зямлі, і хай плодзяцца і множацца на зямлі» (Быцьцё 8:15—17).

У 1968 годзе Ізраіль выпусьціў набор з пяці марак, якія сымбалічна ўяўляюць гэтую вялікую катастрофу. Першая марка паказвае нарыхтоўку дрэў, Ноя і каўчэг, які будуецца. На другой – сям'я Ноя і пары жывёл, што ідуць у каўчэг.


Будаўніцтва Ноева каўчэга. Жывёлы ідуць на каўчэг. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1968 годзе


На прывесках марак цытаты з Бібліі. «Зрабі сабе каўчэг з дрэва гофэр…» (Быцьцё 6:14). «І ўвайшлі да Ноя ў каўчэг па пары ад усякай плоці…» (Быцьцё 7:15).