Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве - страница 34




Сон Якава (1963). Фрагмэнт. Марк Шагал. Ніца. Нацыянальны музэй Біблейскага пасланьня Марка Шагала. Пэрсанальная марка, выдадзеная поштай Украіны ў 2018 годзе


У правай частцы палатна, якая не разьмешчана на марцы, Шагал адлюстраваў Серафіма, які трымае Мэнору. За крылатым Серафімам Шагал адлюстроўвае ўкрыжаванага Хрыста, і гэта не выпадкова. У сярэднія стагодзьдзі сон Якава атаясамляўся з узьнясеньнем Хрыста.

Да гэтага сымбалічнага сну зьвяртае ўвагу сваіх вучняў Ісус Хрыстос на пачатку Сваёй грамадзкай дзейнасьці: «… ад сёньня будзеце бачыць неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага» (Паводле Яна 1:51).


Сон Якава. Невядомы мастак (1844—1854). Мячэць рабіна Эмануэля, Венгрыя. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1999 годзе ў сэрыі «Наведваньне патрыярхаў, Суккот».


Існуе многа варыянтаў тлумачэньня загадкавага сну Якава. Мне падабаецца хіба самы просты і зразумелы. Лесьвіца – гэта сымбаль сувязі чалавека з Богам. Бог сыходзіць да кожнага з нас, дзе б ты ня быў і які б ты ня быў, і заклікае да выкананьня тваёй місіі, пракладае дарогу да Сябе і дапаможа па ёй падняцца, калі ты прыкладзеш да гэтага намаганьні.

«Якаў прачнуўся са сну свайго і сказаў: сапраўды Гасподзь прысутны на месцы гэтым; а я ня ведаў. І спалохаўся я і сказаў: якое страшнае месца гэтае! гэта ня што іншае, як дом Божы, гэта – брама нябесная. І ўстаў Якаў з самае раніцы, і ўзяў камень, які ён паклаў сабе пад галаву, і паставіў яго як помнік, і выліў алей на верх яго. І даў імя месцу таму: Бэт-Эль: а ранейшае імя таго горада было: Луз» (Быцьцё 28:16—19).


Шабат. Нэльсан Рамэра (1951 – 2012). Марка пошты Уругваю, выдадзеная ў 1998 годзе


Дзіўны вокліч Якава: «сапраўды Гасподзь прысутны на месцы гэтым; а я ня ведаў». Як і ў выпадку з Агар. Мы не распазнаем блізкасьць Госпада да кожнага з нас, самі выдаляемся ад яго сваім неадчуваньнем Яго любові і зноў набліжаемся да яго, абнятыя Яго клопатам і ласкай.

Якаў на службе ў Лавана

Ратуючыся ад гневу брата-блізьнюка, Якаў адпраўляецца ў Харран (у Мэсапатаміі) да свайго дзядзькі Лавана, дзе сустракае Рахіль. «Калі Якаў убачыў Рахіль, дачку Лавана, брата маці сваёй, дык падышоў Якаў, адваліў камень ад вусьця калодзежа і напаіў авечкі Лавана, брата маці сваёй» (Быцьцё 29:10).

У многіх краінах, у тым ліку ў Ізраілі, можна замовіць асабістыя паштовыя маркі. Гэта прыклад такой пэрсанальнай маркі на заказ з малюнкам з Бібліі Піліпа Медхерста.


Якаў сустракае Рахіль (1920). Гаральд Копінг (1863—1932). Пэрсанальная марка, выдадзеная ў 2009 годзе поштай Ізраілю


Якаў палюбіў малодшую дачку Лавана прыгажуню Рахіль і, каб атрымаць яе ў жонкі, працаваў на Лавана 7 гадоў. Але Лаван падманам даў яму ў жонкі Лію, старэйшую дачку, якая Якаву не падабалася. Падмен нявесты магчымы дзякуючы звычаю ўводзіць маладых у шлюбны пакой пад покрывам. Каб ажаніцца на Рахіль, Якаў згадзіўся працаваць на Лавана яшчэ 7 гадоў, але палічыў справядлівым перахітрыць Лавана. Ён папрасіў у пасаг для сваіх жонак авечак і коз з плямкамі і пярэсьцінамі. Большасьць жывёл было белых, і Лаван з радасьцю пагадзіўся.

«І ўзяў Якаў сьвежых дубцоў таполевых, міндальных і яваравых, і выразаў на іх белыя палосы, акарыўшы да белага, якое на дубцах; і паклаў дубцы з нарэзкаю перад быдлам у вадапойных кадаўбах, зь якіх быдла прыходзіла паіцца, зачынала перад дубцамі. І зачынала быдла перад дубцамі, і нараджалася быдла пярэстае, і з плямкамі, і зь пярэсьцінамі» (Быцьцё 30:37—39).