Дахавік Казік - страница 2




4. ГЕРОЯМІ НЕ НАРАДЖАЮЦЦА

Казік прачнуўся ад пілікання тэлефончыка. Не расплюшчваючы вачэй, ён намацаў мабілку.

– Казік слухае.

– Спіце, пан пажарнік? – у слухаўцы зарагаталі, – Юзік ля апарата. Давай хутчэй падымайся, мы з пані Карынай цябе абчакаліся.

Казік падхапіўся і пачаў мітусліва гойсаць па гарышчы, збіраючы адзенне і запіхваючы ў рот печыва

Праз паўгадзіны сябры ўжо былі каля гарадской ратушы. Казік і Юзік зайшлі ў будынак, а Карына засталася на вуліцы, матывуючы нежаданне ісці разам з сябрамі тым, што яна, маўляў, сёння кепска выглядае.

Дахавікі блукалі па магістраце, можа, з гадзіну, пакуль, нарэшце, не натрапілі на дзверы з шыльдай «ГАЛОЎНЫ ПЕРАПІСЧЫК».

Юзік прыадчыніў дзверы, і яны зайшлі ў кабінет.

За вялікім бліскучым сталом, на якім стаяла мноства розных прычындалаў, сядзеў маленькі вусаты чалавек.

– Добры дзень, сказаў Казік.

– Дзень добры, – адказаў вусач. Ён падняўся з-за стала і, падышоўшы да дахавікоў, працягнуў руку: – Галоўны перапісчык.

Казік паціснуў яму руку і адрэкамендаваўся:

– Казімір.

– Юзік таксама павітаўся і сказаў:

– А я Юзік.

– Начуты, начуты, як жа, – прабасіў Галоўны перапісчык, – Ну што ж, панове, зоймемся інструктажам…

Нараніцу сябры прыступілі да перапісу. Ранак быў пахмурны, імжэў дожджык. Першым на іх шляху быў дом нумар 13 па вуліцы Кароткабродскай. Дахавікі з варонай падыйшлі да пад’езда. За імі да дома наблізіўся бамбіза ў цёмных акулярах. Галава ў бамбізы была лысая і круглая, як більярдны шар, а твар з трохдзённай поўсцю расплываўся ў інтэлігентнай усмешцы.

Казік націснуў пімпачку дамафона.

– Хто там? – данеслася пытанне.

Дахавік прыўзняўся на дыбачках і крыкнуў у мікрафон:

– Гэта мы! Перапісчыкі!

«Пілім-пілім», – раздаўся гук, і дзверы адчыніліся.

Перапісчыкі падняліся на другі паверх і пазванілі ў дзверы кватэры. Ім адчыніла гаспадыня – мажная пані ў фартуху.

– Заходзьце, калі ласка, – амаль дзявочым голасам прапанавала гаспадыня.

Перапісчыкі зайшлі ў вітальню. І тут раптоўна… Раптоўна прагучаў хрыпаты голас:

– Усім заставацца на месцы! Гэта рабаўніцтва!

Хрыпаты голас належыў лысаму бамбізу, у руках ён трымаў вялізны пісталет.

– Я сказаў, рабаўніцтва! – нядобра паўтарыў лысы.

Пачуўшы гэта, гаспадыня і Юзік сінхронна згубілі прытомнасць. Плюх! – грукнуўся на падлогу Юзік. Ба-бах! – а гэта гаспадыня.

Казік нечакана для сябе ўпіўся зубамі ў руку лысаму рабаўніку. Сківіцы сціснуліся, быццам у бультэр'ера, і толькі пасля гэтага Казік услед за Юзікам і гаспадыняй страціў прытомнасць. Рабаўнік, які не чакаў такога развіцьця падзей, упусціў пісталет і заскуголіў ад болю:

– А-а-ааа!!!!

Але Казікавы зубы ўчапіліся моцна.

Тут Карына імгненна прадубліравала Казікаў укус кантрольным дзяўбком у лоб лысага. Бамбіза узвыў ад болевага шоку і, знепрытоміўшы, таксама грукнуўся на падлогу. Справа была скончана.

Калі паліцыя, выкліканая суседзямі, увалілася ў кватэру, на падлозе ляжалі чатыры непрытомныя целы, і толькі варона Карына пераможна махала крыламі, выгукваючы пры гэтым:

– Кар-р! Кар-р-р!!!

Інспектар паліцыі зірнуў на нерухомага бандыта і радасна сказаў:

– Знаёмы твар!

Як выявілася, гэта быў жулік па мянушцы Глобус, аб’яўлены Інтэрполам у міжнародны вышук. Глобус займаўся рабункам цацак і дзіцячых кніжак. Доўгі шлейф злачынстваў цягнуўся за ім па цэлай Еўропе. Сотні дзяўчынак і хлапчукоў засталіся праз бандыта без улюбёных цацак. Нават пісталет у Глобуса быў вадзяным. Ён яго адабраў у беднага іспанскага хлопчыка. І толькі дзякуючы Казіку і Юзіку з Карынай удалося пакласці канец Глобусавым злачынствам.